Кінатэатры Грузіі рыхтуюцца да сусветнай прэм’еры. Фільм галівудскага рэжысёра Рэні Харліна «Пяць дзён у жніўні», які адлюстроўвае падзеі расійска-грузінскай вайны 2008 года, будзе адначасова дэманстравацца ў некалькіх кінатэатрах Грузіі.

Галоўныя прэм’ерныя мерапрыемствы адбудуцца сёння ў кінатэатры «Руставэлі», паведамляе «Грузія Online». У прыватнасці, у фае будзе зладжаная выстава фатаграфій, зробленых падчас жнівеньскіх падзей 2008 года.

У галівудскім фільме «Пяць дзён у жніўні», які быў паказаны на Канскім кінафестывалі, задзейнічаныя вядомыя ў свеце акторы. Так, ролю прэзідэнта Грузіі выконвае зорка Галівуда Эндзі Гарсія.

Гэты фільм не з’яўляецца ні антырускім, ні антыгрузінскім, ні антыамерыканскім. Ён антываенны, сцвярджае яго рэжысёр Рэні Харлін, які раней зняў такія карціны, як «Моцны арэшак-2» і «Скалалаз».

Вайна паказваецца так, як яе бачаць амерыканскі журналіст, яго аператар і грузінскія жыхары. У той жа час варта адзначыць, што ўлады Грузіі аказалі немалую падтрымку гэтаму праекту. Яны далі ваенную экіпіроўку, амуніцыю і нават тэхніку, уключаючы танкі і верталёты. А прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі нават дазволіў выкарыстоўваць для здымак сваю рэзідэнцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?