Аўтамабільная выстава «Мотаршоу» адбудзецца 20–25 верасня на тэрыторыі футбольнага манежа ў Мінску.
Будзе прадстаўлена больш за 150 аўтамабіляў, сярод якіх больш за два дзясяткі абсалютных навінак, паведаміў 7 верасня на прэс-канферэнцыі Дзмітрый Ярота — дырэктар ТАА «Рэмарк», якое традыцыйна выступіла арганізатарам выставы.

Як адзначыў Ярота, «Мотаршоу» ў сілу розных прычын не праводзілася два з паловай гады; упершыню выстава адбудзецца восенню.

«Выстава „Мотаршоу“ заўсёды з’яўлялася паказальнай для працэсаў, якія адбываюцца ў аўтабізнесе Беларусі. Праз два з паловай гады настаў час ацаніць расстаноўку сіл, новыя мадэлі і іх кошт», — сказаў дырэктар «Рэмарка».

Ён выказаў надзею, што

«да часу правядзення „Мотаршоу“ прыйдзе нейкае разуменне сітуацыі на валютным рынку
і дылеры змогуць растлумачыць патэнцыяльным пакупнікам новыя ўмовы набыцця аўтамабіляў».

Паводле слоў Яроты, адметнай рысай цяперашняй выставы стала разуменне дылерамі неабходнасці паказу максімальна поўнага мадэльнага рада аўтамабільных брэндаў. У сувязі з гэтым рэзка ўзрасла сярэдняя плошча стэнда кожнага з удзельнікаў.

Як лічаць арганізатары,

самым сенсацыйным стане стэнд прагрэсіўнага расійскага «Ё-мабіля», да стварэння якога прыклаў руку беларускі дызайнер Уладзімір Цэслер.

Старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) Сяргей Міхневіч адзначыў, што адна з ідэй «Мотаршоу» — папулярызацыя новых аўтамабіляў, прычым не толькі дарагіх, але і бюджэтных. Паводле яго слоў, сёння ў беларусаў ёсць магчымасць купіць новую машыну за 8–18 тыс. долараў.

Як паведаміў Ярота, папярэдні продаж білетаў на «Мотаршоу» пачаўся 7 верасня праз пункты продажу латарэйных білетаў «Спорт-пары». Папярэдне іх можна купіць са скідкай за 30 тыс. рублёў. Выстава будзе працаваць з 10.00 да 21.00. Першы дзень выставы, 20 верасня, традыцыйна адводзіцца выключна для VIP-гасцей, і на гэты дзень білеты пакуль не прадаюцца. Паводле ацэнак арганізатараў, у дні правядзення выставы кошт звычайнага білета складзе да 50 тыс. рублёў, білета на VIP-дзень — 90–100 тыс. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?