Бакавы алтар Бічавання Пана Езуса да і пасля рэстаўрацыі. Фота: Wikimedia Commons, Catholic.by

Бакавы алтар Бічавання Пана Езуса да і пасля рэстаўрацыі. Фота: Wikimedia Commons, Catholic.by

Адноўлены бакавы алтар Бічавання Пана Езуса ў касцёле Святога Францыска Ксаверыя быў адкрыты і асвечаны 11 лютага. Службу ўзначаліў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Сёння ў касцёле 13 барочных алтароў. Галоўны алтар створаны ў 1736—1737 гады. Шэсць кулісных двух'ярусных алтароў, што размешчаны паміж слупамі франтальна да ўвахода, больш старыя, яны былі створаны ў 1709—1716 гады. 

Выканаўца алтара Бічавання Пана Езуса невядомы. У час Другой сусветнай вайны ў касцёле выбіла шыбы, унутр трапляла вільгаць і дрэва, з якога зроблены алтар, падгніло. Рэстаўратары былі вымушаны цалкам разабраць алтар, чаго не рабілі з папярэднімі. Усе яго часткі былі сабраныя нанава, некаторыя элементы заменены. Алтарны жывапіс быў адрэстаўраваны гродзенскім мастаком Уладзімірам Кіслым.

Па словах пробашча парафіі ксяндза каноніка Яна Кучынскага, плануецца аднаўленне і іншых алтароў, наступным з якіх будзе алтар Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Адрэстаўраваныя бакавыя алтары Святой Тройцы і Маці Божай Ружанцовай. Фота: Wikimedia Commons

Адрэстаўраваныя бакавыя алтары Святой Тройцы і Маці Божай Ружанцовай. Фота: Wikimedia Commons

Аднаўленне алтароў у гродзенскім касцёле пачалося з галоўнага, пашкоджанага падчас пажару ў 2006 годзе. У 2013 годзе скончылі рэстаўрацыю бакавога алтара Святога Міхала Арханёла, у 2015 — Святой Тройцы, у 2018 — Маці Божай Ружанцовай, у 2020 — Юды Тадэвуша.

Пробашч касцёла мае намер аднавіць усе цэнтральныя алтары ў храме, каб, як ён кажа, кожны хто заходзіць у святыню, мог захапіцца яе архітэктурай, «бо яна прамаўляе».

«Кожны завіток мае сваё значэнне. І калі штосьці ведаеш пра сакральнае мастацтва, то зусім па-іншаму глядзіш на разьбу, абразы: не толькі як на «золата». Заходзіш у касцёл — і як кнігу чытаеш… Усё гэтае багацце паказвае неверагодную прыгажосць і прыцягвае чалавека да Бога», — адзначыў ксёндз.

Чытайце таксама:

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстаўка шэдэўраў беларускай скульптуры ФОТА

У Жыровіцкім манастыры адрэстаўруюць іканастас, з якога раней выкінулі беларускія абразы

Год як закрыты Чырвоны касцёл. Колькі чакаць яшчэ?

Клас
12
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0