Юрый Арашыдзэ, выканаўчы дырэктар «Protez Foundation». Фота: instagram.com/u.aroshidze

Юрый Арашыдзэ, выканаўчы дырэктар «Protez Foundation». Фота: instagram.com/u.aroshidze

«Бацькоў выклікалі да дырэктара»

Юрый з Нясвіжа. Маці яго — украінка, бацька — грузін. Яго сям'я пераехала да родзічаў у Беларусь са спадзевам на лепшае жыццё. 

Кажа, што Лукашэнку ў яго сям'і заўсёды ўспрымалі дыктатарам.

«У мяне былі праблемы ў школе, асабліва ў апошнім выпускным класе з-за майго стаўлення да яго. Бацькоў выклікалі да дырэктара. Самаго бацьку пагражалі звольніць з працы, калі ён не зменіць сваіх поглядаў», — гаворыць бізнэсовец.

Непрыманне рэжыму Лукашэнкі ў яго ўмацавалася падчас службы ў войску, дзе ён на ўласныя вочы ўбачыў, што такое дзедаўшчына і панаванне ўсёдазволенасці камандзіраў.

Юрый Арашыдзэ ў беларускім войску. Фота: асабісты альбом Юрыя Арашыдзэ

Юрый Арашыдзэ ў беларускім войску. Фота: асабісты альбом Юрыя Арашыдзэ

Юры кажа, што ў Печах адзін яго саслужывец застрэліўся, другі хацеў павесіцца, трэцяму афіцэр адбіў унутраныя органы.

Па яго словах, беларускае войска — гэта прыніжэнне чалавечай годнасці і марнаванне часу, а заявы пра абавязак і гонар — прапагандысцкае сатрасанне паветра.

Дэмабілізаваўся Юрый у 2017 годзе, акурат калі пачаліся пратэсты «дармаедаў». На мітынгі хадзіў і ён, але там толькі ўпэўніўся, што перамены ў Беларусі надыдуць не хутка. Тыя пратэсты былі не масавымі, нягледзячы на відавочнае парушэнне лукашэнкавым дэкрэтам правоў.

У 2018-м Юрыі з бацькамі зʼехаў у Амерыку, дзе ўжо жыў яго брат.

Надзею на змены далі пратэсты 2020-га. Юры хацеў далучыцца да іх, але прававыя акалічнасці знаходжання на чужыне не дазволілі яму вярнуцца ў Беларусь. Ён кажа, што пратэстоўцам дапамагаў фінансава. Разам з суайчыннікамі ў ЗША збіраў грошы на штрафы і на пераезд тым, хто апынуўся пад пагрозай арышту.

Калі адбылося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, Юрый прыйшоў да высновы, што беларускім пратэстам не даў бы перамагчы Пуцін. На яго погляд, Беларусь бы зазнала тое, што адбылося з Украінаю 24 лютага 2022 года.

Колькі каштуе пратэзаванне

Напад Расіі на Украіну шакаваў Юрыя. У яго тады быў ужо свой бізнэс у Амерыцы. Веры ў тое, што Украіна выстаіць, у яго было няшмат.

«Першы час мы дапамагалі ўкраінскім эмігрантам, — згадвае ён. — Гэта былі жанчыны з дзецьмі. Знаходзілі ім працу, уладкоўвалі, клапаціліся, каб яны адаптаваліся да жыцця ў Амерыцы».

Каманда Protez Foundation па падпісанні мемарандуму аб супрацоўніцтве з украінскім Міністэрствам аховы здароўя. Фота: instagram.com/u.aroshidze

Каманда Protez Foundation па падпісанні мемарандуму аб супрацоўніцтве з украінскім Міністэрствам аховы здароўя. Фота: instagram.com/u.aroshidze

У маі 2022 года беларус разам з доктарам-пратэзістам, выхадцам з Украіны Якавам Градзінарам у Мінеапалісе стварылі дабрачынную платформу Protez Foundation.

Яна аб’яднала блізу паўтары сотні валанцёраў, якія дапамагаюць параненым украінскім салдатам са знаходжаннем у ЗША, пакуль тыя чакаюць пратэзавання.

Каманда медыкаў і валанцёраў працуе на ахвяраванні.

