Аксана Хіневіч

Аксана Хіневіч

Жыхарка Барысава Аксана Хіневіч пасьля ператрусу ў межах справы INeedHelpBY уцякла зь Беларусі. Ужо пасьля гэтага яе дыстанцыйна судзілі праз інтэрнэт. Яе гісторыю распавядае «Радыё Свабода».

Яшчэ ў студзені Аксана Хіневіч была жыхаркай Барысава. У 2020 годзе яе сына, ІТ-спэцыяліста Анатоля Хіневіча затрымалі ў Менску падчас пратэстаў і асудзілі на 2,5 года зьняволеньня. Пакуль сын быў за кратамі, маці дапамагала яму перадачамі і грашыма.

Летась, адбыўшы свой тэрмін, Анатоль зьехаў зь Беларусі ў Вільню, а нядаўна да яго прыехала і маці. Але ня ў госьці, а таксама як уцякачка. Бо пасьля 23 студзеня вырашыла, што заставацца далей у Беларусі ёй небясьпечна. Аксана Хіневіч — адна з тых, каго затрымлівалі ў справе INeedHelpBY — арганізацыі дапамогі сем’ям палітвязьняў, якую КДБ прызнала «экстрэмісцкаю».

Як паведамлялі праваабаронцы, раніцай 23 студзеня ў дзьверы да больш як 280 беларусаў і беларусак уварваліся сілавікі. Гэтак распачалася справа INeedHelpBY, кропка ў якой яшчэ не пастаўленая. Усім затрыманым давялося прайсьці празь ператрусы і допыты, ня менш за 100 чалавек ужо пакараныя паводле артыкулу 24.15 Адміністрацыйнага кодэксу. Некаторыя дагэтуль за кратамі. Судзілі і Аксану Хіневіч. Гэта адбылося ўжо пасьля яе пераезду ў Літву. Аксана ўдзельнічала ў працэсе праз вайбэр.

Званок у дзьверы

«7 раніцы, званок у дзьверы. Адчыняю і першае, што бачу перад вачыма, — пасьведчаньне КДБ. І адразу пытаньне: «Ці атрымлівалі вы праз Е-дастаўку дапамогу ад INeedHelpBY?»

Аксана Хіневіч прызнаецца, што спачатку была шакаваная. Але адразу сабралася з думкамі і на пытаньне адказала пытаньнем: «Так, а што тут такога? Мне людзі дапамагалі, у мяне цяжкае становішча, сын у турме, маці-інвалід. Што незаконнага, калі чалавек дапамагае чалавеку?»

Аксана Хіневіч

Аксана Хіневіч

У доме Аксаны правялі ператрус, забралі два сыстэмныя блёкі ад кампутараў, флэшкі, тэлефоны, кніжкі і вершы сына, бел-чырвона-белую налепку. Яшчэ перад вобшукам ёй паказалі ордэр, у якім згадвалася крымінальная справа, але ў выніку справу перакваліфікавалі на адміністрацыйную. Жанчына мае сваю вэрсію, чаму.

«Бо затрыманыя казалі прыблізна адно і тое ж: што дапамагала не арганізацыя, а пэўны чалавек. Як і было! Вось ім і не ўдалося сабраць доказаў на «крыміналку». Але мяне не адпусьцілі, а адправілі ў раённы аддзел міліцыі», — кажа Аксана.

«А я вас сюды не прывозіў»

Ноч жанчына правяла ў пастарунку, у халодным «стакане плошчай мэтар на мэтар». Згадвае з крыўдай: «Толькі пасьля 6 раніцы адвялі ў прыбіральню. Абуралася, казала, што зараз зраблю тут лужыну. На што пачула ад дзяжурнага міліцыянта: «А я вас сюды не прывозіў».

Раніцай зь міліцыі Аксану павезьлі ў суд Барысаўскага раёну на адміністрацыйны працэс.

«Пасадзілі ў адну машыну разам з алькаголікамі-дэбашырамі, чалавек 10 такіх было, і павезьлі», — кажа Хіневіч і прызнаецца, што рыхтавалася да арышту, але вырашыла не здавацца, бараніць сябе да апошняга. Найбольш абурыў Аксану складзены на яе пратакол.

«Нібыта побач з будынкам Сьледчага камітэту я супраціўлялася, адмаўлялася сядаць у аўтамабіль з супрацоўнікамі КДБ. А там жа вакол камэры! Адмаўляю гэта і кажу, што мае словы лёгка праверыць, праглядзеўшы запісы відэакамэраў. Можна апытаць і міліцыянта, які тады дзяжурыў і выводзіў мяне з пастарунку. Дык не! Нічога нават ня сталі вывучаць. Проста абвясьцілі, што вінаватая і мушу сплаціць штраф. Дый наастачу спыталі: «Вы згодная?»»

