10 лістапада міністр культуры Анатоль Маркевіч урачыста перадаў Нацыянальнаму музею Беларусі скульптурную кампазіцыю «Археолагі (Вялікія археолагі)» знакамітага італьянскага майстра Джорджа дэ Кірыка. Міністр падчас прамовы агучыў, што гэта зроблена на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі, якому скульптура была ўручана ў час адной з паездак за мяжу.

Дзяржаўнымі медыя гэтая падзея трактавалася выключна як шырокі жэст палітыка, як шчодры падарунак. Гэтае ўражанне падмацоўваў і падзячны ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі ад дырэктаркі музея Ганны Конанавай, у якім яму дзякавалі за «дабрачынны акт».

Міністр культуры Анатоль Маркевіч і дырэктарка музея Ганна Конанава ў час урачыстай перадачы скульптуры дэ Кірыка. Фота: тэлеграм-канал «Культура і мастацтва»

Міністр культуры Анатоль Маркевіч і дырэктарка музея Ганна Конанава ў час урачыстай перадачы скульптуры дэ Кірыка. Фота: тэлеграм-канал «Культура і мастацтва»

Падзячны ліст Лукашэнку ад музея за «дабрачынны акт». Фота: тэлеграм-канал «Пул першага»

Падзячны ліст Лукашэнку ад музея за «дабрачынны акт». Фота: тэлеграм-канал «Пул першага»

Скульптура і яе правенанс выклікаюць мноства пытанняў, якія ніяк не раскрываліся ў дзяржаўных медыя і афіцыйных каналах. На іх пастараемся хоць бы часткова адказаць у гэтым артыкуле. 

Па-першае, калі і куды адбылася замежная паездка Лукашэнкі, дзе яму маглі зрабіць падарунак? За апошнія некалькі гадоў у сувязі з рэзкім пагаршэннем адносінаў з многімі краінамі свету і без таго невялікае кола краін, дзе яго маглі чакаць, скарацілася да меж дзяржаў-удзельніц Арганізацыі Дамовы пра калектыўную бяспеку, афрыканскіх і азіяцкіх аўтакратый, Кітая і Ірана.

Кожны замежны візіт падрабязна транслюецца як знакавая падзея, ва ўсіх дзяржаўных медыя, асвятляецца ў тым ліку і тое, што лідары краін адзін аднаму дарылі.

У выпадку з «Археолагамі» братнюю краіну, якая магла зрабіць такі шчодры падарунак, чамусьці хаваюць замест таго, каб выкарыстоўваць як пацвярджэнне замежнапалітычных поспехаў рэжыму Лукашэнкі. Гэта адразу кідаецца ў вочы.

Лукашэнка падарыў Пуціну мяхі з бульбай чатырох сартоў: «Маніфест», «Вектар», «Рубін» і «Нара». Скрыншот з відэа «Беларусь 1».

Лукашэнка падарыў Пуціну мяхі з бульбай чатырох сартоў: «Маніфест», «Вектар», «Рубін» і «Нара». Скрыншот з відэа «Беларусь 1».

Па-другое, хто сапраўды мог падарыць Лукашэнку высокамастацкі твор? Відавочна, што гэта быў нехта, хто зусім не ведае палітыка, але мае грошы. Бо добра вядома, што раней Лукашэнка дарыў сам і якія падарункі атрымліваў ад сваіх найбліжэйшых паплечнікаў. У канцы 2018 года ён адзначыўся тым, што падарыў Пуціну сала і чатыры мяхі бульбы. Летась расійскага лідара з днём народзінаў ён павіншаваў сертыфікатам на трактар Belarus, на пачатку года падарыў яшчэ адзін трактар прэзідэнту Зімбабвэ Эмерсану Мнангагве.

Пудзіла льва, падоранае Лукашэнку прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвэ. Фота: БелТА

Пудзіла льва, падоранае Лукашэнку прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвэ. Фота: БелТА

Зімбабвійскі лідар, у сваю чаргу, адказаў Лукашэнку пудзілам льва.

Ад прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева Лукашэнка атрымаў статуэтку самога сябе ў вобразе хакеіста, а ад хабараўскага губернатара — дзіўную кампазіцыю з рыбамі. Але ўсё гэта мілая драбяза ў параўнанні з творам знакамітага мастака — такіх падарункаў ані Лукашэнка, ані яму ніхто яшчэ публічна не дарыў, нават арабскія шэйхі.

Па-трэцяе, ці няма ва ўсёй гэтай таямнічасці вакол скульптуры нейкіх незаконных і карупцыйных схем?

