Шчаслівыя школьнікі нясуць папкі з «адказамі» прэзідэнта. Фота Brsm.by

Шчаслівыя школьнікі нясуць папкі з «адказамі» прэзідэнта. Фота Brsm.by

У маі мінулага году па ўсёй краіне праходзіла акцыя «Задай пытанне прэзідэнту», арганізаваная БРСМ.
Дзецям ва ўсіх навучальных установах прапаноўвалася напісаць ліст прэзідэнту Лукашэнку і задаць пытанні, якія іх цікавяць і хвалююць. Цікава, што акцыя была арганізавана адразу пасля таго, як аналагічную ідэю рэалізавала кампанія «Гавары праўду».

Многія з дзіцячай непасрэднасцю адгукнуліся і напісалі. Пыталіся пра рознае: напрыклад, у класе маёй дачкі былі пытанні аб самым яркім дзіцячым уражанні прэзідэнта, аб тым, як ён уяўляе будучыню Беларусі, а адзін хлопчык запытаўся, калі будзе вернуты бел-чырвона-белы сцяг…

Не прайшло і паўгода, як БРСМ правяло чарговую акцыю — дзецям, якія задалі «найлепшыя» пытанні, паведамілі, што яны атрымаюць адказ ад Лукашэнкі. Гэта выклікала пэўнае ўзрушэнне!

Адказы ўручаліся на наступны дзень на адмысловых зборах, на якіх прадстаўнікі улады і БРСМ дзякавалі дзецям за актыўнасць і падкрэслівалі, што ўлада прыслухоўваецца да народу, рэагуе на ўсе пытанні.

Сам «адказ» уяўляе сабой папку, на вокладцы якой размешчаны надпіс «Молодость моя» і выявы значкоў «ВЛКСМ» і «БРСМ». Унутры — рэкламны буклет з такой самай назвай, дыск з відэа «Жізнь красівую прожіть», зборнік песень «Молодость моя» і фотамазаіка з такой самай назвай, карты абласцей Беларусі, а таксама сам «ліст ад прэзідэнта» — аддрукаваны друкарскім спосабам тэкст на расейскай мове, аднолькавы для ўсіх,
у якім, у прыватнасці, прэзідэнт дзякуе ўдзельнікам акцыі за тое, што яны «нераўнадушна глядзяць на тое, што адбываецца вакол», запэўнівае, што «пытанні ўдзельнікаў акцыі не застануцца без увагі», жадае «моцнага здароўя, поспехаў у вучобе» і заклікае: «Будзь адважным, стварай, імкніся да новых вяршыняў!»
Словам, так і не атрымалі дзеці адказаў на свае пытанні, не даведаліся, якімі былі дзіцячыя ўражанні Лукашэнкі, як ён уяўляе будучыню і калі верне нацыянальны сцяг…

Цікава таксама, як адбіраліся тыя з дзяцей, каму ўручаўся гэта «адказ»? У нашым класе гэта аказаліся першыя і апошнія па класным спісе…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?