Гэты малабюджэтны парадыйны фільм не ўдзельнічае ў асноўным конкурсе Берлінале, яго дэманстравалі ў рамках альтэрнатыўнай праграмы «Панарама». Аднак стужка пра нацыстаў, якія пасля заканчэння Другой сусветнай вайны збеглі на Месяц і там пачалі планаваць новае нашэсце на Зямлю, атрымала не менш і нават больш увагі, чым некаторыя фільмы больш знакамітых рэжысёраў.

Летась галоўны прыз Берлінскага кінафестывалю, «Залаты мядзведзь», дастаўся іранскай драме «Развод Надэра і Сімін».

На Берлінале гэтага года ў ліку іншых быў прадстаўлены рэжысёрскі дэбют знакамітай галівудскай актрысы Анжаліны Джалі «У краі крыві і мёду» пра вайну ў Босніі.

У фестывальных кулуарах пагаворваюць, што Джалі і яе партнёр Брэд Піт таксама былі ў ліку зорак, якія наведалі прагляд «Жалезнага неба».

Дзеянне навукова-фантастычнай камедыі адбываецца ў 2018 годзе, калі нацысцкі салдат выпадкова сутыкаецца з амерыканскім астранаўтам.

Абсурднасць таго, што адбываецца, дапаўняецца тым, што амерыканскі прэзідэнт у стужцы вельмі нагадвае былога губернатара Аляскі Сару Пэйлін, а амерыканскі крэйсер носіць назву «Джордж Дабл-Ю Буш».

Аўтары стужкі выкарысталі вядомую тэорыю пра тое, што падчас Другой сусветнай нацысты нібыта паспяхова развівалі праграму стварэння лётных талерак.

«Дурны жарт»

Некаторыя замежныя рэпарцёры зрабілі выснову, што поспех гэтай стужкі ў Берліне сведчыць, што жыхары Германіі нарэшце навучыліся смяяцца са свайго нацысцкага мінулага.

Але мясцовыя журналісты пішуць вельмі асцярожна.

«Хоць я чула, што гледачы штомоцы смяяліся, на маім праглядзе такога не было, — расказала Керстын Сопке з агенцтва Associated Press. — У нас гэта ўсё яшчэ вельмі далікатнае пытанне, і трэба да гэтага падыходзіць вельмі асцярожна. Я спачатку была трохі насцярожаная, але мне здалося, што гэта добрая камедыя».

Зрэшты, рэжысёр «Жалезнага неба» Ціма Вуарэнсола, папярэдняя праца якога была пародыяй на «Зорную дарогу» (Star Trek) і называлася «Зорная знямога» (Star Wreck), настроены ў дачыненні да фільма даволі крытычна і называе яго «дурным жартам».

Вялікая частка сродкаў, выдаткаваных на стужку (каля 7 млн еўра), была сабраная ў інтэрнэце прыхільнікамі творчасці Вуарэнсолы.
Цяпер аўтары стужкі збіраюцца запусціць серыю коміксаў паводле матываў «Жалезнага неба», а таксама выпускаць сувенірную прадукцыю.

Рэакцыя прэсы на фільм пра касмічных нацыстаў таксама была вельмі рознай.

Новы «Змяіны палёт»?

Аглядальнік брытанскай газеты Independent пахваліў стужку як «жудасны аповед у самых прыемных і буйных яго праявах».

Зрэшты, Guardian апісвае «Жалезнае неба» як «гіганцкі правал», які «і блізка не адпавядае па камічнасці і злосці сваёй забойнай задуме».

Папулярны лонданскі часопіс Time Out згаджаецца з такой крытычнай ацэнкай і называе фільм «сырой эксцэнтрычнай авантурай, якой зусім не хапае ні розуму, ні абаяння, ні эмоцый».

Зрэшты, няма сумневаў, што ажыятажу вакол фільма ў немалой ступені спрыяла кампанія ў інтэрнэце. Такім чынам, яго лёс падобны да лёсу яшчэ аднаго аляпаватага малабюджэтнага фільма — «Змяіны палёт», што выйшаў у 2006 годзе.

Берлінскі фестываль працягнецца да 19 лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?