Скрыншот відэа АНТ

Скрыншот відэа АНТ

Жыхары вёскі Бронная Гара Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці скардзяцца, што ім няма чым дыхаць з-за вытворчасці бітуму, якім займаецца прадпрыемства «Ізаляцыя», што знаходзіцца за два кіламетры ад іх. Не ратуе ні адлегласць, ні тое, што паміж імі сасновы бор, піша «Люстэрка».

Пасля скаргаў эпідэміёлагі правялі аналіз паветра, а завод закупіў новае абсталяванне, але сітуацыя не змянілася.

«Стаяць шклопакеты, зачыняюцца шчыльна, але і ноччу, і днём да такой ступені пах праходзіць, што немагчыма дыхаць. Нават дзіця прачынаецца ад гэтага смуроду», — распавяла адна з мясцовых жыхарак.

Па словах жыхароў вёскі, прадпрыемства «Ізаляцыя» пачало выпускаць масціку на аснове нафтапрадуктаў з 2022 года. З тых часоў ім даводзіцца ўскокваць па начах і зачыняць вокны з-за нясцерпнага паху.

«Уся ноч перабітая. І так амаль кожны дзень. У асноўным па начах пах, але і днём бывае. Ідзе атручэнне арганізма. У чалавека пачынаецца галаўны боль і млоснасць. Немагчыма», — падзялілася адна з жанчын, якія жывуць у вёсцы.

Іншыя пацвердзілі яе словы, дадаўшы, што раніцай заўсёды прачынаюцца з галаўным болем, а дзеці хварэюць вельмі часта, «кашаль бясконцы проста».

Прадказаць з'яўленне паху мясцовыя не могуць, па іх словах, гэта ўсё залежыць ад ветру. З-за гэтага жыхары Броннай Гары пачынаюць думаць пра змену месца жыхарства.

«Пах з'явіўся з 2022 года ў асноўным. Раней мы адчувалі, але рэдка, а цяпер — увесь час. Нават лес пажаўцеў», — распавяла жыхарка вёскі.

Яны пісалі шматлікія звароты мясцовым уладам, але адказы складана назваць адказамі.

«Тут вырабляюцца нафтапрадукты. Яны вылучаюць вуглекіслату, ацэтыленавую кіслату, вельмі шмат хімічных элементаў, на якія ніхто аналізу не даў, нам яго не даюць», — сказаў адзін з жыхароў, хто займаўся зваротамі.

Тым часам эпідэміёлагі сцвярджаюць, што ніякай небяспекі няма, а аналізы яны праводзяць раз на тры месяцы. Апошнія замеры ў норме, а што тычыцца паху, то, па іх сцвярджэннях, яго праверыць наогул немагчыма.

«Канцэнтрацыя забруджвальных рэчываў у атмасферным паветры не перавышае гігіенічных нарматываў. Варта таксама адзначыць, што датычна менавіта паху, то такое паняцце, як пах, нарматыўнымі дакументамі не рэгламентуецца, гэта значыць мы не можам сказаць, пах вышэй за норму або ніжэй за норму», — сцвярджае галоўны доктар Бярозаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Раман Чатырбок.

Пасля шматлікіх зваротаў мясцовыя ўлады правялі сход з жыхарамі, а завод закупіў печку дапальвання і новае абсталяванне, якое ўсталявалі ўсяго пару тыдняў таму. Са слоў кіраўніцтва прадпрыемства, цяпер усё паводле стандартаў. Аднак пах у вёсцы нікуды не знік.

«Печка працуе па прынцыпе: ствараецца тэмпература каля тысячы градусаў і ўсе піралізныя газы і газы ад нашай акісляльнай калоны, якія ідуць сюды па трубаправодзе, трапляюць у печку, гарэлка распальвае гэтыя газы, і газы сыходзяць, згарэлыя газы сыходзяць», — распавёў дырэктар прадпрыемства «Ізаляцыя» Васіль Герцык.

Па яго словах, паху на дадзены момант практычна няма, а іншых варыянтаў вырашэння праблемы ён нідзе не ўбачыў.

Мясцовыя кажуць, што на прадпрыемстве абяцалі паставіць фільтры, але, мабыць, гэтага так і не зрабілі. На сустрэчы з жыхарамі вёскі дырэктар не адказаў на пытанне з нагоды фільтраў, заявіўшы, што «ў нас усё працуе». Ён таксама адзначыў, што завод панёс значныя дадатковыя выдаткі і ліквідаваў непрыемныя пахі, — вяскоўцы з гэтым не пагадзіліся.

Людзі ў вёсцы не маюць намеру адступаць, а спецыялісты паабяцалі працягнуць праверкі.

Чытайце таксама:

Кіраўніцтва расійскага прадпрыемства даносіла на экаактывістаў Магілёва, каб вырашыць уласныя праблемы

Забруджаная спадчына Беларусі. Ці можна яе ўбачыць і наколькі гэта бяспечна?

Мінчане стварылі петыцыю, каб захаваць сартаванне смецця

Клас
2
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
13