У Амерыцы лепшыя тэхналогіі пратэзавання, ёсць досвед дапамогі пацыентам са складанымі кейсамі, але пратэзаванне — дарагая працэдура, адзначае суразмоўца.

На кожную групу з дзесяці чалавек траціцца да 150 тысяч даляраў.

Напрыклад, пратэзаванне нагі ніжэй калена абыходзіцца да 6,5 тысячы даляраў, калі ж вышэй, то сума сягае 9 тысяч. Пратэз рукі каштуе блізу 16 тысяч, а біянічнае калена — усе 22 тысячы. Да гэтых расходаў дадаецца кошт пералёту, віза і іншыя выдаткі.

«Патрэба Украіны ў пратэзаванні дужа вялікая, — даводзіць Юрый. — Па некаторых даных больш за 50 тысяч салдат ужо маюць розныя кейсы ампутацый. Украінскае пратэзаванне негатовае прыняць такі аб’ём пацыентаў. А вайна яшчэ не скончаная».

Разам з тым, на яго погляд, неўзабаве Украіна можа стаць сусветным цэнтрам пратэзавання. Мясцовыя спецыялісты ўжо пераймаюць досвед замежных калегаў па працы са складаным і нестандартнымі ампутацыямі.

У лісце чакання блізу 1500 вайскоўцаў

Па словах бізнэсоўца, за паўтара года Protez Foundation удалося сабраць больш за пяць мільёнаў даляраў і за гэтыя грошы запратэзаваць больш за 135 салдат. Сярод пацыентаў чацвёра дзяцей.

Параненыя мелі па дзве, тры і нават чатыры ампутацыі. Ім паставілі 360 пратэзаў. У лісце чакання блізу 1500 вайскоўцаў.

«У нашым праекце асноўныя мэты: высакаякаснае пратэзаванне, маральная рэабілітацыя, пашырэнне светапогляду. Калі ўкраінскі салдат прыязджае ў Амерыку, для яго яна новы свет, іншае стаўленне, кам’юніці, клопат. Мы бачым як нашы пацыенты мяняюцца», — даводзіць Юрый.

У клініцы Protez Foundation. Фота: instagram.com/u.aroshidze

У клініцы Protez Foundation. Фота: instagram.com/u.aroshidze

Ён кажа, што акрамя пратэзавання арганізацыя вучыць украінскіх дактароў. Кожны месяц да 7 спецыялістаў з Украіны прыязджаюць на навучанне, распрацаваны адмысловы курс. Гэтак жа адкрытыя дзве клінікі ў самой Украіне для рэабілітацыі і сэрвіснага абслугоўвання пратэзаў.

Protez Foundation на сваім сайце публікуе гісторыі пацыентаў.

16-гадовы Арцём Свяргун з Марыупалю гуляў у футбол са сваімі прыяцелямі, калі на іх расіяне з дрона скінулі гранату. Арцёмаў сябра загінуў. Яшчэ аднаго параніла. Самому Арцёму ампутавалі правую нагу, а левая аказалася паралізаванай.

Арашыдзэ з пацыентамі клінікі. У цэнтры Арцём Свяргун. Праваруч ад яго Даніла Мельнік, які быў у расійскім палоне на тэрыторыі Беларусі. Фота: instagram.com/u.aroshidze

Арашыдзэ з пацыентамі клінікі. У цэнтры Арцём Свяргун. Праваруч ад яго Даніла Мельнік, які быў у расійскім палоне на тэрыторыі Беларусі. Фота: instagram.com/u.aroshidze

Хлопец быў футбалістам. Выступаў у юнацкай зборнай горада. Мара ў хлопца — зноў пачаць хадзіць.

«Гісторыі ампутацый у дзяцей цяжка ўспрымаюцца. Калі чуем, што дзіця недзе пацярпела, то забіраем на пратэзаванне, колькі б яно ні каштавала. Дзеці ў нас у прыярытэце», — адзначае Юрый.

Паводле яго, Арцёмава пратэзаванне каштавала каля 100 тысяч даляраў, бо ў яго быў складаны выпадак. Пратэз, які паставілі хлопцу, трэба будзе часцей мяняць і настройваць.

