Фота: «Наша Ніва»

Фота: «Наша Ніва»

Магчыма, вы думаеце, што кожная трэніроўка павінна вас высільваць і прымушаць задыхацца, каб быць эфектыўнай — але гэта не зусім так. Большую частку практыкаванняў для сардэчна-сасудзістай сістэмы можна выконваць на ўзроўні, які дазваляе весці злёгку напружаную размову.

У шырокім сэнсе гэта практыкаванні з адносна невялікімі намаганнямі на працягу доўгага часу. Такі тып трэніровак дапамагае нам больш эфектыўна выпрацоўваць энергію, стымулюючы электрастанцыі нашых клетак — мітахондрыі. З часам гэта прыводзіць да паляпшэння здароўя і спартыўных вынікаў.

Элітныя спартсмены часта трэніруюцца менавіта з такой інтэнсіўнасцю, бо гэта развівае ў іх уменне трэніравацца хутчэй на працягу больш доўгіх прамежкаў часу, адзначае WSJ. На мове фітнэсу гэты мяккі ўзровень інтэнсіўнасці называецца зонай 2. Яго перавагі рэкламаваліся ў бестселеры «Жыць даўжэй. Навука і мастацтва даўгалецця» Пітэра Ація, а таксама ў аднайменным падкасце, які вядзе нейрабіёлаг Эндру Хуберман.

Адзін з самых простых спосабаў вызначыць зону, у якой вы трэніруецеся, — гэта выкарыстоўваць так званы гутарковы тэст:

  • Зона 1: Хуткая прагулка, падчас якой вы можаце лёгка падтрымаць размову (сардэчны рытм <57%)
  • Зона 2: Расслабленая прабежка або лёгкая паездка на ровары, падчас якой вы ўсё яшчэ можаце гаварыць, але кожныя некалькі слоў перарываюцца чутным дыханнем (сардэчны рытм 57%-63%)
  • Зона 3: Бег, падчас якога вы не можаце вымавіць больш за тры сказы (сардэчны рытм 64%-76%)
  • Зона 4: Трэніроўка, падчас якой вы можаце адказаць толькі «так» ці «не» (сардэчны рытм 77%-95%) 
  • Зона 5: Татальны спрынт, у часе якога вы не можаце гаварыць (сардэчны рытм 96%) 

Вы можаце ацаніць зону, у якой трэніруецеся, з дапамогай гутарковага тэсту ці з дапамогай гаджэтаў: многія кардыятрэнажоры і фітнэс-трэкеры, такія як Apple Watch і Fitbit, адсочваюць частату сардэчных скарачэнняў даволі дакладна.

У чым сакрэт Зоны 2

Ідэя пра тое, што чалавечае цела створанае для падтрымання няпростай, але і не празмерна складанай інтэнсіўнасці на працягу доўгага часу, узыходзіць яшчэ да часоў паляўнічых-збіральнікаў. Але каб атрымаць сапраўдную карысць ад заняткаў нізкай інтэнсіўнасці, трэба трэніравацца такім чынам не менш за тры-пяць гадзін на тыдзень.

Практыкаванні ў зоне 2 спальваюць тлушч, аднак не разглядайце гэты тып трэніровак як ключ да зніжэння вагі. Сапраўдная карысць ад такіх трэніровак у тым, што яны аптымізуюць працу нашых мітахондрый — акумулятараў у нашых клетках, якія ператвораць тлушчы і вугляводы ў энергію.

Мітахондрыі стымулююцца фізічнымі практыкаваннямі, і доктар Сан Мілан, былы веласіпедыст і дацэнт медыцынскага факультэта Універсітэта Каларада, даследаваў, як гэтая стымуляцыя змяняецца ў залежнасці ад інтэнсіўнасці нагрузкі. Вымераўшы ўзровень лактату ў крыві спартсменаў, ён выявіў, што практыкаванні ў зоне 2 паляпшаюць функцыю мітахондрый значна больш, чым іншыя нагрузкі.

Спартсмены з аптымальным мітахандрыяльным здароўем спальваюць энергію больш эфектыўна і перапрацоўваюць лактат — пабочны прадукт, які выпрацоўваецца ў арганізме падчас энергічных трэніровак.

«Калі ваша цела не можа вывесці лактат, яно скоўвае мышцы і запавольвае вашу хуткасць», — кажа даследчык. Ён прыйшоў да высновы, што функцыя мітахондрый з'яўляецца лепшым паказчыкам вынослівасці, чым нават VO2 max — паказчык вашай максімальнай аэробнай здольнасці.

Сталеючы, мы губляем функцыю мітахондрый. Даследаванні звязалі мітахандрыяльную дысфункцыю з дыябетам 2 тыпу, сардэчна-сасудзістымі захворваннямі і ракам. Таму трэніроўкі ў зоне 2 могуць аказаць станоўчы ўплыў не толькі на фізічную форму, але і на працягласць жыцця і здароўе.

Не панацэя

Варта памятаць, што зона 2 — толькі частка вялікай фітнэс-галаваломкі. Такія практыкаванні ўмацоўваюць нашу цягавітасць, але нашы трэніроўкі павінны быць разнастайнымі і ўключаць у сябе таксама сілавыя і высокаінтэнсіўныя трэніроўкі (зона 4). Спартыўныя эксперты раяць, каб 80% трэніровак траплялі ў зону 2, а 20% — у зону 4.

Людзі, якім трэніроўкі нізкай інтэнсіўнасці здаюцца нецікавымі і аднастайнымі, або спартсмены, якія прызвычаіліся заўсёды трымаць высокі тэмп, часам маюць цяжкасці з доўгімі, павольнымі трэніровачнымі днямі. Калі вы таксама нудзіцеся ад практыкаванняў у зоне 2, знайдзіце каго-небудзь з падобным узроўнем фізічнай падрыхтоўкі: бо зона 2 прафесійнага веласіпедыста, хутчэй за ўсё, будзе зонай 4 для звычайнага чалавека.

З часам ваша цела адаптуецца. Пры рэгулярных практыкаваннях вы зможаце не толькі адолець прабежку на 5 км, ад якой калісьці ў вас перахоплівала дыханне, але і будзеце размаўляць падчас яе з сябрам.

Чытайце таксама:

Тры спосабы палепшыць тэхніку бегу

Памятка: якіх дактароў і як рэгулярна трэба праходзіць, каб трымаць здароўе пад кантролем

Вучоныя выявілі дзіўную сувязь паміж тэмпературай цела і дэпрэсіяй

Як алкаголь уплывае на жывот і чаму ад алкаголю стул становіцца дзіўным?

Экадашы і аскеза. Дыетолаг тлумачыць, які з модных трэндаў у харчаванні насамрэч дапаможа скінуць лішнюю вагу

У чым розніца паміж сацыяпатам і псіхапатам?

Клас
23
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
5