Сення ў судзе Ленінскага р-на Мінска, а 15-й гадзіне адбудзецца слуханне па скарзе аб незаконным затрыманні 19 снежня сябра арганізацыі «Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая Грамада» Міколы Цяцеркіна.

19 снежня 2010 году М.Цяцеркін увесь дзень знаходзіўся на выбарычым участку № 49, ён быў сябрам гэтай камісіі падчас выбараў. А калі ўначы вяртаўся дадому, быў схоплены ў раёне Нямігі спецназаўцамі.

«Я стаяў на ходніку, калі раптам пад’ехаў аўтобус са спецназам і мяне туды завалаклі. Ды і не мяне аднаго. Бачыў, як мінакоў хапалі. А пазней, з пратаколу затрымання я даведаўся, што мяне схапілі у 22.30 на плошчы Незалежнасці», — распавёў «НН» Мікола Цяцёркін.

Пратаколу малады чалавек так і не падпісаў. Аднак суддзя ўсё адно асудзіла Міколу на 10 сутак арышту, якія ён адбываў у Жодзіна.

Бацькі спадара Цяцёркіна тым часам спрабавалі дабіцца праўды і нават атрымалі ад дырэктара школы, у якой размяшчаўся участак для галасавання № 49 афіцыйнага падцверджання, што М.Цяцёркін да 12 ночы знаходзіўся на ўчастку і гэтаму ёсць шмат сведак з ліку сяброў выбарчай камісіі.

«Спадзяюся, што ў мяне атрымаецца давесці абсурднасць справы. Прынамсі, неабходна спрабаваць гэта рабіць», — лічыць М.Цяцёркін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?