Міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў 26 студзеня ўпершыню з’явіўся перад журналістамі ад моманту выбараў. Папытацца ў яго сапраўды было што, таму і наплыў прадстаўнікоў СМІ быў вялікі.

 Фота bymedia.net.

Фота bymedia.net.

Анатоль Нілавіч найперш зачытаў справаздачу за дзейнасць ягонага ведамства летась. Па ўсіх паказчыках ідзе зніжэнне колькасці злачынстваў, рэзюмаваў ён.

Асобным пунктам узгадаў, што ў дачыненні супрацоўнікаў міліцыі за 2010 год было заведзена 140 крымінальных справаў. Прычым большасць за злачынствы супраць службы.

Але большасць прысутных чакала магчымасць задаць пытанні. Прэс-канферэнцыя зацягнулася на паўтары гадзіны. Гэта улікам таго, што не ўсе жадаючыя змаглі задаваць сваё пытанне.

Азаронак пагарэў на адкатах

Першыя да міністра звярнуліся прадстаўнікі дзяржаўных выданняў. Цікавіліся лёсам арыштаванага камандуючага ваенна-паветранымі сіламі Азаронка. Куляшоў адзначыў, што праблем з доказнай базай у гэтай справе няма. Хутка яна будзе перададзеная ў суд.

Азаронак папаліўся на атрыманні адкатаў пры заключэнні кантрактаў. Куляшоў зазначыў, што гэта ўвогуле распаўсюджанае парушэнне сярод чыноўнікаў. «Адны просяць адкат у 5–10%, іншыя называюць канкрэтную суму.
Але нам усё вядома», — зазначыў міністр.

Потым ён расказаў пра меры бяспекі, якія былі прынятыя на чыгунцы, аэрапартах, буйных гандлёвых цэнтрах пасля выбуху ў маскоўскім «Дамадзедава». «Гэта ад візуальнага агляду да простых металадэтэктараў», — зазначыў міністр.

Ну, а ўжо пасля гэтага размова беззваротна перайшла пра падзеі на Плошчы 19 снежня. Быў выступ ад БАЖ, што арганізацыя так і не атрымала адказ з Міністэрства датычна збіцця журналістаў.

Журналісты збівалі міліцыю фота і відэакамерамі

Куляшоў расказаў, што нядаўна быў у Катары на чэмпіянаце Азіі па футболе і бачыў, як там працуюць журналісты. «Там ідуць чатыры чалавекі, якія нацягваюць вяроўку, і ўсе журналісты знаходзяцца паміж імі, — дзеліцца досведам галоўны міліцыянер. — Бо ў цемры цяжка вызначыць, ці гэта журналіст, ці не, мае ён акрэдытацыю ці не. 19-га на Кастрычніцкай і плошчы Незалежнасці ніхто нікога не прыцясняў, як журналістаў, так і ўдзельнікаў».

На гэта не вытрымалі журналісты «Белгазеты». У іхняга фоткарэспандэнта пасля затрымання была забраная флэшка. «А пасведчанне з сабой мелі?». «Так». «Значыць, супрацоўнікі міліцыі засумняваліся ў яго сапраўднасці.

Мы неаднаразова сутыкаемся, калі журналісты з падробнымі акрэдытацыямі ўдзельнічаюць у акцыях. Такія прыкладны ў нас ёсць».

Потым Куляшоў прывёў прыклад як няшчасных супрацоўнікаў міліцыі 19 снежня збівалі з дапамогай відэа- і фотакамер.

«Някляева збівала не міліцыя»

Хто збіваў Някляева? Так гучала наступнае пытанне. Куляшоў пачаў здалёк, што патрабаванні міліцыі трэба было выконваць, а не нападаць на ДАІшнікаў і не разгойдваць іх машыну. «Адлік пачатку непадпаркадвання пачаўся яшчэ на Нямізе», — зазначыў ён.

Дык хто ўсё ж збіў? — не сунімаліся журналісты.

Куляшоў заняў абаронную стойку і толькі адбіваўся. «Ну хіба маглі міліцыянеры ўдарыць кандыдата, каб гэтага ніхто не заўважыў?
Назаўтра пра гэта пісалі ўсе сусветныя СМІ. Усе хацелі, каб міліцыя ўдарыла. Але міліцыянеры не збівалі Някляева», — зазначыў міністр.

Чаму супрацоўнікі праваахоўных органаў былі ўнутры Дома ўрада, а не звонку, каб не дапусціць "штурму" будынку?

«Усё рабілася для таго, каб вы не абвінавацілі нас у парушэнні правоў чалавека і дэмакратыі. На Кастрычніцкай не было ніводнага міліцыянера, ніхто не ўмешваўся. А то падняўся б хай, што зноў прымяняюць сілу да мірных дэманстрантаў. Я не стаў перашкаджаць. Супрацоўнікі міліцыі праявілі карэктнасць і вытрымку», — Куляшоў ужо ледзьве не зрываўся на крык.

«Рыхтавалі ўзброены пераварот»

Па яго словах міліцыя некалькі разоў «прафілактычна дэманстравала сілу», але на «агрэсіўны натоўп» гэта не дзейнічала і яны працягвалі штурмаваць будынак.

«Мы чулі ў перахопах, што былі заклікі ўзбройвацца цаглінамі і каменнем. У выніку я затрымаў больш актыўных, якія ад пачатку ішлі на парушэнне закону. Каб не адбыўся ўзброены пераварот. Міліцыя дзейнічала далікатна і прафесійна, — эмацыйна выгукаў міністр.

А няўжо сапраўды людзі былі ўзброенымі? Бо ім жа інкрымінуюць арганізацыю масавых беспарадкаў, а не ўзброены супраціў. «А хіба сякеры, манціроўкі, малаткі — гэта не зброя?». Але Куляшоў пацвердзіў, што агнястрэльнай зброі ні ў каго не было.

Міністр паведаміў, што абвінавачванні ўжо прад’яўлены 37 удзельнікам акцыі. 33 з іх знаходзяцца ў СІЗА. У пачатку лютага справы некаторых, але не кандыдатаў, ужо будуць перададзеныя ў суд.

«Мне не сорамна»

Марына Коктыш з «Народнай волі» папыталася: «Анатоль Нілавіч, а вам як мужыку не сорамна? Не хочаце папрасіць прабачэнні ў збітых, пакалечаных?»

«Я ганаруся сваёй прафесіяй, — адказаў ён. — Ганаруся, што стаю на абароне законнасці. У мяне няма права не выконваць закон.

19 снежня я захаваў мір, спакой і стабільнасць. Мне не сорамна. Калі б пачалася другая хваля, то была б бойня».

«Наша Ніва» папыталася, ці сам Куляшоў аддаваў загад на разгон Плошчы, ці яно прымалася на больш высокім узроўні. Міністр адказаў, што ён сам.

Куляшоў заставаўся непахісны, што 19 снежня ім была зробленая добрая справа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?