Палітолаг Андрэй Суздальцаў сустракае гасцей у кабінеце намесніка дэкана Вышэйшай школы эканомікі.
Дабрацца да яго нялёгка — трэба аформіць пропуск у адным будынку, пасля праверкі дакументаў трапіць у іншы і, прайшоўшы ахову, адшукаць у бясконцых калідорах патрэбны кабінет. З «Нашай Нівай» Суздальцаў знаёмы:
«Гэта на вашым сайце мяне ў каментарах шпіёнам называюць!» «Але які я шпіён?» — рытарычна пытаецца ён.
За час размовы пра перспектывы беларуска-расійскіх адносінаў Суздальцаў паспявае расказаць і пра сваіх беларускамоўных дзяцей, і пра ўзровень адукацыі ў нашай краіне, і, у рэшце рэшт, пра сумны лёс Беларусі.

Чаму праграма Каліноўскага не запрацавала ў Маскве

«Наша Ніва»: Вышэйшая школа эканомікі, у якой вы працуеце — гэта сур’ёзная ўстанова?

Андрэй Суздальцаў: У нас другі рэйтынг у краіне, мы стаім на адным узроўні з Гарвардам, Стэнфардам. Адукацыя дазваляе працаваць у любым пункце Зямлі. Студэнтам даюцца дзве свабодныя замежныя мовы і гіганцкі аб’ём эканомікі. Палова лекцый чытаецца па-англійску. Але для таго універсітэт і ствараўся, каб гадаваць эліту, якая б не з’язджала з краіны, а вучылася тут.

Усё вельмі сур’ёзна, я прыходжу на працу а 8-й раніцы і сыходжу аб 11-й вечара. У дэканаце ёсць і пакоі для адпачынку, і кухня, і душ. Іначай ніяк пры такіх аб’ёмах працы.

«НН»: А беларусаў навучаецца шмат?

АС: На жаль, у Беларусі вельмі нізкі ўзровень адукацыі. Напрыклад, з чацвёртага курса Акадэміі кіравання ў Мінску да нас перайшоў хлопчык, ён быў круглы выдатнік. Ён пайшоў вучыцца на курс раней, але ўсё адно ледзь скончыў універсітэт. Зрэшты, і спрабуюць паступаць мала хто, бо вельмі цяжка ісці сюды пасля сярэдняй школы, нават мінскай.

Дарэчы,

мы хацелі працягнуць праграму Каліноўскага ў Маскве. Я рыхтаваў адпаведны ліст на імя прэзідэнта Расіі, але пасля зразумеў, што ўзнікнуць праблемы. Студэнтаў-каліноўцаў адпраўляюць у Польшчу ў вельмі слабыя ВНУ. Яны там недзе бадзяюцца і ўрэшце атрымліваюць дыплом.
Але мы так не маглі зрабіць. Таму што калі б Расія дала дрэнную адукацыю, то беларусы задзяўблі б. Накіроўваць у МГУ ці да нас — яны б не пацягнулі.

«НН»: У Пінску спрабавалі стварыць універсітэт з частковым выкладаннем па-англійску

АС: Нават у Маскве такое цяжка стварыць, а дзе ж у Пінску кадры ўзяць? Гэта самае галоўнае пытанне.

Адукацыя ў Беларусі яшчэ ў савецкія часы была прыстойная толькі ў дзвюх галінах, гэта політэхнічная і лінгвістычная. Беларусы дзвюхмоўныя, таму ім іншыя мовы лёгка даваліся.
Усё гуманітарнае было кандовае, а стала яшчэ горш. Гэта не ўніверсітэты, а каледжы. Нібыта адукацыя спынілася ў 1980-ых гадах.

Лукашэнка — перашкода ўсяму

«НН»: Цяпер пра палітыку. Падчас кіравання Мядзведзева Беларусь упершыню пачала будаваць хоць нейкія адносіны з Еўрасаюзам. Ці не атрымаецца, што з вяртаннем Пуціна Расія будзе больш жорстка ўказваць Беларусі, з кім сябраваць, а з кім не?

