Першыя дні нападу баевікоў ХАМАС на Ізраіль у кастрычніку мінулага года. Фота: Yousef Masoud / AP

Першыя дні нападу баевікоў ХАМАС на Ізраіль у кастрычніку мінулага года. Фота: Yousef Masoud / AP

Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палестынскім бежанцам і арганізацыі работ (UNRWA, ці БАДАР) аказалася датычным да масавага нападу баевікоў ХАМАС на Ізраіль у кастрычніку мінулага года, падчас якога былі забітыя амаль 1300 ізраільцян, уключаючы жанчын, дзяцей і старых, а некалькі сотняў было выкрадзена ў палон.

Да падобных высноваў прыйшло афіцыйнае расследаванне ў Ізраілі, якое ўсё яшчэ працягваецца, перадае агенцтва Бі-Бі-Сі. 

На гэты момант Ізраілем было ўстаноўлена дачыненне да нападу як мінімум 12 супрацоўнікаў БАДАР, «у доме аднаго з якіх сілком утрымлівалася палонная ізраільцянка, якая потым была адпушчана».

Акрамя гэтага, ізраільская разведка ўстанавіла, што «прафсаюз БАДАР кантралюецца баевікамі ХАМАС, а самі супрацоўнікі агенцтва ААН бралі ўдзел у святкаваннях з нагоды забойстваў ізраільцян».

Выстаўленыя абвінавачванні прывялі да імгненнай рэакцыі цэлага шэрагу краін Захаду, якія адразу ж спынілі фінансаванне БАДАР, што можа прывесці да калапсу арганізацыі. 

Як піша Бі-бі-сі, на гэты момант фінансаванне спынілі ЗША, Канада, Вялікабрытанія, Швейцарыя, Францыя, Германія, Італія, Фінляндыя, Нідэрланды, Японія і Аўстралія, якія з'яўляюцца асноўнымі фундатарамі БАДАР.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш у сваю чаргу заявіў, што ён «у жаху ад пачутага». 

Супрацоўніца БАДАР (UNRWA) побач з палестынскімі бежанцамі, 2023. Фота: Mohammad Zaatari / AP

Супрацоўніца БАДАР (UNRWA) побач з палестынскімі бежанцамі, 2023. Фота: Mohammad Zaatari / AP

У адказ на выстаўленыя абвінавачванні кіраўніцтва БАДАР адразу абвясціла, што разрывае кантракты з супрацоўнікамі, якія ўдзельнічалі ў нападзе. Пры гэтым яно адзначыла, што «шакавана масавым прыпыненнем фінансавання ўсёй арганізацыі толькі з-за дзеянняў некаторых яе чальцоў».

На думку БАДАР, яе фінансавы байкот можна прывесці да непапраўных ахвяр сярод палестынскага мірнага насельніцтва ва ўмовах вайсковай аперацыі Ізраіля ў Газе. Арганізацыя заявіла, што спрабуе забяспечыць гуманітарнай дапамогай прыкладна 1,7 мільёнаў палестынцаў — амаль тры чвэрці насельніцтва ўсёй Газы.

Агенцтва Бі-бі-сі падкрэслівае, што БАДАР з'яўляецца найбуйнейшай установай ААН у Газе. Яна дае медыкаменты, адукацыю і іншую гуманітарную дапамогу палестынцам у Газе, на Заходнім беразе ракі Іардан, а таксама ў Іарданіі, Ліване і Сірыі.

Офіс БАДАР у Газе налічвае каля 13 000 супрацоўнікаў.

Чытайце таксама:

Каго падтрымліваюць беларусы ў палесціна-ізраільскім канфлікце? — вынікі апытання

Самаму юнаму закладніку ХАМАС споўніўся год. Але невядома, ці жывыя ён і яго мама

Ізраіль прапануе тэрарыстам ХАМАС двухмесячнае спыненне агню ў сектары Газа — у абмен на ўсіх закладнікаў

Клас
23
Панылы сорам
40
Ха-ха
6
Ого
12
Сумна
4
Абуральна
41