Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Пачнем з простага. Трапіць з Беларусі ў Еўропу стала вельмі складана: даўно няма чыгуначных і авіязносін паміж краінамі, а цяпер закрылі і палову аўтадарожных пунктаў пропуску.

Атрымаць саму візу надзвычай цяжка. Некаторыя краіны не толькі не аднавілі выдачу турыстычных віз пасля заканчэння пандэміі, але і цалкам спынілі выдачу віз грамадзянам Беларусі, за выключэннем гуманітарных выпадкаў. Так, напрыклад, Чэхія плануе не выдаваць візы беларусам як мінімум да красавіка 2024 года, таксама не выдае візаў Літва. Нельга атрымаць турыстычную візу ад Латвіі і Эстоніі.

У выніку большасць беларусаў, якія жадаюць падарожнічаць і паглядзець на свет, маюць магчымасць убачыць толькі адзін свет — рускі.

Замест Рыгі яны едуць у Піцер, а замест Варшавы — у Казань. Вільня, да якой ад беларускай мяжы літаральна рукой падаць, стала далейшай за Маскву.

Паездкі на закупы ў Беласток больш не звычайная справа для гродзенцаў, як гэта было цягам апошніх 10 гадоў да прыходу кавіду. Адлегласць ад Беластока да Гродна ў тры разы павялічылася, прычым як у пераносным, так і ў літаральным сэнсе.

Цяпер гэта ўжо не 80 кіламетраў, а 240, бо ў адказ на атаку мігрантамі Польшча закрыла пункт пропуску «Кузніца», а ў адказ на прысуд Андрэю Пачобуту пазней закрылі «Баброўнікі».

Адзіны кірунак, куды з Беларусі можна трапіць любым відам транспарту без дадатковых перашкод, — гэта Расія.

Безумоўна можна казаць, што чалавек з прынцыпамі на адпачынак у Расію не паедзе. Але давайце быць рэалістамі. Жыццё адно, а магчымасць свабодна падарожнічаць у многіх беларусаў знікла амаль чатыры гады таму, і невядома, калі зноў з’явіцца.

Масква-Сіці. Фота: Sergey Alimov/Getty Images

Масква-Сіці. Фота: Sergey Alimov/Getty Images

Падарожнічаючы ў Расію, беларусы яшчэ і інвестуюць свае грошы ў эканоміку краіны-агрэсаркі, частка з якіх пойдзе на тое, каб працягваць руйнаваць Украіну і забіваць украінцаў.

Замест сталіц Расіі беларусы маглі б наведаць, напрыклад, адну з краін Балтыі, паглядзець, як цяпер жывуць краіны, якія 33 гады таму, як і мы, былі часткай СССР, а цяпер у Еўрасаюзе.

Яны маглі б убачыць Польшчу, якая напачатку 1990-х была бяднейшай за Беларусь, але абрала іншы шлях развіцця і цяпер знаходзіцца на непараўнальна высокім узроўні. Ці, напрыклад, паглядзець на Чэхію, грамадзяне якой яшчэ напрыканцы 1960-х спрабавалі вырвацца з-пад савецкага ўплыву.

Варшава. Фота: Jacek Kadaj/Getty Images

Варшава. Фота: Jacek Kadaj/Getty Images

Якой Еўропа хоча бачыць Беларусь?

Але частка еўрапейскіх палітыкаў лічыць, што беларусаў трэба максімальна ізаляваць ад Еўропы, пакінуўшы сам-насам з Расіяй. 

Безумоўна, суседнія краіны, хоць і не без пэўных страт, але пражывуць без беларускіх турыстаў, аматараў шопінгу, студэнтаў, рабочых, інвестараў і бізнэсменаў.

Але пытанне ў іншым. Якога суседа яны хочуць бачыць на сваіх усходніх граніцах? Цалкам паглынутую Расіяй тэрыторыю з насельніцтвам, якое пра Еўропу ведае толькі тое, як яна «загнівае», бо так кажа прапаганда? Ці краіну, якае імкнецца стаць часткай цывілізаванага свету?

