Сёлета кардынальна змяніўся механізм налічэння зямельнага падатку, які цяпер ужо напрамую залежыць ад кадастравага кошту занятай зямлі. На колькі істотна змяніліся стаўкі зямельнага падатку для грамадзян, расказала рэдакцыі начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Беларусі па Мінскім раёне Тэрэса Рэўтава.

— Як павялічыўся зямельны падатак для жыхароў Мінскага раёна?

— У кожным асобным сельскім Савеце зямельны падатак павялічыўся па-рознаму. Мінімальнае павелічэнне складае недзе ў 1,5 раза, як, напрыклад, у Крупіцах. У прэстыжных населеных пунктах непасрэдна пад Мінскам павелічэнне падатку дасягае 10 разоў і нават больш. Напрыклад, у Ждановіцкім сельскім Савеце на "беларускай Рублёўцы" ў Тарасава зямельны падатак павялічыцца больш чым у 10 разоў. Раней у Мінскім раёне зямельны падатак быў амаль аднолькавым для ўсіх населеных пунктаў. Цяпер такой ураўнілаўкі ўжо няма.

— Ці магчыма цяпер агучыць прыкладную суму зямельнага падатку за зямельны ўчастак плошчай у 10 і 20 сотак?

— У вёсцы Ждановічы за 16 сотак раней плацілі 19 тысяч рублёў зямельнага падатку, цяпер стала 157 тысяч; за падобны ўчастак у Тарасава плацілі тыя ж 19 тысяч, а стала 172 тысячы; у Дзегцяроўцы было 30 тысяч, а цяпер неабходна будзе заплаціць 206 тысяч рублёў. Разам з тым, у Гаранскім сельскім Савеце ў вёсцы Наваселле летась за ўчастак падатак складаў 11 тысяч, а цяпер павялічыўся да 47 тысяч рублёў.

— У межах аднаго населенага пункта стаўка зямельнага падатку аднолькавая для ўсіх уладальнікаў зямлі?

— Не. У Бараўлянах, напрыклад, вызначана больш 100 ацэначных зон, таму калі ў аднаго гаспадара квадратны метр зямлі паводле кадастравай ацэнкі будзе каштаваць недзе 20 долараў, то ўжо праз дарогу ў суседа зямля можа каштаваць толькі 10 долараў. Для гэтых уладальнікаў участкаў і памер зямельнага падатку будзе істотна адрознівацца.

— Атрымліваецца, што цяпер зямельны падатак пачынае даволі істотна біць па кішэні ўладальнікаў прыватных дамоў.

— Тут не трэба ўздымаць эмацыянальную хвалю. Калі б вам прапанавалі вёску Сухарава ці Тарасава, то вы, мабыць, выбралі б Тарасава, бо там жыць утульней і прэстыжней. А за лепшае месцазнаходжанне ўчастка трэба плаціць і большы зямельны падатак. Гэта сусветная практыка.

Больш за тое, спагнаны зямельны падатак застаецца ў бюджэце менавіта мясцовых сельскіх Саветаў. Потым гэтыя сродкі будуць выкарыстоўвацца для далейшага развіцця сацыяльнай інфраструктуры населеных пунктаў.

Уладальнікі дарагіх катэджаў маюць нядрэнныя заробкі і змогуць адшукаць каля 200 тысяч рублёў, каб разлічыцца за зямельны падатак.

Для жыхароў прысталічных вёсак захоўваецца сістэма падатковых ільготаў для пенсіянераў, інвалідаў, тых, хто жыве і працуе ў сельскай мясцовасці, для настаўнікаў і ўрачоў. Аднак каля 40 працэнтаў жыллёвай нерухомасці Мінскага раёна зарэгістравана на жыхароў сталіцы.

— Дзе самая дарагая зямля ў Мінскім раёне?

— Сярэдні кадастравы кошт квадратнага метра зямлі ў Калодзішчах і Бараўлянах складае каля 15 долараў, у Ждановічах і Сенніцы ён дасягае 17—19 долараў. Аднак існуюць і такія населеныя пункты, дзе квадратны метр зямлі каштуе ад 1 да 3 долараў. Там зямельны падатак практычна не павялічыўся. Таксама амаль не змяніўся памер зямельнага падатку па зямельных участках, якія займаюць грамадзяне ў складзе садаводчых таварыстваў.

— Калі грамадзянам неабходна аплачваць зямельны падатак?

— Па зямельным падатку трэба разлічыцца да 15 лістапада. Яго можна заплаціць цяпер ці восенню, аплачваць па частках ці адным плацяжом.

— Ці будзе павялічаны зямельны падатак для жыхароў шматкватэрных дамоў?

— Так, і даволі істотна. Памер яго будзе залежаць ад плошчы, якую займае дом, і ад кадастравага кошту такой зямлі. У Мінскім раёне зямельны падатак для жыхароў шматкватэрных дамоў можа скласці, у залежнасці ад плошчы жылля, прыкладна 10—20 тысяч рублёў у год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?