Remote work

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Шматразовае павелічэнне колькасці работнікаў, якія працуюць з хаты, упершыню было выклікана пандэміяй і і істотна паўплывала на розныя галіны, такія як нерухомасць і дзелавыя паездкі. Таксама гэта прывяло да таго, што людзі пачалі больш актыўна з'язджаць з гарадоў у прыгарад. У блізкім часе праца з дому нікуды не дзенецца, таму прыгледзімся да таго, якія наступствы гэта можа мець у доўгатэрміновай перспектыве.

Якія галіны пацерпяць

Больш за ўсё, імаверна, прайграюць уладальнікі офісаў і гандлёвай нерухомасці ў цэнтры горада. Масавы пераход на працу з дому стварыў так званы эфект пончыка ў буйных гарадах па ўсім свеце — калі людзі выбіраюць для жыцця ўскраіны, а не цэнтр. Мільёны супрацоўнікаў больш не ездзяць на працу штодзень, у выніку чаго многія офісы запоўненыя толькі напалову. Новае будаўніцтва запаволілася, многія пустыя будынкі паступова пераўладкоўваюць у жылыя памяшканні, а некаторыя няякасныя офісы проста знясуць.

Прайгралі таксама сістэмы грамадскага транспарту, бо пасажыры перайшлі ад пяцідзённага графіка паездак на працу да двух ці трох дзён на тыдзень — і гэта прыводзіць да павелічэння бюджэтнага дэфіцыту.

Цэнтральныя раёны буйных гарадоў — яшчэ адны сярод тых, хто прайграў: іх жыхары пераязджаюць у прыгарады і пераносяць з сабой і свае падатковыя ўнёскі. Пасля сыходу насельніцтва і, адпаведна, падаткаў, у цэнтральных раёнаў могуць узнікнуць фінансавыя цяжкасці.

Але ёсць пераможцы

Пераможцамі, як мяркуе Wall Street Journal, сталі ўласна самі працаўнікі. Прынамсі, у апытанках яны паведамляюць, што ацэньваюць магчымасць працаваць з дому два ці тры дні на тыдзень гэтак жа высока, як павышэнне заробку. Бо гэта знізіла стрэс, а таксама дало большую колькасць асабістага і сямейнага часу.

Нядаўняе даследаванне паказала, што тыповы амерыканец, які працуе з хаты, траціць на догляд за дзецьмі на 40 хвілін у тыдзень больш, чым звычайна — бо эканоміць час на тым, што яму не трэба ездзіць на працу.

Гэта можа мець станоўчы ўплыў нават для нараджальнасці, бо даглядаць дзяцей стане крыху зручнейшым.

Яшчэ адным пераможцам можна лічыць навакольнае асяроддзе, бо скарачаюцца патрэбы ў паездках на працу і электраэнергіі ў офісе.

І, мабыць, больш за ўсё выгады атрымліваюць самі кампаніі. Паводле назіранняў, гібрыдная праца тры дні на тыдзень у офісе даволі нейтральна ўплывае на прадукцыйнасць супрацоўнікаў, але адначасова з гэтым дазваляе кампаніям эканоміць на выдатках на падбор і ўтрыманне супрацоўнікаў. Фірмам не трэба траціцца на офісныя выдаткі, і яны могуць наймаць людзей па ўсім свеце.

Масавае ўкараненне гібрыднай працы мільёнамі кампаній у ЗША і Еўропе — мабыць, самы пераканаўчы доказ яе дадатковага ўплыву на прыбытковасць.

У будучыні вялікія змены павінны адбыцца і з новымі тэхналогіямі, якія мы выкарыстоўваем для аддаленай працы. Калі на першых этапах яна прадугледжвала канферэнц-сувязь і адпраўку файлаў па электроннай пошце, то сёння многія дзеляцца файламі ў воблачных сетках. Прафесар эканомікі Стэнфардскага ўніверсітэта Нікалас Блюм адзначае, што ў гутарках са стартапамі і тэхналагічнымі фірмамі ён чуе пра сістэмы для галаграфічных сустрэч, экраны памерам са сцяну і новыя сродкі для глабальнай сувязі. Распрацоўка гэтых тэхналогій азначае, што праца з дому не толькі трывала ўвайшла ў наша жыццё, але і будзе пашырацца.

Чытайце таксама:

Адчуваеце эмацыйнае выгаранне? Вось тры парады вам, калі вы працуеце аддалена

Як маладыя людзі шукаюць сяброў у сучасным свеце

Працадаўцы не хочуць браць на працу зумераў — вось чаму тыя правальваюць сумоўі

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1