Сёстры Груздзевы. Фота: БЕЛТА

Сёстры Груздзевы. Фота: БЕЛТА

Натуральна, што пад бокам яны хочуць бачыць еўрапейскую Беларусь, а не прыдатак Расіі. Але некаторыя дзеянні могуць выклікаць адваротныя працэсы.

Такімі тэмпамі ў Беларусі хутка можа вырасці цэлае пакаленне людзей, для якіх Еўропа нешта далёкае і невядомае, бо неўзабаве будзе 4 гады, як трапіць туды стала вельмі складана. Гэтыя людзі не могуць на ўласныя вочы пабачыць, што там няма галечы і пустых паліц у крамах, што ніхто не замярзае без расійскага газу.

Каб перамены ў Беларусі сталі магчымымі, трэба змагацца за беларускія розумы. Трэба спрыяць таму, каб грамадства, нягледзячы на татальныя рэпрэсіі і прапаганду, мела магчымасць развівацца ў іншым ад рэжыму кірунку.

Як гэта было раней, калі беларусы былі сярод лідараў па колькасці атрыманых еўрапейскіх віз на душу насельніцтва. Калі можна было без абмежаванняў ездзіць у ЕС адпачываць, вучыцца і працаваць. Супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю аказвала пазітыўны ўплыў на свядомасць людзей.

Дэманстрацыя ў Мінску 16 жніўня 2020 года. Фота: «Наша Ніва»

Дэманстрацыя ў Мінску 16 жніўня 2020 года. Фота: «Наша Ніва»

Менавіта таму, што грамадства развівалася ў адным кірунку, а рэжым Лукашэнкі стаяў на месцы, і здарыўся 2020 год. Людзі бачылі іншае жыццё і больш не хацелі ісці туды, куды краіну вядзе Лукашэнка.

Рэжым адказаў на 2020-ы татальнымі рэпрэсіямі. Ён цалкам задушыў незалежныя СМІ, ліквідаваў недзяржаўныя арганізацыі, зародкавыя палітычныя партыі і прапусціў праз турмы дзясяткі тысяч людзей.

Некаторыя абмежаванні супадаюць з інтарэсамі Лукашэнкі

І на гэтым тле рэжым кожны раз будзе паціраць рукі, калі ўбачыць, як за мяжой уводзяць дадатковыя абмежаванні для беларусаў, блакуюць ці не адкрываюць рахункі, як адмаўляюцца прымаць беларускіх студэнтаў, прапануюць забараніць уезд на аўто з беларускай прапіскай. Такія дзеянні супадаюць з інтарэсамі Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка. Фота: AP/Ramil Sitdikov

Аляксандр Лукашэнка. Фота: AP/Ramil Sitdikov

Лукашэнка не стамляецца шкодзіць беларусам, якія вырашылі з’ехаць ад яго дыктатуры, але ён мае абмежаваныя магчымасці. Законы, якія дазваляюць пазбаўляць «экстрэмістаў» грамадзянства і забараняюць абнаўляць пашпарты і афармляць даверанасці ў амбасадах, ужо прынятыя. Каб шкодзіць далей, ён мае патрэбу ў памагатых па той бок мяжы.

Лукашэнку не выгадна, каб людзі з'язджалі працаваць у Еўропу, бо краіна праз гэта адчувае недахоп работнікаў. Лукашэнка не хоча, каб беларуская моладзь вучылася за мяжой, бо адтуль, па ягоных словах, яны прыязджаюць ужо з «прамытымі мазгамі». 

Таму гэта велізарны плюс для рэжыму, калі ў Еўропе прымаюць абмежавальныя захады адносна грамадзян Беларусі.

Рэжым выдумляе ўсё новыя правакацыі, каб у выніку беларусы ў краінах ЕС атрымалі па шапцы за ягоныя выхадкі.

Часам антыбеларускія захады і выказванні робяць сапраўдныя падарункі і беларускім прапагандыстам, бо тым нават не прыходзіцца хлусіць, каб сказаць, маўляў, глядзіце — беларусаў там не чакаюць, не любяць і не паважаюць.

