Уладзімір Пуцін адзначае важнасць развіцця расійска-беларускага супрацоўніцтва незалежна ад кан’юнктуры. Пра гэта прэм’ер-міністр Расіі заявіў 15 кастрычніка ў Маскве, адкрываючы пасяджэнне cавета міністраў cаюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

«Важна, каб гэтыя пазітыўныя працэсы развіваліся незалежна ад бягучай кан’юнктуры. Яна бывае рознай, як мы разумеем, але я глыбока перакананы: праблемы, спрэчкі, недастатковае разуменне, якое ўзнікае паміж блізкімі, суседзямі, як гэта бывае ў сям’і, яны непазбежныя, але жыццёвыя інтарэсы, жаданні нашых братэрскіх народаў важнейшыя», — цытуе Пуціна РІА Новости.

Прэм’ер РФ падкрэсліў, што Расія і Беларусь паступова пераадольваюць наступствы глабальнага крызісу, выходзяць на траекторыю ўстойлівага росту. Шмат у чым гэта вынік цеснай каардынацыі дзеянняў дзвюх краін у 2008–2010 гадах, працы ў рамках сумеснага Плана па мінімізацыі наступстваў крызісу, лічыць Пуцін.

«У студзені-жніўні гэтага года двухбаковы тавараабарот прыбавіў 20%, цяпер на двухбаковай сустрэчы з Сяргеем Сяргеевічам (прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім) я звярнуў увагу свайго калегі на тое, што экспарт беларускіх тавараў у Расію рос з апераджальным тэмпам і склаў 50%», — адзначыў кіраўнік расійскага ўрада.

Паводле слоў Пуціна, неабходна таксама задзейнічаць патэнцыял вытворчай кааперацыі, актывізаваць узаемны абмен інвестыцыямі і падтрымліваць сумесныя высокатэхналагічныя праекты, у тым ліку за кошт бюджэту cаюзнай дзяржавы.

«Сёння нам трэба разгледзець яго асноўныя параметры, узгадніць прыярытэты бюджэтнай палітыкі на 2011 год, трэба максімальна хутка завяршыць працу над бюджэтам, каб забяспечыць рытмічнае фінансаванне і рэалізацыю саюзных праграм», — падкрэсліў Пуцін.

Ён таксама паведаміў, што на пасяджэнні будзе разглядацца рэалізацыя канцэпцыі сацыяльнага развіцця саюзнай дзяржавы.

У сваю чаргу прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі адзначыў, што аб’ём тавараабароту за студзень-жнівень 2010 года паміж Расіяй і Беларуссю склаў 500 млрд расійскіх рублёў.

«Беларусь і Расія паспяхова пераадольваюць негатыўныя наступствы крызісу, эканомікі дэманструюць рост па асноўных кірунках», — сказаў ён.

Сідорскі падкрэсліў, што «Беларусь настроена на канструктыўную працу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?