АС: Фармальна, з прыходам новага прэзідэнта нічога не змяняецца, але адна з задач, пастаўленых у праграме Пуціна — ажыўленне Адзінай эканамічнай прасторы, пад якую Беларусь атрымала гіганцкія датацыі. Пуцін будзе настойваць, каб падпісаныя пагадненні выконваліся.

Лукашэнка, можа, і хацеў бы іх выконваць, але не можа! Сістэма, створаная ім, у прынцыпе нерэфармавальная. Гэта канструкцыя, пабудаваная па прынцыпе даміно. Адна костка ўпала — пасыпаліся ўсе, і Лукашэнка гэта адчувае.

Але нават калі б ён захацеў паспрабаваць ажыццявіць рэформы, яму гэтага не дадуць зрабіць.

«НН»: Хто?

АС: Ёсць людзі, якія зацікаўленыя ў рэжыме Лукашэнкі, і яны вельмі моцныя. Гэта і алігархі, і мясцовы бізнэс, і наменклатура, і дырэктары прадпрыемстваў. Гэты слой расце — у Беларусі 10 тысяч даляравых мільянераў! Іх задавальняе існуючы лад, які дазваляе ім зарабляць.

А для Пуціна АЭП — гэта прынцыповае пытанне. Не можа так быць, што два ўдзельнікі — Расія і Казахстан — працуюць на супольны кацёл, а трэцяя краіна толькі карыстаецца здабыткамі. Канфлікт запраграмаваны.

«НН»: Канфлікт эканамічны ці палітычны?

АС: Эканамічны, але для Беларусі ўсё гэта мае ролю палітычную, таму што эканоміка несамадастатковая. Без датацыяў яна існаваць не зможа. Але самае сумнае, што, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, эканоміка неяк жыла, хоць і было вельмі цяжка.

Цяпер беларуская эканамічная мадэль базіруецца на чатырох асновах — доступ да танных энерганосьбітаў, адкрыты расійскі рынак, закрыты беларускі рынак і дзяржаўныя манаполіі. Выбіваеш адзін з гэтых пунктаў, і ўся сістэма складваецца, як картачны домік. Гэта тупік.

Ёсць і яшчэ адзін парадокс.

Беларусь не гатовая да інтэграцыі, але без яе пражыць не зможа. Атрымае газ па $400 — і загнецца на працягу некалькіх тыдняў. Прычым і рэфармаванню эканомікі, і інтэграцыі перашкаджае менавіта Лукашэнка.

Хто наступны пасля Лукашэнкі?

«НН»: Ці засталіся ў беларускай уладзе людзі, здольныя замяніць яго?

АС: Нікога. Разумны чалавек, з рынкавымі поглядамі — ён пойдзе працаваць у такі рэжым?

«НН»: Напрыклад, віцэ-прэм’ер Сяргей Румас. Выглядае ліберальна настроеным…

АС: Румас нядаўна напісаў ліст у Еўразійскую эканамічную камісію за патрабаваннем, каб яна падтрымала Беларусь у адносінах санкцый. Ён не разумее, што гэта не палітычны, а эканамічны орган.

Спадзявацца, што нейкія рыначнікі нешта зробяць — бессэнсоўна. Яны адукаваныя, але яны пайшлі ў каманду Лукашэнкі, таму будуць гуляць па ягоных правілах.
Румас шмат што разумее, губернатар Віцебшчыны Косінец… Гродзенскі Шапіра таксама ўсё разумее, але ўзгадайце, як з АМАПам разганяў на мяжы «чаўнакоў».

«НН»: А з прадстаўнікоў апазіцыі?