Яшчэ адзін пацыент арганізацыі — 30-гадовы сяржант Вадзім Фёдараў. Яму ампутавалі дзве нагі. Арміі ён аддаў дзесяць гадоў. Цяпер яму патрэбныя біянічныя пратэзы.

«Па нашай статыстыцы, да 40 працэнтаў пратэзаваных салдат вяртаюцца на фронт», — дадае Юры.

Пацыенты клінікі Protez Foundation. Фота: instagram.com/u.aroshidze

Пацыенты клінікі Protez Foundation. Фота: instagram.com/u.aroshidze

Гісторыю 19-гадовага сяржанта Данілы Мельніка, які перанёс чатыры ампутацыі, згадвае сам Юры Арашыдзэ. Вайскоўца пратэзавалі ў клініцы Protez Foundation.

Вайсковец два тыдні быў у палоне на тэрыторыі Беларусі. Абмарожаныя пальцы на руках і нагах хлопцу ампутавалі ў Расіі, куды яго вывезлі з Беларусі. Кісць левай рукі адарвала ў баі. Ва Украіне хлопцу ампутавалі і ступні абедзвюх ног.

Юры кажа, што салдацкія аповеды жахаюць.

Паводле вайскоўцаў, расіяне бензапілой адразалі ногі. Былі і іншыя здзекі з украінцаў.

«Мы не пратэзуем расійскіх салдат, бо гэтыя людзі ішлі свядома забіваць, а таму яны для нас расійскія тэрарысты», — катэгарычна заяўляе суразмоўца.

Ён лічыць, што «харошыя рускія», магчыма, ёсць сярод тых, хто зʼехаў, але ў многіх мазгі прамытыя расійскай прапагандай.

«Наступствы нашай бяздзейнасці на працягу доўгіх гадоў»

Маці Юрыя з Данецкай вобласці, акурат адтуль, дзе цяпер праходзіць лінія фронту. Калі мужчына нядаўна быў ва Украіне, яму паказалі ахопленыя баямі тыя мясціны. Там засталіся толькі паселішчы-прывіды.

«Яны ператвораныя ў друз, зраўнаваныя з зямлёю. Гэта ілюстрацыя таго, што Расія хоча зрабіць з усёй Украінай», — адзначае беларус.

Юрый Арашыдзэ ў родных мясцінах маці. Фота: instagram.com/u.aroshidze 

Юрый Арашыдзэ ў родных мясцінах маці. Фота: instagram.com/u.aroshidze 

Ён разважае наконт таго, што напад на Украіну расійскія салдаты рабілі і з беларускай тэрыторыі:

«Адказнасць за прадастаўленне плацдарму нясе Лукашэнка, але гэта вынік і таго, што мы яго не даціснулі, не перамаглі, таму частку віны нясем і мы. Мы павінны прыняць, што гэта наступствы нашай бяздзейнасці на працягу доўгіх гадоў», — настойвае суразмоўца.

«Да жалю, на дадзеным этапе нам складана думаць пра перамены, пакуль Лукашэнка жывы. Ён у вялікай залежнасці ад Пуціна, — падсумоўвае бізнэсовец. — І, калі Украіна пераможа, то Лукашэнка страціць падтрымку Пуціна і гэта стане пачаткам канца цяперашняга рэжыму ў Беларусі».

Глядзіце таксама:

«Я не жалюся, я хачу захаваць нагу, пакуль гэта магчыма». Беларускі добраахвотнік ужо чатыры месяцы ў бальніцы

«Танцуе і бегае на пратэзе ў 74 гады». Жыццясцвярджальная гісторыя жанчыны, якая страціла нагу падчас расійскіх абстрэлаў

«Перад намі сядзелі людзі, якія ненавідзяць украінцаў». Былы пасол Украіны пра перамовы на пачатку вайны, страх беларусаў, міністра Макея і феномен Лукашэнкі

У «дармаедскай» камісіі расказалі, каго з тых, хто з'ехаў за мяжу, могуць выключыць з базы «ўтрыманцаў»

«Ніхто не перашкаджаў пратэсту быць нямірным. Хто хацеў, у таго быў нямірным» — БЧБ-нявеста

Клас
28
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?