Мінск пры падрыхтоўцы двухбаковых праектаў пастаянна ціснуў на Маскву, каб атрымаць дадатковыя грошы, заявіў 5 кастрычніка журналістам міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын. Аб гэтым паведамляе РІА Новости.

«Пры падрыхтоўцы ключавых момантаў нашай Саюзнай дзяржавы, нашых сумесных праектаў мы адчуваем нейкі ўціск аб неабходнасці дадаткова з боку Расіі выдаваць грошы або зніжаць цэны на нашы энерганосьбіты, даваць крэдыты. Гэты спіс запытаў вельмі вялікі», — сказаў міністр.

У якасці прыкладу Кудрын прывёў пытанне ўзгаднення праекта аб адзінай валюце.

«Два міністэрствы фінансаў, два цэнтральныя банкі адпрацавалі ўсю дакументацыю, поўны набор усёй дакументацыі. Гэты праект быў у высокай ступені гатоўнасці. Тады была пастаўлена ўмова аб дадатковых буйных грантах, гэта значыць бязвыплатных сродках, якія павінны быць перададзеныя Беларусі як нейкае суправаджэнне гэтага праекта», — сказаў Кудрын.

Ён нагадаў, што дамоўленасць дасягнута не была.

«Гэта была не толькі ў гэтым справа, чаму мы не перайшлі на адзіную валюту, але гэта не адзіны праект, які затармазіўся і не быў рэалізаваны», — сказаў Кудрын.

Міністр фінансаў заявіў, што «пытанні крэдытаздольнасці беларускай эканомікі, яе знешніх даўгоў з’яўляюцца крытычнымі».
Пры гэтым Кудрын нагадаў, што раней ужо рабіў падобную заяву. «І тады не зусім знайшоў разуменне ў гэтым пытанні», — сказаў ён.

28 мая 2009 года Кудрын падчас паездкі ў Мінск выказаў сумненні ў плацежаздольнасці Беларусі. Ён заявіў, што Расія не выдасць краіне транш крэдыту ў 500 мільёнаў долараў да таго часу, пакуль Мінск не зробіць крокі па стабілізацыі эканомікі. Ад крэдыту ў расійскіх рублях Беларусь тады адмовілася, а Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў Кудрына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?