За мінулы год у краіне выдадзена 1322 патэнты на вынаходніцтвы. Пра гэта «НН» паведамілі ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці.

 А вынаходнікі з Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта распрацавалі робата-ахоўніка, які можа «рабіць маніторынг памяшканняў і спыняць несанкцыянаванае пранікненне», фота БелТА

А вынаходнікі з Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта распрацавалі робата-ахоўніка, які можа «рабіць маніторынг памяшканняў і спыняць несанкцыянаванае пранікненне», фота БелТА

Большасць вынаходніцтваў, прапанаваных рацыяналізатарамі і навукоўцамі, — вузкапрофільныя.

Неспецыяліст і не скеміць адразу, навошта, напрыклад, можа спатрэбіцца «прылада для ачысткі плазмы дугавога выпаральніка ад незараджаных макрачасціц» альбо «спосаб мадэлявання траўматычнага неўрыту ніжнеальвеалярнага нерва ў труса ў эксперыменце».

Але сярод патэнтаў трапляюцца і, што называецца, агульнаўжывальныя. «НН» робіць міні-экскурсію па самых запамінальных айчынных вынаходніцтвах за 2010 год.

Фітнэс-ровар

«Навошта вынаходзіць ровар?» — з такім пытаннем, відаць, у дзяцінстве часцяком звярталіся да Аляксандра Сінілы. Насуперак меркаванням скептыкаў ён стварыў свой ровар, які называе «акадэмічным».

Аўтар шчыра прызнаецца, што яму вядомыя аналагі яго вынаходніцтва. Але існуе прынцыповае адрозненне: рухомае сядло, што соваецца ўздоўж рамы. Гэта дазваляе напружваць не толькі мышцы ног, але рукі, спіну і нават брушны прэс. Вынаходнік падрабязна апісвае чатыры фазы, у якіх напераменку выкарыстоўваецца кожная частка цела. Застаецца толькі адно пытанне: ці не ператворыцца «рух сядла наперад з паскарэннем» падчас рэзкага тармажэння ў бескантрольны палёт паперадзе двухколавага сябра?

Як схаваць хвоі ад лася

Інстытут лесу НАН выступіў з рацыяналізатарскай праграмай «Антылось». Рэч у тым, што ласі надта любяць аб’ядаць маладыя хвойкі. Таму леснікі высаджваюць каля дрэваў натуральную перашкоду — калючыя кусты, аднак тыя не маюць вялікай гаспадарчай каштоўнасці.

Калектыў навукоўцаў прапануе вакол хвояў саджаць яліны. Але не абы-якія! Па-першае, яны мусяць быць на тры гады старэйшыя за хвоі. Другая парада тычыцца правілаў пасадкі: яліны трэба высаджваць двума шэрагамі па ўсім перыметры сасонніку з крокам 0,7 м.

Кунавінскія трэніроўкі

Патэнт можна атрымаць, нават калі вынайдзеш новае фізічнае практыкаванне. Як Віктар Кунавін, які прафесійна займаецца іх распрацоўкай. Праўда, каб выканаць такое, трэба папацець. Вось, напрыклад, практыкаванне, што паляпшае рухомасць тазасцегнавых суставаў. Прыміце зыходнае палажэнне: сядзьце на падлогу паміж падагнутымі ў каленях нагамі, прычым цела, шыя і галава павінны скласці вертыкальную лінію, а рукі ляжаць на сцёгнах. Пасля трэба зрабіць удых, сагнуцца наперад і, абхапіўшы галёнкі, апусціць корпус цела да дотыку грудзьмі падлогі. Варта пачакаць да з’яўлення болевых адчуванняў — і вярнуцца ў зыходны стан. І ўсвядоміць: абы за што патэнт не даюць.

Беларуская народная гульня

Аляксандр Драніцкі вырашыў кінуць бой замежнай «Манаполіі». Аўтар заўважае, што яна заскладаная для малых дзяцей, і прапануе сваю настольную гульню. Якая, відаць, задумлялася як надзвычай простая... Цытата з інструкцыі: «Напрыклад, «4а. 9т» азначае, што картка вынята са стосіка раскладу і пакладзеная ў сектары 2 у стосік картак тыпу Т, прычым індэкс «а» азначае, што адбылося першае пасля перакладкі за нумарам выняцце чарговай гульнявой карткі». Гульня пакуль што не паступіла ў прамысловую вытворчасць, таму аматары яшчэ не могуць выкладаць карткі ў правільным парадку.

Іншыя карысныя вынаходніцтвы:

— прылада для вызначэння біялагічна актыўных кропак на целе чалавека;

— «падмятальна-прыбіральная» прылада;

— гліцэрынавая сумесь для выдалення снежна-ледзяных утварэнняў;

— спосаб замяшчэння адзінкавага адсутнага зуба валаконна-кампазітным няздымным пратэзам;

— прылада для расчэсвання і абразання парасткаў журавінаў.

Што трэба для атрымання патэнта:

1) заява пра выдачу патэнта;

2) апісанне вынаходніцтва, якое раскрывае яго з паўнатой, дастатковай для ажыццяўлення;

3) формула вынаходніцтва, якая выражае яго сутнасць і цалкам заснаваная на апісанні;

4) чарцяжы ці іншыя матэрыялы, калі яны неабходныя для разумення сутнасці вынаходніцтва;

5) рэферат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?