Абяцаныя працы не пачаліся. Паўтара гады, як зачынены Чырвоны касцёл у Мінску

Прайшло 18 месяцаў з таго часу, як дзверы каталіцкага храма Святога Сымона і Святой Алены (Чырвонага касцёла) у Мінску апячатаныя. 25 верасня 2022 года тут апошні раз цэлебравалі святую Імшу. У наступную ноч у храме адбыўся пажар пры дзіўных абставінах, пасля якога ўлады абвясцілі аб тым, што далейшая эксплуатацыя будынка небяспечная і ён мае патрэбу ў рамонце.

26 верасня 2022 года касцёл, які наведвалі каля 10 тысяч парафіянаў, закрылі для вернікаў.

З таго часу практычна ніякія работы ў храме не праводзілі, але абяцалі, што яны пачнуцца ў першым квартале 2024 года. Цяпер ідзе апошні тыдзень першага квартала, аднак абяцаныя работы так і не пачаліся, удакладнілі Katolik.life у парафіі. Як сцвярджаюць вернікі, сітуацыя ніяк не змянілася ў апошні час:

«Ніякіх прыкмет пачатку работ пакуль не назіраем, і на гэты конт нам нічога не паведамлялі. Падчас Вялікага посту парафіяне маліліся аб тым, каб гарадскія ўлады захацелі адкрыць для вернікаў касцёл на Вялікдзень».

У кастрычніку 2023 года намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Арцём Цуран, нядаўна абраны старшынёй Мінскага гарсавета, заяўляў:

«Рэканструкцыя храма вядзецца па плане, работы не спыняліся ні на адзін дзень, гэта можа пацвердзіць дырэктар КУП «Мінская спадчына» [дзяржпрадпрыемства, якому афіцыйна належыць будынак храма]. Падрыхтаваная праектная дакументацыя, і ў першым квартале 2024 года павінны пачацца работы ў будынку. Пасля іх завяршэння будзе прынята рашэнне аб аднаўленні дзейнасці касцёла».

Такую ж інфармацыю паўтарыла ў лістападзе адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска:

«Праект рэканструкцыі будынка касцёла запушчаны ў працу. Па аб'екце рэканструкцыі распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, якая праходзіць усе неабходныя ўзгадненні. Пачатак будаўнічых прац плануецца ў 1 квартале 2024 года».

Пасля гэтага ніякай новай інфармацыі афіцыйныя органы не публікавалі.

Чытайце таксама:

З дзвярэй Чырвонага касцёла знік дакумент аб апячатванні. Рэстаўрацыя ўжо пачалася?

З'явіліся свежыя фотаздымкі Чырвонага касцёла. Відовішча бязрадаснае

Прыбралі з музея, бо людзі працягвалі на яго маліцца. Выкупленыя беларусамі эскізы праліваюць святло на невядомы раней абраз з Чырвонага касцёла

Эскізы алтарных роспісаў мінскага Чырвонага касцёла выкупілі беларусы замежжа

Год як закрыты Чырвоны касцёл. Колькі чакаць яшчэ?

Клас
1
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
9