The second Belorussian-Ukrainian expert forum named after Ostrogsky Второй Белорусско-Украинский экспертный форум имени Острожского Другі белурска-украінскі экспертны форум імя Астрожскіх

Падчас дыскусіі. Фота: старонка ў фэйсбук Радыё Ўнэт

Другі беларуска-ўкраінскі экспертны форум з удзелам каля 60 экспертаў, навукоўцаў, прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі і ўкраінскіх уладаў прайшоў 4—5 лістапада ў Львове.

Асноўнымі арганізатарамі экспертнай платформы сталі Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», Рада замежнай палітыкі «Украінская прызма» і Украінскі каталіцкі ўніверсітэт.

На сваёй старонцы ў фэйсбуку дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч падзяліўся кароткімі вынікамі дыскусіі.

Ініцыятыва перайшла да Украіны

Эксперты схіляюцца да думкі, што ў пытаннях міждзяржаўнай бяспекі ініцыятыва канчаткова перайшла на бок Украіны. Калі ў мінулым годзе сур'ёзна абмяркоўваліся магчымыя пагрозы з боку Беларусі і механізмы супрацьдзеяння ім, то ў гэтым годзе пытанне ўжо страціла сваю актуальнасць. Мяжа ўмацаваная і замініраваная.

Як мінімум адна паспяховая дыверсія Украіны на тэрыторыі Беларусі, атакі па перыметры расійска-ўкраінскай мяжы і ў Крыме паказваюць, як можа выглядаць сітуацыя ў выніку эскалацыі.

Калі беспілотнікі далятаюць да Крамля, то што ім перашкодзіць даляцець да Палаца Незалежнасці і беларускіх абаронных заводаў. Пытанне ў тым, ці маюць чым адказаць на гэта беларускія ўлады.

Асноўная пагроза для ўкраінскай бяспекі цяпер не войскі, а беларускі вайскова-прамысловы комплекс, які працуе на Расію, мяркуюць удзельнікі форуму.

Лукашэнка знікае як субʼект грамадскай думкі Украіны

Казакевіч адзначае, што ў дыскусіях украінскіх экспертаў Лукашэнка ўсё больш знікае як субʼект, інтарэсы якога трэба браць пад увагу і не правакаваць лішні раз. Пры гэтым такі настрой, як паказваюць вынікі апытання, пануе нават у грамадстве. Эксперты гавораць аб тым, што перасталі быць заўважнымі нават уплывы славесных інтэрвенцый з беларускага боку.

Калі гаварыць пра інфармацыйныя ўплывы ў Беларусі, то на гэты момант відавочная сітуацыя стабілізацыі інфармацыйнага супрацьстаяння. Шэраг даследаванняў у 2023 годзе фіксавалі рост расійскага інфармацыйнага ўплыву і яго лакальныя поспехі.

Эксперты адзначалі, што беларуская грамадская думка падзеленая, частка сімпатызуе Украіне, а частка — Расіі. Пры гэтым беларускае грамадства адназначна адмоўна ставіцца да вайны і ўступлення Беларусі ў яе.

Украінцы сталі горш ставіцца да беларусаў

Казакевіч адзначае, што па выніках праведзенага нядаўна адмысловага даследавання, вынікі якога будуць пазней апублікаваныя, у грамадскай думцы Украіны назіраецца зніжэнне пазітыўнага стаўлення да беларусаў у параўнанні з мінулым годам.

Цалкам ці часткова негатыўна да грамадзян Беларусі ставіцца кожны другі апытаны, цалкам ці пераважна пазітыўна — кожны трэці (34%). Летась апошніх было 38%. Пры гэтым аб сваім негатыўным стаўленні да Беларусі як дзяржавы заявілі чатыры чалавека з пяці (80%) апытаных.

Апытанне паказала, што ва ўкраінскім грамадстве зніжаецца вядомасць беларускіх палітычных субʼектаў. Пры гэтым, калі адносна Святланы Ціханоўскай падзенне склала каля 4 працэнтных пунктаў (з 76,5% да 72,6%), то адносна Палка Каліноўскага гэты паказчык знізіўся на 8 пунктаў (з 70% да 62%). Пры гэтым негатыўны рэйтынг Лукашэнкі застаецца рэкордным.

Украіна з цяжкасцю пераходзіць на еўрапейскую мадэль адносін з Беларуссю

Эксперт адзначае, што пераход на еўрапейскую мадэль адносін з Беларуссю, якая характарызуецца рознымі падыходамі і механізмамі адносна беларускага грамадства і беларускай дзяржавы, адбываецца ў замежнай палітыцы Украіны з вялікай інерцыяй. Такі пераход пачаўся яшчэ ў 2020 годзе, але ўзаемадзеянне з дзяржавай застаецца асноваю, ад якой залежаць адносіны з грамадскімі структурамі і палітычнымі арганізацыямі, хоць значэнне апошніх павялічваецца.

У той жа час замежная палітыка беларускіх уладаў становіцца ўсё менш актыўнай ці, прынамсі, бачнай ва ўкраінскім кірунку.

Магчыма, гэта зʼяўляецца вынікам таго, што традыцыйныя (даваенныя) механізмы ўплыву (пагрозы, аўтарытэт, славесныя інтэрвенцыі і эканамічныя адносіны) сталі малаэфектыўнымі. Для таго, каб вярнуць былыя пазіцыі, беларускім уладам трэба знайсці новыя механізмы, але яны пакуль што кепска праглядаюцца.

Беларуская дэмакратычная супольнасць стала больш кансалідаванай

Казакевіч адзначае, што вынікі дыскусіі беларускіх і ўкраінскіх палітыкаў паказалі цікавыя адрозненні ў інтарэсах. Але ў гэтым годзе, ў параўнанні з мінулым, стала відавочнай тэндэнцыя да зніжэння супярэчнасцей паміж прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных арганізацый.

Форум прадэманстраваў больш выразную пазіцыю ўкраінскага боку па пытанні кансалідацыі беларускага «суб’екту». У мінулым годзе можна было наадварот назіраць спробы гуляць на супярэчнасцях.

У той жа час вялікага прагрэсу ў вырашэнні юрыдычных і іншых праблем беларускай дыяспары ва Украіне не адбылося.

Чытайце яшчэ:

Казакевіч: Мадэль, якая выбудоўвалася з 1996 года, распадаецца, і гэты працэс незваротны

Беларускую палітыку ва Украіне фармуе дарадца без палітычнай адказнасці — украінскі палітолаг

Клас
7
Панылы сорам
0
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
1