У фільме «Плошча. Железом по стеклу» запалошная жанчына 19 сьнежня тэлефануе ў міліцыю і патрабуе знайсьці яе сына, які нібыта пайшоў на плошчу, абвязаўшыся выбухоўкай. Сын жанчыны абвяргае вэрсію, якая была паказаная па тэлебачаньні.

Майго суразмоўцу завуць Глеб, ён вучыцца ў 11-й клясе адной зь менскіх школ. Глеб узяў зь мяне абяцаньне не называць ягонае прозьвішча, хаця гэтае прозьвішча ужо прагучала ў фільме «Плошча. Железом по стеклу», які паказалі па Першым канале Беларускага тэлебачаньня 9 студзеня і празь дзень паўтарылі. Навошта пасьля гэтага хавацца? Глеб кажа, што ня быў на мітынгу і не зьбіраўся на яго, што проста маці перапужалася і пазваніла ў міліцыю, а ў выніку зараз ад гэтай гісторыі ў яго ўзьніклі праблемы.

Глеб: «Так, маці званіла ў міліцыю, але званіла толькі каб мяне затрымалі, каб я ня ўдзельнічаў у мітынгу. А ўсе словы, зьвязаныя з выбухоўкай — гэта поўнае трызьненьне."

Карэспандэнт: «Гэта маці прыдумала?».

Глеб: «Яна не магла гэтага прыдумаць. Гэта цалкам мантаж. Яна гэтага не казала. У пратаколе не было нічога пра выбухоўку».

Карэспандэнт: «А ты фільм глядзеў?»

Глеб: «Глядзеў».

Карэспандэнт: «І што, гэта ня маці словы?».

Глеб: «Яна кажа, што не казала такіх словаў, і я мяркую, што не магла казаць. Ну, вы самі ўявіце: „Сын ідзе на плошчу, абвязаўся выбухоўкай“. Гэта што азначае? Маглі б мяне проста снайпэрам зьняць, і ўсё. Сын — „тэрарыст-сьмяротнік“. Жудасныя рэчы. Вось зараз у мяне вялікія праблемы. Зь Міністэрства адукацыі зрабілі запыт, настаўнікі зараз на мяне характарыстыкі пішуць».

Карэспандэнт: «Але ты ў маці высьвятляў, і яна кажа, што такога не казала?».

Глеб: «Так. І мне падаецца, што гэта „бэтэшны“ мантаж».

Карэспандэнт: «Але яна была ў такім, відаць, стане, што магла і не запомніць, што казала ў той момант?».

Глеб: «Усё роўна я перакананы, што яна б мяне не падставіла гэткім чынам. Тым больш, я ёй казаў, што мы проста з сябрам пойдзем у цэнтар гораду, сходзім у МакДональдс. Да таго ж мы прыехалі туды, а 19-й гадзіне. А акцыя была заплянаваная на 8 вечара. І нас там затрымалі. Канешне, ніякіх абвінавачаньняў мне ці майму сябру ня выставілі. Праглядзелі ўсе мае тэлефонныя званкі. У кватэры маёй і майго сябра правялі ператрусы. Нічога не знайшлі. Нават 20-га Аляксандр Лукашэнка казаў на прэсавай канфэрэнцыі, што быў званок ад маці, што быццам тэрмас быў і ў тэрмасе выбухоўка, але хлопцаў знайшлі, нічога не было. Такім чынам, маці хацела адвесьці сына ад удзелу ў мітынгу. Хто яму сказаў пра гэты тэрмас, адкуль узяўся гэты тэрмас — невядома. Маглі б праслухаць усе тэлефонныя званкі — пра тэрмас нічога не было».

Карэспандэнт: «А ці можна паразмаўляць з тваёй маці?»

Глеб: «Яна ня будзе з вамі размаўляць. Я б увогуле не хацеў, каб маё імя і прозьвішча гэтак часта фігуравалі ў мэдыях. І без таго ужо засьвяціўся вышэ крышы. Учора і пазаўчора падчас паказу гэтага фільма было сказана пра мяне, што мы быццам пайшлі на плошчу, абвязаўшыся выбухоўкай. Гэта было заяўлена як факт, і нічога не было сказана пра наш далейшы лёс. Ці знайшлі нас, ці знайшлі ў нас выбухоўку, як мы яе выкарысталі, ці нас затрымалі, дзе мы цяпер? Справа ў тым, што узьнікаюць гэтыя пытаньні. Вось і карэспандэнтка „Камсамолкі“ званіла, пра гэта пыталася».

Карэспандэнт: «А які момант ты хацеў бы падкрэсьліць? Што ў вас не было ніякай выбухоўкі?».

Глеб: «Так, гэта найперш. І яшчэ тое, што без рашэньня пракурора ня мелі права абнародаваць гэты званок. Тым больш, мусяць схаваць адрас і прозьвішча. А так — назвалі адрас, адразу Мінадукацыі „прабіла“, які раён, якая школа, дзе вучань навучаецца, які ён? Вось зараз і ў маці могуць быць праблемы на працы. Яны ж ня мелі права бяз нашай згоды ці згоды пракурора! А пракурора яны не маглі і бачыць, бо не было заведзена ніякай крымінальнай справы. Быў толькі факт затрыманьня. Мы напісалі тлумачэньне, і ўсё. І вось праз 20 дзён выходзіць гэты фільм, і пасьля гэтага раскручваецца такая цікавая гісторыя зь першым званком. Зараз ужо ў блогах пішуць, што падставай для затрыманьня і зьбіцьця Някляева нібыта стаў першы званок, які усіх разварушыў. Маўляў, шукалі падлетка з выбухоўкай, а знайшлі тры машыны Някляева. Зараз з гэтага можна „выгрузіць“ шмат гісторый…».

Нагадаю, паводле аўтараў фільму пра выбухоўку распавяла міліцыянтам маці Глеба. А стала вядома пра гэта раней за фільм — ад Аляксандра Лукашэнкі падчас ягонай прэсавай канфэрэнцыі 20 сьнежня, на другі дзень пасьля выбараў:

«Паступіў званок: ратуйце дзіця. Дзіця пайшло з дому, ўзяло тэрмас, у тэрмасе выбухоўка. Канешне, мне адразу пра гэта даклалі. І паколькі прэзыдэнт узяў пытаньне на кантроль, я сказаў: шукайце. Літаральна празь нейкі час мы знайшлі гэтага хлопца. Ніякай выбухоўкі там не было. Пачалі разьбірацца: чаму так? «А, дзякуй вам, што знайшлі, я гэтак хацела абараніць сваё дзіця, каб ён не патрапіў у гэты натоўп».

Маці Глеба Алена ўсё ж узяла слухаўку, але адмовілася камэнтаваць, ці яе голас гучыць у фільме, калі ідзе гаворка, што сын пайшоў на плошчу нібыта з выбухоўкай. Жанчына працуе на дзяржаўнай службе і непакоіцца, што ў выніку гэтай гісторыі ў яе могуць узьнікнуць праблемы на працы, прынамсі сапсавацца адносіны «паміж ёй і калегамі». Спадарыня Алена крыўдзіцца на таго, хто абяцаў ёй не абнародаваць яе дадзеных, але не стрымаў свайго слова:

«Я, канечне, зараз зусім расьціснутая, разумееце? Абяцалі, што ня будзе ніякіх наступстваў, але ўсё склалася па-іншаму…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?