Цяпер завяршаюцца рамонтныя работы ў Жыровіцкім Свята-Успенскім саборы. Паводле слоў намесніка міністра культуры Сяргея Саракача, да 2025 года, акрамя бягучага рамонту ў храме, плануецца выканаць рэстаўрацыю і аднаго з найстарэйшых у краіне іканастаса.

У Жыровічы ўжо выязджалі спецыялісты Нацыянальнага мастацкага музея, супрацоўнікі «Белрэстаўрацыі», якія вывучалі сітуацыю. Было праведзена абследаванне стану іканастаса, выяўлены тыя элементы, якія неабходна аднавіць або поўнасцю замяніць. Работы, на думку намесніка міністра, чакаюцца сур'ёзныя. Ён спадзяецца, што сродкі на іх будуць адшуканы.

Выгляд іканастаса да 2009 года

Выгляд іканастаса да 2009 года

Першапачаткова ва Успенскім саборы быў толькі цэнтральны іканастас, пабудаваны каля 1730 года, які добра захаваўся да нашых дзён. У 1779 годзе для роспісу гэтага іканастаса, як і іканастаса Яўленскай царквы, быў запрошаны майстар Рыгор Мядзведскі. Іканастас сабора выкананы ў характэрным стылі барока. Звяртаюць на сябе ўвагу абразы апосталаў, цэнтральная выява «Спаса Уседзяржыцеля» ў сярэбранай раме. Бакавы іканастас храналагічна адносіцца да рамонту храма ў 60-я гг. XIX ст., а таксама сярэбраныя шаты на выявах.

Паступовая замена беларускіх барочных абразоў на «псеўдарускія»

Паступовая замена беларускіх барочных абразоў на «псеўдарускія»

У 2009 годзе па благаславенні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта сем старадаўніх абразоў з іканастаса Успенскага сабора былі перададзены Жыровіцкім манастыром у Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Барочныя абразы былі заменены на сучасныя, якія выкананыя ў нібыта «старажытнарускім стылі» інакіняй Анфісай. Гэтыя абразы з’яўляюцца дысгарманічнымі ў дачыненні да барочнага іканастаса і барочных інтэр’ераў храма.

Ці вернуцца ў рамках рэстаўрацыі гістарычныя абразы або іх копіі, намеснік міністра культуры не паведаміў.

Чытайце таксама:

Пад Навагрудкам аднавілі каплічку. Рамонт яе нечаканым чынам састарыў

Год як закрыты Чырвоны касцёл. Колькі чакаць яшчэ?

Першы этап рэстаўрацыі абарончага храма ў Мураванцы амаль скончаны. Далей возьмуцца за гатычныя інтэр'еры

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?