Журналістка раёнкі наведала 5 крам — дзяржаўныя і прыватныя.

Спачатку зазірнула ў прыватную краму ў Стралічава. Здзівіў добры выбар каўбас і вэнджаніны. Гарошку некалькі відаў, агуркі з памідорамі ёсць на прылаўках. Праўда, цэны трохі кусаюцца. Кілаграм памідораў абыдзецца ў 11,50 рубля. А вось стронгі журналістка не знайшла, ды і галоўнага навагодняга фрукта — мандарынаў — не было. Але прадавец запэўніла, што днямі абавязкова падвязуць.

Далей паехалі ў Храпкоў. Раёнка прызнаецца, што і не разлічвала на шырокі асартымент Брагінскага райспажыўтаварыства. Але інгрэдыенты для любімых салат усё ж такі там ёсць: кукуруза, шампіньёны, ананасы (бляшанка — 5,27 рубля). За бутэльку шампанскага прыйдзецца выкласці 9,46 рубля.

«Дарагавата, але раскупляюць», — падмячае журналістка.

У аграгарадку Судкова мандарынаў пакуль не прадаюць. Затое ёсць селядзец са шпротамі, крабавыя палачкі, зноў жа гарошак. Шакаладных цукерак шмат. Тартоў няма, але ўжо замовілі.

У Барысаўшчыне пахваліцца выбарам прадуктаў дзяржаўная крама не зможа.

«Бедненька на прылаўках — гародніны няма, садавіны мала. Адзінае — ёсць шампіньёны, кукуруза, ананасы. І намі любімы гарошак», — апісвае раёнка.

Затое прыватная крама ў аграгарадку Глінішча парадавала. Там знайшлі і чырвоную рыбу (200 г — 14,85 руб.) і мандарыны (1 кг — 7,50 руб.).

«Мяркуючы па нашым параўнальным аналізе, можна зрабіць выснову, што крамы райспажыўтаварыства ў раёне не змогуць цалкам забяспечыць патрэбы людзей у прадуктах да навагодняга застолля. А вось камерцыйныя — практычна», — падсумавала раёнка.

Клас
4
Панылы сорам
11
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
3