Мастацкі фонд Элізабет (Elizabeth Foundation for the Arts) у Нью-Ёрку арганізаваў прэм’еру дакументальнага фільма расійскай тэлежурналісткі Кацярыны Кібальчыч «Беларуская мара», паведамляе РІА Новости.

Стужка прысвечана выбарам прэзідэнта 2010 года і падзеям, што адбыліся потым, — выступленням апазіцыі, уключаючы народжаныя ў сацыяльных сетках акцыі маўклівых апладысментаў, і сілавым разгонам пратэстуючых.

Палітычная атмасфера ў Беларусі паказана ў праламленні жыцця канкрэтнага чалавека, а ў рэальнасці — цэлага маладога пакалення, што вырасла пры праўленні Аляксандра Лакашэнкі, які кіруе краінай 18 гадоў.

Да гэтага пакалення адносіцца і сама мінчанка Каця Кібальчыч, рэпарцёр Першага расійскага канала і лаўрэат нацыянальнай прэміі ТЭФІ за асвятленне беларускай выбарчай кампаніі на Першым канале. Магчыма, таму і фільм атрымаўся вельмі асобасным, эмацыянальным, трагічным і ўсё-такі светлым, зазначае расійскае інфармагенцтва.

Над фільмам працавалі аператары Аляксандр Баразенка, Таццяна Гаўрыльчык і Аляксандр Пацееў, рэпер Вінсент і «голас» Дзяніс Тарасенка.

Пасланцом Беларусі на паказе стужкі ў Нью-Ёрку выступіў удзельнік усіх пратэстных акцый апошніх гадоў прадпрымальнік Алег Рахоўскі. Як і абагульнены герой фільма, ён атрымліваў асалоду ад абнадзейваючай кампаніі беларускай выбарчай восені.

Разам з тысячамі грамадзян у ноч выбараў ён быў на плошчы Незалежнасці ў снежні 2010 года і за хвіліны да сілавога разгону шчыра верыў, што дэмакратыя перамагла. Ён прайшоў праз арышты і нары, яго бізнес правяраюць няспынна, жонка страціла працу, сына, які дапамагаў разносіць улёткі, «папрасілі» з прэстыжнай дзяржаўнай гімназіі. Такім быў расповед Рахоўскага ў Нью-Ёрку.

«Пакуль я знаходжуся ў Амерыцы, дома ў Мінску ўжо атрымаў чатыры позвы ў КДБ. Мы не хочам насілля, проста выходзім на вуліцу — тупаем і пляскаем у далоні, і верым, што надыдзе час, калі прыхільнікаў пераўтварэнняў больш не будуць выштурхоўваць з нашай краіны», — сказаў Рахоўскі.

Прэм’ера стужкі была прымеркавана да выставы сучаснага альтэрнатыўнага беларускага мастацтва «Гук цішыні: мастацтва супраць дыктатуры». У галерэі фонду Элізабет выстаўлены работы Сяргея Шабохіна, Алеся Пушкіна, арт-груп «Ліпавы колер», Antibrainwash і FAU і іншых мастакоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?