Для правядзення кампаніі ў краіне з насельніцтвам больш за 1,3 млрд чалавек задзейнічана каля 6 млн перапісчыкаў.

Улады спадзяюцца дзякуючы перапісу даведацца дакладную колькасць працоўных мігрантаў, якая, паводле некаторых ацэнак, складае каля 200 млн чалавек.

Самая вялікая складанасць — у тым, якім чынам лічыць мігрантаў, бо ў многіх з іх няма пэўнага месца жыхарства.
Мяркуюць, што ў апошнія некалькі гадоў дзясяткі мільёнаў кітайцаў перасяліліся з сельскай мясцовасці ў гарады ў пошуках працы. Але многія з іх ператварыліся ў бамжоў і не могуць атрымаць сацыяльную дапамогу.

Некаторы час таму прэм’ер дзяржрады КНР Вэнь Цзябао адзначыў, што працоўныя мігранты заслугоўваюць лепшага абыходжання.

Яшчэ адна задача перапісу — высветліць, колькі дзяцей пражывае ў Кітаі, бо, як вядома, у гэтым пытанні афіцыйныя лічбы істотна ніжэйшыя за рэальныя.
Праз жорсткія правілы кантролю над нараджальнасцю бацькі часта не рэгіструюць дзяцей, асцерагаючыся парушэння правілы «адна сям’я — адно дзіця».

Улады спадзяюцца пераадолець супраціў перапісу, абяцаючы знізіць штрафы для тых, хто добраахвотна прызнаецца ў рэальнай колькасці дзяцей. А самым бедным сем’ям будзе дазволена аплачваць штрафы ў растэрміноўку.

Па дадзеных апошняга перапісу 2005, колькасць насельніцтва ў Кітаі складала 1 млрд 295 млн чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?