Выхад беларускай банкаўскай сістэмы з крызісу ў наяўнасці — банкі ў гэтым годзе істотна павялічылі свой прыбытак.

Прычым, калі паглядзець на структуру прыбытку банкаўскай сістэмы, можна канстатаваць, што банкі, якія належаць замежным інвестарам, — даволі моцныя канкурэнты дзяржбанкаў.

Па стане на 1 кастрычніка прыбытак, атрыманы беларускімі банкамі, дасягнуў рэкордных 1, 205 трлн рублёў. Для параўнання: за аналагічны перыяд мінулага года прыбытак банкаў складаў 764,4 млрд рублёў. Такім чынам, прыбытак банкаўскага сектара ў гэтым годзе вырас на 57,6%.

Найбуйнейшымі гульцамі на рынку, калі мераць па прыбытку і актывах, па-ранейшаму застаюцца дзяржбанкі.
У студзені-верасні «Беларусбанк» зарабіў 328,2 млрд рублёў прыбытку, «Белаграпрамбанк» — 184,2 млрд, «Белінвестбанк» — 77,8 млрд рублёў прыбытку. На долю ўсіх дзяржбанкаў прыходзіцца больш за 600 млрд рублёў прыбытку (49,9% ад агульнага аб’ёму прыбытку).

Другую палову прыбытку на рынку зарабляюць у асноўным камерцыйныя банкі, кантраляваныя замежным капіталам.

«Прыёрбанк» — найбуйнейшы камерцыйны банк Беларусі, які ўваходзіць у аўстрыйскую банкаўскую групу Raiffeisen, — атрымаў за першыя дзевяць месяцаў гэтага года 179,4 млрд рублёў прыбытку (+28,8% да студзеня-верасня мінулага года).

У сваю чаргу, «БПС-Банк», прададзены ў канцы мінулага года расійскаму «Сбербанку», павялічыў за першыя дзевяць месяцаў 2010-га памер прыбытку на 41,8% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Прыбытак банка за студзень-верасень гэтага года склаў 95,9 млрд рублёў.

Прыбытак «Белгазпрамбанка», што належыць расійскай групе «Газпрам», на 1 кастрычніка быў роўны 63,4 млрд рублёў (49,1% у параўнанні са значэннем, дасягнутым за год да гэтага).

Прыбытак «Белзнешэканомбанка», які тры гады таму купіў расійскі «Знешэканомбанк», быў роўны на 1 кастрычніка 52 млрд рублёў (рост на 75,1% у параўнанні са студзенем-вераснем мінулага года).

Банк «Масква-Мінск», які належыць расійскаму «Банку Масквы», атрымаў за студзень-верасень прыбытак у памеры 51,9 млрд рублёў, павялічыўшы памер свайго прыбытку на 38,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Прыбытак «МТБанка», які належыць сумеснаму прадпрыемству амерыканскага інвестфонда Horizon Capital і аўтамабільнага холдынга «Атлант-М», быў роўны на 1 кастрычніка 30,4 млрд. рублёў (74,3% у параўнанні з аналагічнай датай мінулага года).

Прыватныя банкі, што належаць рэзідэнтам Беларусі, займаюць нязначную долю на рынку. Так, доля «Трастбанка», «РРБ-Банка», «Тэхнабанка», «Еўрабанка» ў агульным аб’ёме прыбытку склала 1,3% па выніках за студзень-верасень, у агульным аб’ёме актываў — 1,1%.

Сумарны прыбытак усіх прыватных банкаў, у тым ліку кантраляваных замежным капіталам, склаў на 1 кастрычніка 654,5 млрд рублёў (50,1% ад агульнага аб’ёму прыбытку).

З улікам дынамікі за апошнія гады можна гаварыць пра дзве тэндэнцыі на банкаўскім рынку. Першая — прыкметны рост прыбытку беларускіх банкаў. Калі параўноўваць з 2006 годам, калі доля замежнага капіталу ў банкаўскай сістэме была невялікай, то прыбытак банкаўскай сістэмы Беларусі павялічыўся ў 4 разы, нават крыху больш.

Другая тэндэнцыя — рост долі недзяржаўных банкаў у агульным аб’ёме прыбытку. Да продажу беларускіх банкаў замежным інвестарам расклад на рынку быў такі: доля дзяржбанкаў у агульным аб’ёме прыбытку 4 гады таму складала больш за 70%. На долю недзяржаўных банкаў прыходзілася тады менш за 30% прыбытку.

Цяпер усё інакш: прыбытак банкаўскай сістэмы размеркаваны прыкладна пароўну паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі банкамі.

Другую палову прыбытку, як адзначалася вышэй, на рынку зарабляюць у асноўным камерцыйныя банкі, кантраляваныя замежнымі інвестарамі.

Пазітыўны вынік прыходу замежнага капіталу ў банкаўскі бізнэс Беларусі складаецца яшчэ і ў зніжэнні працэнтных ставак па крэдытах,
адзначае дырэктар дэпартамента міжнародных і фондавых аперацый ЗАТ «Альфа-Банк» Сяргей Муханаў.

Нагадаем, што ў 2008 годзе расійскі кансорцыум «Альфа-Груп» купіў беларускі «Межтаргбанк», на базе якога і было створанае ЗАТ «Альфа-Банк».

«Калі мы выходзілі на беларускі рынак, стаўка па валютных крэдытах юрыдычным асобам складала 12%, — узгадвае Сяргей Муханаў. — Цяпер сярэдняя стаўка па крэдытах для буйных юрыдычных асобаў вагаецца ў раёне 8% гадавых. Такім чынам, працэнтная стаўка за два гады знізілася напалову. Гэта вынік у тым ліку і прыходу замежных інвестараў у банкаўскую сістэму».

Разам з тым, даводзіцца канстатаваць, што пакуль у банкаўскай сістэме Беларусі застаецца высокім уплыў дзяржбанкаў, нягледзячы на масавы прыход у сектар замежных інвестараў.

У прыватнасці, дзяржбанкі пакуль працягваюць дамінаваць па аб’ёме актываў.

Доля дзяржбанкаў у агульным аб’ёме актываў перавышала на 1 кастрычніка 73%.

Праўда, прыватныя банкі ў гэтым плане дзяржбанкам не асабліва зайздросцяць.

Справа ў тым, што актывы дзяржбанкаў растуць высокімі тэмпамі шмат у чым за кошт абслугоўвання дзяржпраграмаў, якія мяркуюць вылучэнне крэдытных рэсурсаў на льготных умовах. Удзельнікі рынку адзначаюць, што дзяржпраграмы цягнуць уніз прыбытковасць дзяржбанкаў.

У гэтым сэнсе прыватныя банкі могуць паводзіць сябе самастойна — яны не займаюцца льготным крэдытаваннем, выдаюць рэсурсы выключна на рынкавых умовах, што дазваляе ім нарошчваць не толькі актывы, але і прыбытак.

Даведка Naviny.by. Банкаўскі сектар Беларусі на 1 кастрычніка уключаў 31 дзейны банк. Прыцягненнем укладаў насельніцтва займаюцца 24 банкі, крэдытаваннем — 31 банк, аперацыямі з каштоўнымі металамі — 10, размяшчэннем аблігацый сярод насельніцтва — 5. Актывы беларускіх банкаў да 1 кастрычніка перавысілі 106 трлн рублёў, павялічыўшыся за студзень-верасень на 28,3%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?