Асноўныя прычыны штрафаў — няправільнае выкарыстанне печак і электрасетак. Пра гэта паведаміў Сяргей Салановіч, начальнік упраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Беларусі.

— У асноўным грамадзяне не прыслухоўваюцца да тых заўваг, якія прапаноўваюць ім органы МНС, — кажа Сяргей Салановіч. — Напрыклад, людзі, што маюць пячное ацяпленне, не чысцяць печы і дымаходы, не правяраюць іх на наяўнасць трэшчын. Перад топкамі адсутнічаюць лісты з негаручых матэрыялаў памерам 0,5 на 0,7 м. Праблема і ў тым, што людзі часта карыстаюцца самаробнымі электранагравальнымі прыборамі. Уключыў абагравальнік, забыўся, пакінуў без нагляду і г.д. А пасля мы маем пажар у жылым доме. Таксама гараць хаты і з-за «жучкоў», якія жыхары ставяць самавольна. Самі бяруць і адключаюць аўтаматы абароны. Ставяць кавалкі дроту, а пасля маюць перагрузку сеткі. І пажары…

Як паведаміў спадар Салановіч, сёлета ў Беларусі адбылося 653 пажары з прычыны парушэння эксплуатацыі электраабсталявання, электрасетак і электрапрылад. А таксама 684 пажары з прычыны парушэння правілаў пажарнай бяспекі (у асноўным пры выкарыстанні печак).

Сяргей Салановіч адзначыў таксама, што па стане на 1 кастрычніка агледжана больш за 1,5 млн прыватных домаўладанняў. Зроблена болей за 5 млн заўваг. Пяць тысяч чалавек прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?