Джорджа дэ Кірыка. Фота: Wikimedia Commons

Джорджа дэ Кірыка. Фота: Wikimedia Commons

Пачаць варта з таго, хто такі дэ Кірыка і якую каштоўнасць мае ягоная творчасць. 

Мастак Джорджа дэ Кірыка (1888—1978) меў грэка-італьянскае паходжанне і сусветнае прызнанне. Яго лічаць заснавальнікам і найбуйнейшым прадстаўніком так званага метафізічнага жывапісу, ідэі якога пасля былі падхоплены сюррэалістамі. На многіх ягоных карцінах часта адлюстраваны элементы антычнай культуры, напрыклад, статуя спячай Арыядны, галава Апалона, Зеўса, тулавы старажытных мармураў, руіны храмаў.

Такое захапленне старажытнасцю тлумачыцца акрамя выключнай эстэтычнай спадчыны Антычнасці і тым, што ягонай першай жонкай была Раіса Гурэвіч, якая пачынала як танцоўшчыца, а пасля захапілася археалогіяй. 

Карціна «Археолагі» Джорджа дэ Кірыка. 1927

Карціна «Археолагі» Джорджа дэ Кірыка. 1927

У 1927—1928 гадах дэ Кірыка неаднаразова звяртаецца да тэмы археалогіі. У сваім цыкле ён стварае карціну «Археолагі», на якой адлюстраваны дзве безаблічныя асобы ў тогах, якія сядзяць у абдымку, трымаючы на каленях антычныя пейзажы з мармуровымі пабудовамі ў прыродным ландшафце. Відаць, у 1968 годзе майстар пераўвасобіў сваё палатно ў скульптуру пад той жа назвай.

Залатая муза

Скульптура «Археолагі» на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі ў 2021 годзе. Фота: сацсеткі.

Скульптура «Археолагі» на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі ў 2021 годзе. Фота: сацсеткі.

Копія гэтай скульптуры насамрэч ужо калісьці была ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея. У 2021 годзе тут праходзіла выстава скульптуры і графікі з прыватнай калекцыі грэка-італьянскай мастачкі і ювеліра Лізы Сатыліс, у межах якой былі выстаўлены і «Археолагі». Пасля Мінска выстаўка «Ліза Сатыліс — Джорджа дэ Кірыка» наведала таксама Магілёў, дзе выстаўлялася ў музеі Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

Ліза Сатыліс пазнаёмілася з дэ Кірыка, якога яна называе сваім настаўнікам, падчас сваёй першай персанальнай выставы, калі ёй было ўсяго 18 гадоў. Паводле яе ўласных сцвярджэнняў, пасля гэтага яна стала музай мастака. Найбольш вядомая мастачка ў ювелірнай справе: яна вырабляе масіўныя ўпрыгажэнні амаль з чыстага золата. У часы творчага росквіту, у 1960—1970-х гадах, яна мела кантракт з ювелірным домам Карцье.

Ліза Сатыліс дорыць Мастацкаму музею Беларусі арнат. Скрыншот з відэа «Беларусь 1»

Ліза Сатыліс дорыць Мастацкаму музею Беларусі арнат. Скрыншот з відэа «Беларусь 1»

Першы раз у Беларусі Сатыліс з’явілася ў 2020 годзе, калі ва ўсёй Еўропе дзейнічалі кавідныя абмежаванні. Сюды, паводле яе словаў, яна прыехала за свабодай ад гэтых абмежаванняў. Увосень яна падарыла Мастацкаму музею Беларусі каштоўны тканы золатам арнат, выраблены ў XVI—XVII стагоддзях, напэўна, у Італіі. Сама яна сцвярджала, што калі ехала ў Мінск, то нават не думала пра падарунак, але, пабачыўшы музей, вырашыла, што тут рэчы самае месца.

Жан-Поль і Ліза Сатылісы ў інтэрв'ю, запісаным у пачатку 2023 года, дзе яны прызнаюцца, што збеглі ў Беларусь ад кавідных абмежаванняў і падарылі скульптуру Лукашэнку. Скрыншот з відэа «Kseniya Mosaleva (Gold)»

Жан-Поль і Ліза Сатылісы ў інтэрв'ю, запісаным у пачатку 2023 года, дзе яны прызнаюцца, што збеглі ў Беларусь ад кавідных абмежаванняў і падарылі скульптуру Лукашэнку. Скрыншот з відэа «Kseniya Mosaleva (Gold)»

І менавіта Сатыліс падарыла летась Лукашэнку на дзень народзінаў бронзавую скульптуру Джорджа дэ Кірыка, пра што яна гаворыць у сваім інтэрв’ю ў пачатку года.

