Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч даручыў прыняць дзейсныя меры па абароне інтарэсаў пакупнікоў тавараў у інтэрнэт-магазінах. Пра гэта паведамляе прэс-служба ўрада.

Згодна з экспертнымі ацэнкамі, кожны год інтэрнэт-магазінаў у Беларусі ў сярэднім становіцца на 100 больш. Іх сярэднямесячны абарот складае не менш як 30 млрд. рублёў.

Аднак, як зазначае прэс-служба ўрада, нягледзячы на даволі паспяховае развіццё інтэрнэт-гандлю, паўнацэнны і дэталёвы ўлік руху тавараў і фінансавых сродкаў у інтэрнэт-магазінах адсутнічае. «Фактычна немагчыма праверыць, колькі тавару было прададзена. Гэта правакуе змяншэнне паступлення падаткаў і прыводзіць да фарміравання ценявага абароту тавараў», — гаворыцца ў паведамленні.

Пакупнікі ў інтэрнэт-магазінах сутыкаюцца з пэўнымі цяжкасцямі. Напрыклад, асобныя магазіны не выдаюць чэкі або яны аказваюцца «ліпавымі». Пакупнікі ўводзяцца ў зман адносна спажывецкіх уласцівасцяў тавару, адсутнічае магчымасць пракантраляваць пакупніком, ці той тавар ён купіў. Нярэдка людзей проста падманваюць праз інтэрнэт-магазіны.

Між тым, паведамляе прэс-служба, яшчэ ў сярэдзіне 2009 года айчынныя распрацоўшчыкі праграмнага забеспячэння прапанавалі Міністэрству гандлю ўкараніць створаную на аснове найноўшых інфармацыйных тэхналогій аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму па кантролі за рухам тавараў у інтэрнэт-магазінах. Гэтая сістэма, на думку распрацоўшчыкаў, дазволіла б зняць існуючыя праблемы, садзейнічала б стварэнню цывілізаванага рынку інтэрнэт-гандлю шляхам фіксацыі аперацый па рэалізацыі тавараў праз такія магазіны.

Укараненне гэтай сістэмы дазволіць даць пакупнікам тавараў у інтэрнэт-магазінах дадатковыя гарантыі чысціні праведзенай здзелкі, а таксама павялічыць долю продажу тавараў праз інтэрнэт-магазіны, падатковыя паступленні за кошт зніжэння колькасці «шэрых» тавараў.

Рэалізацыя праекта выклікала цікавасць патэнцыяльных інвестараў, якія выказалі гатоўнасць ужо на першым этапе ўкласці ў стварэнне сістэмы каля 1 млрд. рублёў. Аднак дагэтуль рэальных зрухаў па гэтым важным праекце няма, гаворыцца ў паведамленні ўрадавай прэс-службы.

У сувязі з гэтым кіраўнік урада Міхаіл Мясніковіч даручыў намесніку прэм’ер-міністра Сяргею Румасу, а таксама кіраўнікам зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў прыняць дадатковыя меры па абароне інтарэсаў пакупнікоў тавараў у інтэрнэт-магазінах, у тым ліку праз укараненне згаданай сістэмы кантролю за рухам тавараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?