АС: У Маскве перыядычна сядзяць людзі, якія кажуць: у нас ёсць харошая праграма, мы хочам замяніць Лукашэнку, дайце грошы. Толькі не яму, а нам. Але, па-першае, Расія дае грошы не Лукашэнку, а беларускай дзяржаве. Мы зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь існавала. Калі б Расія хацела інкарпараваць Беларусь, яна зрабіла б гэта яшчэ ў 1990-ыя. Але нам не трэба мяжа з НАТО, гэта пытанне бяспекі.

Па-другое, ні празаходнія, ні прарасійскія сілы Расію не цікавяць. Патрэбныя сілы, якія выказваюць інтарэсы беларускага народа.

І гэта Лукашэнка — твар беларускага народа, ён хітры, заўсёды выкруціцца, думае: я разумны, а вы, маскалі, тупыя. І я такіх лукашэнак сустракаў дзясяткі. Пры гэтым я ваш народ вельмі люблю, у мяне жонка беларуска, дзеці — беларусы, прычым беларускамоўныя.

«НН»: Калі казаць пра фактар форс-мажору? Ніхто ж не жыве вечна.

АС: Гэта вельмі сур’ёзнае пытанне для любога аўтарытарнага рэжыму.

Будзе вар’яцкая схватка за ўладу. Пасля — другі аўтарытарны дзеяч, бо Беларусь вельмі далёкая ад дэмакратыі. Але новы рэжым будзе слабейшым.

Расія гатовая заплаціць за ўвядзенне рубля

«НН»: Садружнасць незалежных дзяржаў, Саюзная дзяржава — ці ёсць перспектывы ў існаванні гэтых арганізацый са з’яўленнем Адзінай эканамічнай прасторы?

АС: СНД — універсальная арганізацыя, якая прадстаўляе рэгіён. У яе рамках заключана мноства дакументаў, якія, напрыклад, рэгулююць бязвізавы рэжым, транзіт і іншыя пытанні. А вось Саюзная дзяржава — гэта вялікая праблема. Гэта палітычная інтэграцыя, бо эканамічны складнік сышоў у Мытны саюз. Далей існаваць без канстытуцыйнага акта яна не можа, але ён ніколі не будзе падпісаны, пакуль ёсць Лукашэнка. Таму Саюзная дзяржава — проста дадатковая пляцоўка, дзе можна папрасіць грошы ў Масквы.

«НН»: А што наконт расійскага рубля?

АС: Лукашэнка можа пайсці на ўвядзенне расійскага рубля толькі ўзамен на тое, што Расія цалкам возьме Беларусь на ўтрыманне. Гэта мара Лукашэнкі — за эканоміку адказвае Расія, а за палітыку — ён. І ён працягвае гэтую форму прасоўваць.

І для Расіі стварэнне рэгіянальнай валюты гэта выгадна, і мы можам пайсці на сур’ёзныя выдаткі. Але трэба разумець, што валютны саюз мусіць ісці апошнім, перад гэтым павінны быць створаныя эканамічны саюз, агульны рынак, забяспечанае свабоднае перасоўванне тавару, капіталу і працы. Але калі ўсё гэта зрабіць, то Беларусь будзе ўжо зусім іншая.

Зрэшты, Расія можа нічога і не рабіць, і тады Беларусь чакае лёс паўночнай Малдовы. І гэта таксама рэалістычны варыянт.

Праз трохкратную розніцу ў заробках будзе высмоктвацца працоўная сіла. Беларусы самі пачнуць з’язджаць у Расію. А Беларусь застанецца краінай удоў і дзяцей.

* * *

Андрэй Суздальцаў

Нарадзіўся ў 1960 ва Уладзівастоку. Скончыў мясцовы гістфак, а ў пачатку 1990-ых пераехаў у Беларусь. У 2006 годзе быў высланы з краіны, бо «ставіў пад пагрозу нацыянальную бяспеку Рэспублікі Беларусь». З таго часу жыве і працуе ў Маскве, вядзе сайт PolitOboz.com.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?