Такая шчодрасць, як стане трохі пазней зразумела, відаць, зусім не выпадковая.

За дзіўнасць сітуацыі вакол скульптуры і постаць эпатажнай мастачкі зачапіўся ў сваім новым шоу і Сяргей Чалы. 

Ён звярнуў увагу, што яе сын Жан-Поль Сатыліс задоўга да гэтага ўжо працаваў журналістам у Беларусі і быў даволі шырока вядомы ў вузкіх тусовачных колах. Маці разам з сынам рэгулярна ўдзельнічала ў свецкіх раўтах, вечарынках, модных мерапрыемствах, неад'емнай часткай якіх з’яўлялася прэзентацыя ювелірных упрыгажэнняў аўтарства самой Лізы Сатыліс.

Беларускі бізнэсмен Мікалай Гаварко, прадстаўлены як сябра Лізы Сатыліс, на выставе-продажы ў DipServisHall. Паміж імі італьянская мастачка і рэстаўратарка Даніела Вінтуры. Скрыншот з відэа «Kseniya Mosaleva (Gold)»

Беларускі бізнэсмен Мікалай Гаварко, прадстаўлены як сябра Лізы Сатыліс, на выставе-продажы ў DipServisHall. Паміж імі італьянская мастачка і рэстаўратарка Даніела Вінтуры. Скрыншот з відэа «Kseniya Mosaleva (Gold)»

На адной з такіх выстаў-продажаў, якая была арганізавана ў кастрычніку 2020 года ў DipServisHall у Мінску, у якасці асабістага сябра мастачкі быў прадстаўлены Мікалай Гаварко, уладальнік кампаніі па вырабе беконнай свініны.

Сатылісы бавілі Новы год у Мінску з грэчаскім інвестарам і золатаздабытчыкам Дзімітрыясам Баколасам. Сын Жан-Поль запісваў таксама інтэрв’ю з Джаанай Г’ян (Joana Gyan), якую прадстаўляў як «залатую каралеву Ганы», уладальніцу і заснавальніцу Golden Empire Legacy Limited, што здабывае золата ў названай афрыканскай краіне.

Жан Поль Сатыліс бярэ інтэрв'ю ў золатаздабытчыцы Джааны Г’ян, на якой — упрыгажэнне працы Лізы Сатыліс. Скрыншот з відэа

Жан Поль Сатыліс бярэ інтэрв'ю ў золатаздабытчыцы Джааны Г’ян, на якой — упрыгажэнне працы Лізы Сатыліс. Скрыншот з відэа

Паводле меркавання Чалага, тут можна прасачыць поўны жыццёвы цыкл упрыгажэнняў Лізы Сатыліс: ад здабычы сыравіны да збыту вырабаў.

Захапленне мясцовай свабодай, прэзентаванне сабе як музы дэ Кірыка, блізкай знаёмай Нурыева і Далі, а таксама шчодрыя падарункі з’яўляюцца, відаць, часткай граматнай маркетынгавай кампаніі сямейнага дому па продажы ўпрыгажэнняў з высокай дададзенай вартасцю за прэміяльнасць ювелірных вырабаў.

Ліза і Жан-Поль Сатылісы на цырымоніі Forbes Woman Belarus Awards у 2021 годзе. Скрыншот з відэа «Kseniya Mosaleva (Gold)»

Ліза і Жан-Поль Сатылісы на цырымоніі Forbes Woman Belarus Awards у 2021 годзе. Скрыншот з відэа «Kseniya Mosaleva (Gold)»

Беларускі эканаміст нагадвае, што ўкладанне грошай у прадметы мастацтва — гэта адно з найгоршых укладанняў з пункта гледжання захавання ці павелічэння іх вартасці. І, як паказвае практыка, купленыя па прэміяльнай цане творы людзі прадаюць, калі становяцца вельмі патрэбныя грошы. Гэтая схема сёння працуе толькі ў не вельмі спрактыкаваных у мастацтве колах багатых людзей.

Сапраўднасць скульптуры

Скульптура «Археолагі» Джорджа дэ Кірыка, выстаўленая на аўкцыёне Christie's. Фота: сайт Christie's

Скульптура «Археолагі» Джорджа дэ Кірыка, выстаўленая на аўкцыёне Christie's. Фота: сайт Christie's

У хуткім часе пасля «падарунка» ад Лукашэнкі музею, журналісты звярнулі ўвагу, што 13 мая 2023 года на аўкцыёне Christie's была ўжо прададзена скульптура «Археолагі» Джорджа дэ Кірыка за 151 200 даляраў ЗША, хоць ацэнена яна была ў 200—300 тыс. даляраў. Была выказана здагадка, што менавіта гэтую скульптуру падарылі Лукашэнку.