Па выхадзе з суду жанчына яшчэ ня думала, што давядзецца ўцякаць. Пайшла і аплаціла штраф. Але калі ў міліцыі ёй не аддалі кампутар, а сказалі, што «зь ёю зьвяжуцца супрацоўнікі КДБ», Аксана ўсур’ёз спалохалася. На разважаньні жанчына патраціла яшчэ ноч і раніцу. Званок сына зь Вільні, які раіў не марнаваць часу, стаў апошнім штуршком да рашэньня зьехаць.

«Сабрала рэчы, і цяпер я ў Вільні. У сына. Муж, якога трэба было класьці ў шпіталь, застаўся дома, за ім цяпер даглядае ягоная сястра. Два каты таксама пад прыглядам. Сяброўкі ўсе там. А я магу толькі адсюль нешта параіць ды падтрымаць словам».

Спрэчкі з супрацоўнікамі КДБ

Падчас ператрусу ў Аксаны адбылася спрэчка з супрацоўнікамі барысаўскай управы КДБ. Жанчына наракала на мэдыцыну, ЖКГ ды іншыя праблемныя сфэры жыцьця ў Барысаве. Цяпер пераказвае прэтэнзіі ў дэталях.

«Мне за 50, маю некалькі хранічных захворваньняў. Трэба рабіць шмат складаных аналізаў, якіх проста няма ў нашай паліклініцы. У шпіталі чалавека яшчэ палечаць. Але ў амбуляторных умовах, калі ў цябе няма знаёмства, дамагчыся, каб зрабілі складаныя аналізы, вельмі цяжка. Толькі праз платную клініку, а калі ў паліклініцы — чакай месяцамі, а некаторых аналізаў — гадамі. Калянаскапіі я чакала паўтара года», — прыводзіць Аксана прыклад з уласнага досьведу.

Шмат нараканьняў у Аксаны і на працу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ў Барысаве. Жанчыны згадала, як у яе пад’ездзе жыхары задумалі зьмяніць старыя трубы ў «стаяку» на сучасныя, плястыкавыя.

«У суседнім доме гэтак зрабілі, і ў іх у ванных пакоях цяпер парадак — рамонты закончыліся. І мы пайшлі ў ЖКГ. Давайце, кажам, за свае грошы купім новыя плястыкавыя трубы, а вы толькі дайце рабочых усталяваць. Але нам адказалі, што ня маем права нічога мяняць. Маўляў, трубы належаць іхняй установе, паводле праекту мусяць быць чыгунныя, хай такімі і застаюцца».

Незадаволеная жанчына і тым, якая цяпер у Барысаве сытуацыя з гандлем харчовымі і прамысловымі таварамі. Паводле яе, леташні кантроль над ростам цэнаў прывёў да таго, што ледзь не ўдвая зьменшыўся асартымэнт.

«На рынку ўжо няма таго выбару, як раней. Калі ёсьць мандарыны, дык ува ўсіх аднолькавыя. Раней 5-6 відаў памідораў можна было знайсьці, а цяпер 2-3. Але, калі шчыра, дык і няма грошай хадзіць па рынку. Закаткі даядаем», — шчыруе жанчына.

Паводле Аксаны, цяпер у Вільні яна набывае прадукты таньнейшыя і лепшай якасьці, чым у Беларусі. «Калі знайсьці зьніжку, дык мяса, качка, язык — таньнейшы. Пра сыры з плесьняй увогуле маўчу. У нас, акрамя беларускіх ці расейскіх, нічога няма, а тут выбар вялікі. Раней і ў нас былі францускія, гішпанскія, італьянскія сыры, але, як санкцыі ўвялі пасьля 2022 году, выбару ня стала. І гэтак шмат з чым», — наракае Аксана на сытуацыю з харчамі ў родным горадзе.

Пры гэтым жанчына заўважае, што пасьля 24 лютага 2022 году яна і шмат хто зь яе сябровак увогуле перасталі купляць расейскія харчы і тавары.

«Чамусьці такая адмова адбылася. Нават печыва, шакаляд — нічога не бяру расейскага. І сяброўкі, аказваецца, таксама. Пачынаю зь сяброўкамі размаўляць пра крамы, і высьвятляецца, што з пачатку вайны ад расейскіх тавараў усіх быццам адвярнула. Хоць у крамах іх менш ня стала», — разводзіць рукамі Аксана.

Суд праз вайбэр

З падзеяў, якія Аксана Хіневіч перажыла за месяц жыцьця ў Вільні, самая адметная для яе — гэта суд праз вайбэр, які адбыўся 9 лютага. Напярэдадні зазваніў мабільны, і супрацоўніца Барысаўскага раённага суду запрасіла яе на адміністрацыйны працэс у справе INeedHelpBY. Аксана мела права адмовіцца, але вырашыла ўдзельнічаць.