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

І тут небяспека ў тым, што ўсё гэта можа негатыўна адбіцца на настроях саміх беларусаў, якія будуць адчуваць несправядлівае стаўленне да іх.

Людзі бачаць, як краіны, якія падтрымалі іх у 2020-м і не прызналі Лукашэнкі, пачалі інакш ставіцца да іх. 

Беларусы — частка Еўропы

У абгрунтаванне такіх захадаў часам можна пачуць, што калі ў Беларусі няма ніякага бачнага супраціву, то значыць усе задаволеныя Лукашэнкам і ягонай палітыкай, у тым ліку ў пытаннях вайны.

Але такія заявы могуць сведчыць толькі аб неразуменні таго, што насамрэч адбываецца ў сучаснай Беларусі і што могуць людзі ва ўмовах дыктатуры. У краіне, дзе дзясяткі арыштаў па палітычных матывах адбываюцца штодня. Довады пра «адсутнасць пратэстаў у Беларусі» гучаць амаль так жа недарэчна, як нараканні, што жыхары акупаванага Мелітопаля не праводзяць мітынгаў пратэсту супраць акупацыйнай улады.

Патрэбу абмежаванняў, у тым ліку візавых, часта абгрунтоўваюць тым, што гэта неабходна іншым краінам для ўласнай бяспекі. 

Давайце глядзець праўдзе ў вочы. Вельмі малаімаверна, што візавыя абмежаванні ці забарона на ўезд на аўто з беларускімі нумарамі спыняць агента на шляху ў ЕС, калі рэжым паставіць перад сабой такую мэту.

А вось для сваякоў многіх беларусаў, якія ўцяклі ад пераследу ў Еўропу, нават існуючыя абмежаванні становяцца непераадольнай перашкодай на шляху да спаткання са сваімі дзецьмі і ўнукамі.

Кажучы пра патэнцыйную небяспеку беларусаў для іншых краін, спікеры не прыводзяць грунтоўных доказаў — напрыклад, не спасылаюцца на даныя статыстыкі, якія сведчылі б пра тое, што менавіта беларускія грамадзяне — самая праблемная катэгорыя іншаземцаў у краінах ЕС. Магчыма, так адбываецца праз тое, што рэальныя лічбы кажуць, што гэта не так?

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Яскравым прыкладам таго, як наяўнасць таго ці іншага грамадзянства не робіць чалавека аўтаматычна дрэнным або добрым, можа быць гісторыя з выкрыццём сеткі расійскіх агентаў у Польшчы. Тады высветлілася, што з 16 шпіёнаў, якія працавалі на карысць Расіі, 12 былі грамадзянамі Украіны. Але пісалі больш пра трох грамадзян Беларусі з ліку агентаў.

Зразумела, што ні пачатак нармальнай выдачы візаў, ні зняцце абмежаванняў у правах для грамадзян Беларусі, ні аднаўленне чыгуначнага злучэння не зрынуць на наступны дзень рэжым Лукашэнкі. Але спрыяльнае стаўленне і павага да беларусаў дапаможа захаванню самаўсведамлення беларусамі: мы адзін з еўрапейскіх народаў, хоць нашу дзяржаву цяпер і кантралюе рукамі лукашыстаў Масква.

Усё гэта неабходна для таго, каб у момант, калі адкрыецца наступнае акенца магчымасцей, беларускае грамадства зрабіла крок насустрач Еўропе, бо яна ўвесь час ішла насустрач беларускаму грамадству і падтрымлівала яго, а не карала за тое, што робіць улада, якую не выбіралі.

Чытайце таксама: 

Лукашысты патлумачылі, чаму сілавікі зацікавіліся папулярнымі блогерамі

Вынеслі прысуд айцішніку, затрыманаму пасля атакі на самалёт у Мачулішчах

Дома ў пісьменніка Сашы Філіпенкі адбыўся ператрус. Ягонага бацьку затрымалі

Клас
71
Панылы сорам
6
Ха-ха
7
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?