Але яшчэ адна дакладна такая ж скульптура таго ж аўтара выстаўлена на сайце Hôtel Des Ventes De Monte-Carlo (HVMC), праўда, ацанілі яе значна танней, усяго ў 60—80 тысяч еўра. Усе яны адліты з гіпсу ў 1968 годзе.

Скульптура «Археолагі» Джорджа дэ Кірыка, выстаўленая на аўкцыёне HVMC. Фота: сайт Hôtel Des Ventes De Monte-Carlo

Скульптура «Археолагі» Джорджа дэ Кірыка, выстаўленая на аўкцыёне HVMC. Фота: сайт Hôtel Des Ventes De Monte-Carlo

Натуральна ўзнікае пытанне: а якая ж са скульптур сапраўдная, аўтэнтычная? І ці не падсунуў Лукашэнка Нацыянальнаму музею падробку, ад якой той ніяк не мог адмовіцца?

Насамрэч не ўсё так проста са скульптурамі, як можа ўяўляцца неабазнанаму чалавеку. Скульптар звычайна працуе з пластычнымі матэрыяламі, са злепленай працы робіцца гіпсавая копія, якая служыць мадэллю для далейшых адлівак. І тут самае складанае.

Майстар можа зрабіць некалькі адлівак, і ўсе яны будуць лічыцца аўтарскімі. Але тут сутыкаюцца розныя інтарэсы, якія прымушаюць рынак мастацтва падпарадкоўвацца пэўным правілам. Майстры і іхнія нашчадкі натуральным чынам імкнуцца зрабіць як мага больш копій, каб зарабіць на кожнай з іх, але ўладальнікі копій жадаюць валодаць нечым, што мае абмежаваны тыраж, бо інакш іхні набытак губляе ў кошце і каштоўнасці. 

У Беларусі, дзе рынак мастацтва не надта развіты, гэтыя пытанні не вельмі ўнармаваныя, а вось у заходніх краінах існуе багатая юрыдычная і судовая практыка. 

Так, у Францыі з 1985 года закон аб сапраўднасці твора разьбярства дазваляе вырабіць толькі адзін арыгінальны тыраж (серыю), у якім арыгіналамі будуць з’яўляцца восем пранумараваных экзэмпляраў і чатыры пробныя аўтарскія экзэмпляры, прызначаныя для самога мастака. Пасля гэтага матрыца, з якой рабіліся адліўкі, мусіць быць разбітая, каб ніхто не нарабіў яшчэ копій.

Пазнака VI/VII на экзэмляры скульптуры, выстаўленым на аўкцыёне Christie's. Фота: сайт Christie's

Пазнака VI/VII на экзэмляры скульптуры, выстаўленым на аўкцыёне Christie's. Фота: сайт Christie's

Аўтарскія экзэмпляры мусяць нумаравацца з ЕА I/IV па EA IV/IV, а астатнія арабскімі лічбамі з ⅛ па 8/8, усе копіі па-за гэтым тыражом мусяць лічыцца простымі рэпрадукцыямі. 

Ліза Сатыліс разам за сваім сынам з’яўляецца заснавальніцай амерыканскага фонда дэ Кірыка, якому пасля смерці мастака дасталіся асобныя ягоныя працы, у тым ліку гіпсавыя мадэлі ягоных скульптур. 

«Я занялася рэстаўрацыяй і вырабам бронзавых скульптур з гіпсавых форм майстра. Гэта адбывалася па дамове са шматлікімі фондамі, якім належаць ягоныя творы», — распавядала мастачка ў інтэрв'ю.

Пазнака IV/VII на экзэмляры скульптуры, выстаўленым на аўкцыёне HVMC. Фота: сайт Hôtel Des Ventes De Monte-Carlo

Пазнака IV/VII на экзэмляры скульптуры, выстаўленым на аўкцыёне HVMC. Фота: сайт Hôtel Des Ventes De Monte-Carlo

Кожны з экзэмпляраў скульптуры «Археолагі» дэ Кірыка быў пранумераваны падобным чынам, але трохі па-іншаму, магчыма, праз спецыфіку італьянскага заканадаўства. Калі прыглядзецца да кожнай са згаданых скульптур, то на бакавіне крэслаў можна пабачыць таўро, подпіс мастака і нумар экзэмпляра.

