У 2011 годзе беларускія турысты могуць атрымаць магчымасць адпачываць у Харватыі без віз.
Пра гэта паведаміў журналістам дзяржсакратар па турызме Міністэрства турызму Харватыі Бранка Гыргіч 27 кастрычніка пасля адкрыцця выставы
Паводле яго слоў, Міністэрства турызму Харватыі прапанавала свайму ўраду ўключыць Беларусь у спіс краін, для якіх здымаюцца візы на час летняга сезона. Летась да такіх дзяржаў былі аднесеныя Расія і Украіна.
«90%, што будуць знятыя візы на час летняга адпачынку на 6 месяцаў (з 1 мая па 1 лістапада) і для Беларусі», — сказаў Гыргіч.
Дзяржсакратар адзначыў, што ўмовай для зняцця віз з’яўляецца заключэнне пагаднення паміж Беларуссю і Харватыяй аб супрацоўніцтве ў сферы турызму, якое падпісана сёння ў Мінску.
У сваю чаргу намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Чэслаў Шульга паведаміў, што пагадненне прадугледжвае дадатковае інфармацыйнае ўзаемадзеянне ў сферы турызму паміж краінамі. Плануецца абмен вопытам у частцы падрыхтоўкі турыстычных кадраў, абмяркоўваецца магчымасць стварэння прамога авіярэйсу паміж Беларуссю і Харватыяй.
Акрамя таго, адзначыў Шульга, беларускі бок спадзяецца прыцягнуць патэнцыяльных інвестараў з Харватыі, якія б маглі ўкладваць сродкі ў развіццё сеткі гатэляў у Беларусі.
Бранка Гыргіч выказаў надзею, што пагадненне зніме ўсе бар’еры, што існавалі паміж дзвюма краінамі ў сферы турызму. Беларускі рынак турпаслуг цікавы для Харватыі, падкрэсліў ён.