Пасол Венгрыі Ферэнц Контра спадзяецца, што кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі атрымаюць рэальны шанс расказаць народу пра свае праграмы.

У інтэрв’ю БелаПАН па выніках наведвання 2 лістапада пасламі краін Еўрасаюза Трасцянца і Курапат дыпламат адзначыў, што прэзідэнцкая выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць інакш, чым у Венгрыі. Паводле яго слоў, выбарчыя кампаніі ў Венгрыі даволі шумныя, паколькі кандыдаты імкнуцца паказаць сябе, яны выступаюць, пра кандыдатаў гавораць і пішуць, іх паказваюць па тэлебачанні, гэтых людзей усе ведаюць.

«У Беларусі прэзідэнцкая кампанія ідзе ціха, па тэлебачанні гавораць аб нейкіх прэтэндэнтах, аднак самі яны не з’яўляюцца на тэлеэкранах», — сказаў дыпламат.

Ён выказаў надзею, што сёлетняя прэзідэнцкая выбарчая кампанія ў Беларусі будзе адрознівацца ў лепшы бок у параўнанні з папярэднімі выбарамі кіраўніка дзяржавы.

Дыпламат нагадаў, што Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ «ніколі не прызнавала транспарэнтнымі, чыстымі і сумленнымі ўсе папярэднія выбарчыя кампаніі ў Беларусі».

«Хочацца верыць, што будзе прадоўжана тая лібералізацыя, якая назіралася падчас збору подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы, і ўдзельнікі палітычнага працэсу атрымаюць рэальны шанс расказаць народу пра свае праграмы», — падкрэсліў Ферэнц Контра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?