95,7% прыватных трымальнікаў аблігацый Грэцыі пагадзіліся ўдзельнічаць у рэструктурызацыі дзяржаўнага доўгу краіны. Урад заяўляе, што гэта адвяло ад краіны пагрозу некантралюемага дэфолту.

Калі б ва ўгодзе па абмене аблігацый прынялі ўдзел менш за 75% інвестараў, Грэцыю чакаў бы дэфолт, а страты еўразоны склалі б не менш за 1 трыльён еўра.

Аб’ём аблігацый Грэцыі ў прыватных інвестараў складае 206 мільярдаў еўра, з якіх 86% былі выпушчаны па грэчаскім праве. Астатнія 14% былі эмітаваныя па брытанскім праве. Умовы гэтых абавязкаў нельга змяніць у парламенце Грэцыі, і дамову пра абмен трэба складаць па кожнай асобнай паперы. Сярод трымальнікаў гэтых аблігацый шмат хедж-фондаў.

Абмен грэчаскіх дзяржаблігацый, якія належаць прыватным інвестарам, — гэта абавязковая ўмова другой праграмы фінансавай дапамогі Грэцыі ў 130 мільярдаў еўра з боку Міжнароднага валютнага фонду і ЕС.

Аднак уплывовае рэйтынгавае агенцтва Moody’s лічыць гэтую сітуацыю дэфолтам Грэцыі па яе даўгавых абавязках.
«Паводле ацэнкі Moody’s, такі абмен (грэчаскіх аблігацый)… уяўляе сабою дэфолт па даўгавых абавязках», — гаворыцца ў заяве агенцтва. Пры гэтым у матэрыялах агенцтва адзначаецца, што заява пра дэфолт не паўплывае на крэдытны рэйтынг Грэцыі, які застанецца на ўзроўні «С».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0