Так, экзэмпляр, выстаўлены на Christie's, мае пазнаку VI/VII, экзэмпляр з сайта HVMC — пазнаку IV/VII. У апісанні апошняга лота маецца важнае ўдакладненне пра ўвесь тыраж: агулам ён складаецца з 9 экзэмпляраў, два з якіх аўтарскія і маюць пазнакі E.A. 1 і 2, а астатнія 7 экзэмпляраў — пазнакі з I да VII.

Пазнака II/VII на экзэмляры скульптуры, «падораным» Лукашэнкам. Фота: сайт Hôtel Des Ventes De Monte-Carlo

Пазнака II/VII на экзэмляры скульптуры, «падораным» Лукашэнкам. Фота: сайт Hôtel Des Ventes De Monte-Carlo

А што з «падарункам» Лукашэнкі? На ім таксама ёсць пазнака II/VII, так што ён, відавочна, належыць да таго ж тыражу і мусіць лічыцца сапраўдным экзэмплярам твора дэ Кірыка, не горшым за іншыя. Праўда, некаторыя спецыялісты лічаць, што пасмяротныя бронзы ўвогуле не маюць права называцца сапраўднымі.

Карупцыйныя пытанні

Але застаецца адкрытым пытанне, ці мог Лукашэнка ўвогуле прымаць такі дарагі падарунак ад мастачкі? Куды за меншыя прэзенты чыноўнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў кідалі ў турму як злосных карупцыянераў.

Згодна з беларускім заканадаўствам прэзідэнт з'яўляецца найвышэйшай службовай асобай Рэспублікі Беларусь. Паводле закона «Аб барацьбе з карупцыяй» дзяржаўная службовая асоба не мае права прымаць у сувязі з выкананнем службовых (працоўных) абавязкаў маёмасць або атрымліваць іншую выгаду ў выглядзе працы, паслугі для сябе ці трэціх асоб, за выключэннем выпадкаў, калі гэта былі падарункі, атрыманыя пры правядзенні пратакольных і іншых афіцыйных мерапрыемстваў, кошт кожнага з якіх не перавышае дваццаціразовага памеру базавай велічыні.

Вядома, што ні ў якія 20 базавых твор мастацтва, якія ацэньваецца дзясяткамі тысяч долараў, упісацца ніяк не можа. У гэтым выпадку службовая асоба абавязана бязвыплатна здаць падарунак. 

Ад сертыфіката на двухпакаёвую кватэру Лукашэнку давялося адразу адмовіцца. Скрыншот з відэа

Ад сертыфіката на двухпакаёвую кватэру Лукашэнку давялося адразу адмовіцца. Скрыншот з відэа

Пра гэта Лукашэнка цудоўна ведае: калі ў верасні 2020 года яму на «МАПІДзе» падарылі сертыфікат на двухпакаёвую кватэру ў Мінску, ён аддаў яго для сям'і вайскоўца. «Куды мне яго дзяваць? Прэзідэнт па законе не мае права прымаць падарункі». 

Выглядала як зрэжысіраваная шчодрасць, але такі закон сапраўды існуе. 

Але скульптура, падораная на дзень народзінаў у жніўні 2022 года, толькі больш як праз год патрапіла ў экспазіцыю музея. Ці падарунак, падораны мастачкай у прыватным парадку, спачатку хацелі пакінуць Лукашэнку, ці проста папяровая валакіта афармлення твора мастацтва зацягнулася — пра гэта цяжка меркаваць.

Скульптура «Археолагі» Джорджа дэ Кірыка ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея. Фота: тэлеграм-канал Міністэрства культуры Беларусі

Скульптура «Археолагі» Джорджа дэ Кірыка ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея. Фота: тэлеграм-канал Міністэрства культуры Беларусі

Куды больш цікавае пытанне, чаму гісторыя скульптуры, якую агучылі грамадскасці, ад пачатку да канца з’яўляецца хлуслівай?

Не было ніякай паездкі за мяжу, у якой Лукашэнка атрымаў такі дарагі падарунак, як не было і самога акту дарэння ад палітыка музею, бо ён скульптурай ніколі па законе валодаць не мог, а абавязаны быў бязвыплатна здаць на карысць дзяржавы. 

Няўжо нават пра такую непалітычную рэч, як твор мастацтва, рэжым Лукашэнкі ўжо не можа сказаць праўду?

Чытайце таксама:

Падлічылі, колькі разоў Лукашэнка лятаў да Пуціна за апошнія гады і як гэта спалучалася з дынамікай вайны

Уладзіміру Пракапцову, які 25 гадоў кіраваў Нацыянальным мастацкім музеем, не працягнулі кантракт

Берасцейскую Біблію і іншыя беларускія каштоўнасці распрадае былы міністр?

Клас
17
Панылы сорам
12
Ха-ха
16
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
20

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?