«Пагадзілася, каб зьведаць, як гэта будзе, што мне паставяць у віну, чым будуць даказваць. Увогуле як можна судзіць за тое, што атрымаў дапамогу ад іншага чалавека? Высьвятляецца — можна!», — кажа Аксана і ўключае запіс працэсу, зроблены на мабільны тэлефон.

На другім канцы сувязі судзьдзя зачытвае пратакол, складзены на Аксану Хіневіч.

«Хіневіч Аксана Пятроўна, выкарыстоўваючы пэрсанальны кампутар, зьвязалася з замежным аб’яднаньнем INeedHelpBY, якое прызнана КДБ Беларусі экстрэмісцкай арганізацыяй, у парушэньне дэкрэту прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 25.05.2020 «Аб замежнай беззваротнай дапамозе» ў рэдакцыі дэкрэту прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 08.01.2021 году № 7, у пэрыяд часу з 12.02.2022 па 05.04.2023 году, знаходзячыся ў горадзе Барысаў, атрымала і выкарыстала беззваротную замежную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў, набытых у інтэрнэт-краме «Эўраопт», на агульную суму ў 2854 рублі», — чуваць з тэлефону.

У тлумачэньнях Хіневіч віны не прызнала. Жанчына патлумачыла мэханізм дапамогі, якую атрымлівала ад прыватных асобаў.

«Робіш заяўку праз кошык Е-дастаўкі ў асабістым кабінэце, а чалавеку перасылаюць твае зьвесткі. Выбраны набор чалавек аплочвае і наступным днём усё прывозяць да мяне. Пра жаданьне дапамагчы чалавек пісаў мне ў тэлеграме», — расказала суду Аксана і абгрунтавала неабходнасьць дапамогі: ёй трэба было перадаваць перадачы сыну, які быў у калёніі № 3, між тым прыбытак у жанчыны быў малы, яна даглядала за маці-інвалідам, штомесяц зарабляла толькі 300 рублёў.

Судзьдзя выслухала жанчыну, але рашэньне прыняла не на яе карысьць.

«Хіневіч Аксану паддаць адміністрацыйнаму пакараньню на падставе часткі 2 дэкрэту № 7 прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 08.11.2021 году ў выглядзе штрафу 20 базавых велічыняў на суму 800 рублёў з канфіскацыяй беззваротнай дапамогі на суму 2854 рублі», — прагучала рашэньне, і неўзабаве сувязь абарвалася.

Аксана Хіневіч заўважае, што ў рашэньні не было спасылкі на Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Тое, што гэта ёсьць істотным парушэньнем, Свабодзе пацьвердзіў праваабаронца зь «Вясны» Павал Сапелка.

Павал Сапелка

Павал Сапелка

«Само па сабе парушэньне дэкрэту ня ёсьць крымінальна караным дзеяньнем. У Кодэксе аб адміністрацыйных парушэньнях сказана, што толькі ён ёсьць законам, на падставе якога чалавека прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці», — патлумачыў праваабаронца.

Таксама Павал Сапелка зьвярнуў увагу на час, калі, паводле Барысаўскага раённага суду, учыніла правапарушэньне Аксана Хіневіч — апошні эпізод датаваны красавіком мінулага году. Як мяркуе праваабаронца, тэрмін прыцягненьня Аксаны Хіневіч да адміністрацыйнай адказнасьці даўно мінуў. Тое самае праваабаронца кажа і пра іншыя адміністрацыйныя справы аб дапамозе праз арганізацыю INeedHelpBY, зь якімі знаёміўся раней.

«Даўно мінуў тэрмін прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці тых, хто атрымліваў і выкарыстаў гэтую дапамогу. У гэтым выпадку — два месяцы. Нават калі б чалавек быў у чымсьці вінаваты, толькі цягам двух месяцаў яго маглі за гэта прыцягнуць да адказнасьці. Гэта цяпер робіцца цалкам на надуманых падставах, улады злоўжываюць», — мяркуе Павал Сапелка.

Аксана Хіневіч зьбіраецца абскардзіць пастанову суду Барысаўскага раёну. Але кажа, што пакуль ня ў стане гэта зрабіць: «Мне не ўдаецца атрымаць пастанову і яе матывацыйную частку. На ўсе мае запыты ў суд у адказ маўчаньне».

Чытайце таксама:

Мінімум 100 судоў. Працягваецца пераслед за атрыманне дапамогі праз INeedHelpBY

85 чалавек асудзілі за выкарыстанне замежнай дапамогі пасля рэйду сілавікоў

Палітвязня, які адбывае тэрмін на «хіміі», аштрафавалі за атрыманне «замежнай дапамогі» ад INeedHelpBY

Клас
10
Панылы сорам
8
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
6
Абуральна
38