Адзін з галоўных талентаў беларускага хакея, але лічыў, што ўсяго дабіўся цяжкай працай

Канстанцін Кальцоў дэбютаваў за мінскае «Юнацтва» ў дарослым хакеі ва ўзросце 17 гадоў, пасля чаго паехаў у Расію. За акіянам заўважылі таленавітага беларуса, і ў 1999-м годзе «Пітсбург» яго выбраў на драфце НХЛ (штогадовы кірмаш маладых гульцоў) ужо ў першым раўндзе.

Кальцова выбралі пад агульным 18-м нумарам з усіх маладых зорак. Вышэй за яго з беларусаў каціраваліся ў свой час толькі Руслан Салей (9 нумар, 1996) і Андрэй Касціцын (10 нумар, 2003).

Да ЗША беларускі форвард даехаў не адразу. Здарылася гэта толькі ў сезоне 2002/03, прычым Кальцоў больш часу праводзіў у фарм-клубе «Пітсбурга».

Малады хакеіст у пачатку нулявых перапісваўся з заўзятарамі на інтэрнэт-форуме газеты «Прэсбол» і пісаў пра сябе наступнае: «Я — не талент. Калі я чагосьці дасягаю, то толькі праз велізарную працу — калі ад трэніроўкі губляеш прытомнасць або, прабачце за выраз, блюеш».

Гуляў з адной легендай хакея і ўражваў хуткасцю другую

За акіянам у Кальцова не ўсё атрымалася. У свой другі сезон за «Пітсбург» форвард узяў удзел ва ўсіх 82 матчах НХЛ, але яго каманда стала найгоршай у лізе.

Прычым беларус гуляў у адной тройцы з канадцам Марыа Лемьё, якога лічаць адным з найлепшых хакеістаў у гісторыі. А сваёй хуткасцю Кальцоў уражваў зусім юнага на той момант Сідні Кросбі.

У 2004-м ліга сышла ў лакаўт праз забастоўку гульцоў, а Канстанцін Кальцоў вярнуўся спачатку ў мінскае «Дынама», а пасля ў маскоўскі «Спартак». Пасля заканчэння забастоўкі беларус зноў паехаў у «Пітсбург», але сезон 2005/06 стаў правальным для форварда.

Першым сярод беларусаў выйграў КХЛ

У сярэдзіне нулявых Кальцова падпісаў «Салават Юлаеў», адзін з найбольш тытулаваных расійскіх клубаў. У інтэрв'ю вяртанне беларус каментаваў наступным чынам:

«Была прапанова «Каламбуса», але ў Расіі плацяць больш».

За шэсць сезонаў ва Уфе форвард выйграў чэмпіянат Расіі, а ў 2011-м стаў пераможцам Кантынентальнай хакейнай лігі — чэмпіянату з расійскіх і ўсходнееўрапейскіх каманд.

У 2016-м Кальцоў прэзентаваў кубак Гагарына ў Мінску.

У 2016-м Кальцоў прэзентаваў кубак Гагарына ў Мінску.

Доўгі час Кальцоў быў адзіным беларусам, які меў статус чэмпіёна КХЛ. 

Шмат гадоў гуляў за каманду Лукашэнкі і падпісаўся за ўладу

Кальцоў скончыў кар'еру хакеіста ў 2016 годзе — мінскае «Дынама» вырашыла не прапаноўваць новы кантракт 35-гадоваму ветэрану.

Гулец знайшоў сабе новы калектыў даволі хутка. Ім стала каманда Аляксандра Лукашэнкі. Першы матч Кальцоў правёў у Шклове на адкрыцці хакейнай арэны і адзначыўся закінутай шайбай.

Выступленні за лукашэнкаўскую каманду хакеіст сумяшчаў з трэнерскай кар'ерай. У 2018 годзе ён нават прапусціў гульню «Дынама», дзе працаваў трэнерам, каб згуляць на Калядным турніры.

Фальсіфікацыя выбараў і пратэсты ніяк не паўплывалі на жаданне быць у адной камандзе з Лукашэнкамі, а ў 2020-м ён падпісаў праўладны ліст, заявіўшы, што спорт павінен быць па-за палітыкай.

Кальцова прарочылі ў трэнеры «Дынама» і зборнай

Апошні сезон мінскім клубам і зборнай кіраваў расійскі трэнер Дзмітрый Квартальнаў. Але «Дынама» правяло дастаткова бляклы сезон, стандартна вылецеўшы ў першым раўндзе плэй-оф КХЛ. Зборная ж пад міжнародным банам пераважна ганяе таварыскія матчы з расіянамі.

У лютым з'явіліся чуткі, што Квартальнаў у Мінску не затрымаецца, а на яго месца прыйдзе Канстанцін Кальцоў. Малады беларускі трэнер няблага сябе зарэкамендаваў асістэнтам галоўнага трэнера ў «Салаваце Юлаеве». І меў досвед кіравання нацыянальнай зборнай: у 2021 і 2023 гадах ён падмяняў галоўных трэнераў. 

Агенцтва Winners абвяргала інфармацыю пра інтарэс «Дынама» да Кальцова, але за некалькі гадзін да гібелі 42-гадовага трэнера стала вядома, што ён пакідае «Салават Юлаеў».

Чытайце таксама:

Журналіст пра смерць Кальцова: Цяжка ўявіць, што цяпер адчувае Сабаленка

Дзве трагедыі Сабаленкі. У 42 гады памёр бойфрэнд тэнісісткі, а да гэтага амаль у такім жа ўзросце — яе бацька

Канстанцін Кальцоў загінуў у Маямі

Салей, Цыплакоў, Кальцоў — лёсы беларускіх хакеістаў, якія першымі скаралі НХЛ, выдаліся трагічнымі

У ЗША загінуў хакеіст Канстанцін Кальцоў — бойфрэнд Арыны Сабаленка

Клас
9
Панылы сорам
14
Ха-ха
6
Ого
3
Сумна
12
Абуральна
11