Нацыянальны банк Беларусі (НББ) з 26 студзеня 2011 павысіў працэнтную стаўку па двухбаковых пагадненнях СВОП (па нацыянальнай валюце) на 2 працэнтныя пункты —
з 13% гадавых да 15%. Адпаведнае рашэнне прыняў Камітэт па манетарнай палітыцы НБ РБ (пратакол № 5 ад 25.01.2011).

Гэта ўжо другое павышэнне стаўкі з пачатку года — з 18 студзеня яна была павышаная таксама на 2 працэнтныя пункты — да 13% з 11% гадавых, якія дзейнічалі з 25 лістапада 2010 года.

Працэнтныя стаўкі па іншых аперацыях рэгулявання бягучай ліквіднасці банкаў не змяняюцца, адзначаецца ў паведамленні.

Варта таксама адзначыць, што падвышэнне кошту рэсурсаў Нацбанка неадкладна адбілася на росце ставак па аднадзённых міжбанкаўскім крэдытах: з 10% у пачатку студзеня стаўкі выраслі пасля першага рашэння НБ РБ да 13,62%, а 24 студзеня павысіліся да 15,69%.

Сваёй палітыкай па павышэнні кошту беларускай ліквіднасці Нацбанк пераследуе адну мэту — не звяртаючыся да наўпростых адміністрацыйных мераў і тэлефоннага права прымушае банкі прадаваць валютную ліквіднасць як суб’ектам гаспадарання, так і насельніцтву.
Як ужо паведамлялася, да нядаўняга часу купля ільвінай долі валюты на ўнутраным беларускім рынку ажыццяўлялася праз БВФБ, дзе асноўным прадаўцом валюты выступаў Нацбанк, доблесна выконваючы пастаўленую перад сабой задачу — забеспячэнне стабільнасці курсу беларускага рубля.

Згаданую задачу пакуль ніхто не адмяняў, аднак сродкаў (золатавалютных рэзерваў) на яе выкананне у Нацбанка ўжо практычна не засталося. Відавочны выхад у гэтай сітуацыі — перадача ролі асноўнага прадаўца валюты банкаўскаму сектару.

Акрамя складанасцяў з купляй валюты для патрэб суб’ектаў гаспадарання (для насельніцтва па зразумелых прычынах валюта па-ранейшаму даступная без якіх-небудзь абмежаванняў) такія прымусовыя метады прыводзяць да росту працэнтных ставак па крэдытах. Але, як ужо паведамлялася, Нацбанк сваёй адмовай ад адміністратыўнага рэгулявання крэдытных ставак даў зразумець, што не пярэчыць супраць такой рынкавай рэакцыі банкаўскага сектара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?