Выява: vecteezy

Выява: vecteezy

Вось страшны ўрок аб тым, чаму трэба чхаць не стрымліваючыся, калі вам хочацца чхнуць. У артыкуле, нядаўна апублікаваным у BMJ Case Reports, вядзецца гаворка пра выпадак з 30-гадовым мужчынам, які разарваў сваю трахею, трымаючы нос і рот закрытымі падчас чхання. Відаць, гэта першы задакументаваны выпадак такой траўмы пры падобных абставінах.

Паведамляецца, што мужчына раней хварэў на паліноз (іншая назва сянной ліхаманкі, якая можа суправаджацца алергічным насмаркам і чханнем). Аднойчы падчас язды мужчына адчуў, што пачынаецца новы эпізод чхання, і вырашыў заціснуць нос ды закрыць рот, каб задушыць яго.

Адразу пасля гэтага чалавек адчуў моцны боль у шыі, што прымусіла яго звярнуцца ў мясцовае аддзяленне хуткай дапамогі. Апухлая і цвёрдая шыя вымусіла дактароў неадкладна правесці КТ– і МРТ-даследаванне.

Абследаванне паказала, што ў мужчыны спантанная перфарацыя трахеі — іншымі словамі, адтуліна ў трахеі. Гэты тып траўмы звычайна бывае выкліканы фізічнай траўмай або няшчасным выпадкам падчас аперацыі або інтубацыі. Дактары прыйшлі да высновы, што ў гэтым выпадку перфарацыя трахеі адбылася з-за хуткага нарастання ціску ў ёй падчас чхання з заціснутым носам і закрытым ротам.

Больш сур'ёзныя выпадкі перфарацыі трахеі могуць перакрыць паступленне паветра і запатрабаваць тэрміновага хірургічнага ўмяшання. Але паколькі мужчына, здавалася, быў у парадку, лекары прынялі на ўзбраенне больш кансерватыўны падыход. Яму далі абязбольвальныя і лекі ад алергіі. Два дні мужчына знаходзіўся пад пільным наглядам у шпіталі, прычым першую ноч ён таксама не мог ні есці, ні піць. Пасля пацыенту далі доўгачасовыя лекі ад алергіі і загадалі больш не затрымліваць чханне. Праз пяць тыдняў абследаванне паказала, што разрыў цалкам загаіўся.

Хоць, паводле паведамлення аўтараў дакладу, гэта быў першы падобны выпадак, раней былі задакументаваныя і іншыя сур'ёзныя ўскладненні праз стрыманы чых. Gizmodo распавядае, што людзі ламалі рэбры, разрывалі барабанныя перапонкі і нават лопалі аслабленыя крывяносныя судзіны ў галаўным мозгу.

Гэтыя траўмы надзвычай рэдкія, але, улічваючы адсутнасць якой-небудзь рэальнай карысці ад стрымлівання чхання, лекары настойліва раяць даваць сабе волю і не стрымлівацца. Калі вы турбуецеся аб распаўсюджванні смаркачоў і мікробаў і не можаце знайсці ізаляваны куток, каб схавацца — чханне ў локаць далей ад чужых твараў заўсёды выдатна працуе.

Чытайце таксама:

Алергічны насмарк: чаму адны мучацца ад яго, а іншыя не

Доктар распавёў, пра якое захворванне можа сведчыць раптоўная алергія

Хлопчык праткнуў галаву шампурам наскрозь і выжыў

Клас
6
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
0