На чарговым пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе 15 кастрычніка ў Маскве, плануецца разгледзець больш як 30 пытанняў. Пра гэта паведаміў Аляксандру Лукашэнку прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, у цэнтры ўвагі будзе знаходзіцца выкананне бюджэту Саюзнай дзяржавы ў 2010 годзе, бюджэт наступнага года, пытанні развіцця гандлёва-эканамічных адносін за 9 месяцаў 2010 года, знешнегандлёвых адносін з Расійскай Федэрацыяй. У посткрызісны год Беларусь і Расія дэманструюць нядрэнныя тэмпы росту аб’ёму тавараабароту, што дае падставы разлічваць на добрыя вынікі гандлю за год. Як адзначыў Сяргей Сідорскі, на Саўміне плануецца таксама «вызначыць тыя нішы, дзе абедзве краіны могуць яшчэ дадаць у гандлі».

На пасяджэнні Саўміна будуць абмеркаваны і пытанні ваенна-палітычнага супрацоўніцтва, у прыватнасці, тыя, што тычацца аховы сумеснай мяжы, выхаду на рэалізацыю дамоўленасцяў, дасягнутых на мінулым пасяджэнні Вышэйшага Дзяржсавета ў Маскве па сумесных СПА і групоўках войскаў, што забяспечваюць ахову і баяздольнасць Саюзнай дзяржавы.

Акрамя таго, на разгляд удзельнікаў пасяджэння вынесены пытанні інавацыйнага супрацоўніцтва. Плануецца зацвердзіць шэраг мерапрыемстваў на 2011–2015 гады па развіцці мікра-, біятэхналогій і іншых кірункаў.

Будуць абмеркаваныя таксама пытанні забеспячэння роўных правоў грамадзян дзвюх краін.

У другой палове дня запланавана рабочая сустрэча прэм’ер-міністраў Беларусі, Казахстана і Расіі, якая будзе прысвечана абмеркаванню пытанняў Мытнага саюза. Эксперты і віцэ-прэм’еры трох краін дэталёва прапрацавалі некаторыя кірункі, пакінуўшы на разгляд прэм’ер-міністраў спрэчныя моманты ў энергетыцы і чыгуначных перавозках грузаў.

Сяргей Сідорскі паведаміў прэзідэнту, што будуць прынятыя ўсе меры, каб у лістападзе-снежні выйсці на «афармленне гатовых дакументаў па Адзінай эканамічнай прасторы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?