Фота: abw.by

Фота: abw.by

Першы нумар прыватнай газеты «Аўтабізнэс-Weekly» выйшаў 11 лютага 1993 года. Ідэю падгледзелі ў Польшчы. Беларуская газета з прыватнымі аб'явамі з'явілася дзесьці на паўгода раней, чым на да нас прыйшла расійская «Із рук в рукі». 

У самыя «тлустыя» гады тыраж «Аўтабізнэсу» дасягаў 45 000 асобнікаў, а нумар не залазіў у паштовую скрыню. 128 палос — гэта была адна з самых пухлых газет Беларусі.

Супрацоўнікі партала згадвалі, што ў даінтэрнэтаўскія часы «перакупы» спрабавалі падкупаць журналістаў: у распараджэнні газетчыкаў была інфармацыя, якая сапраўды каштавала грошай, бо хто першы тэлефанаваў па аб'яве, той машыну і купляў.

У 1994 годзе ў газеты з'явілася «дачка» — часопіс «АБС», які існаваў да 2008-га.

Газета пратрымалася на дзесяць гадоў больш, апошні друкаваны нумар выйшаў у снежні 2018 года. Рэдакцыя тлумачыла закрыццё папяровай версіі тым, што праз тэхналагічны прагрэс папяровыя выданні пераставалі быць крыніцай інфармацыі. З таго часу рэдакцыя працягвала паспяхова працаваць у анлайн-фармаце.

Сам інтэрнэт-партал abw.by з'явіўся з пачатку 2006 года. 

У канцы 1990-х журналісты выдання пачалі ездзіць на замежныя аўтасалоны і нават дабіралася да палігонаў у Фінляндыі, дзе праводзіліся выпрабаванні шын Nokian.

Фота: «Аўтабізнэс»

Фота: «Аўтабізнэс»

«Аўтабізнэс», апроч навін, публікаваў рэпартажы з вандровак па краіне і з-за мяжы, праводзіў тэст-драйвы. Пра адзін з іх журналісты ўспаміналі з нагоды юбілею.

На тэст узялі УАЗ і выпадкова з крутога кар'ера з'ехалі на ім у возера. Пярэдняя частка машыны апынулася пад вадой, а маркетолага, каб супакоіць, запэўнівалі, што так выглядае звычайны тэст-драйв.

«Гадзіны за дзве выцягнулі УАЗ, прасушылі. Злілі з яго ваду. А УАЗ — старога ўзору, там паралон толькі на сядзеннях, на падлозе — гумовыя дываны і голы метал. Трохі танцаў з бубнамі — УАЗ завёўся і паехаў. Аддавалі мы яго строгаму нейкаму начальніку і ў графе «дэфекты» сумленна запісалі: мокрыя сядзенні», — распавядаў адзін з рэдактароў.

Былі і вясёлыя эксперыменты: напрыклад, журналісты тэставалі сродкі ад пахмелля і замяралі вынік на алкатэстары.

Нягледзячы на тое, што рэдакцыя знаходзілся ў Мінску, партал меў некалькі журналістаў, якія працавалі з іншых гарадоў.

Дарэчы, гэта менавіт «Аўтабізнэс» даставіў з Брэста ў Мінск гіганцкі гарбуз вагой каля 500 кілаграм.

Фота: abw.by

Фота: abw.by

Афіцыйнай прычынай, чаму «Аўтабізнэс» спыняе сваё існаванне, уласнікі партала назвалі тое, што яшчэ з пачаткам пандэміі і наступнымі эканамічнымі санкцыямі прадпрыемства стала стратным. 

Таксама ў звароце да чытачоў заснавальнікі ТАА «Бонусторг» (юрыдычная асоба, якая валодае парталам) паспрабавалі апраўдацца за прыём на працу затрыманага ў канцы кастрычніка дырэктара партала, які паспеў адпрацаваць у іх крыху больш за месяц і знаходзіўся яшчэ на выпрабавальным тэрміне.

Нагадаем, Віталія Палякова сілавікі вінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах і пакіданні негатыўных каментарыяў. У канцы допісу пад відэа з Паляковым, ГУБАЗіК пагражаў уласнікам бізнэсу, якія на той момант знаходзіліся ў адпачынку. Сілавікі здзекліва напісалі, што тыя мусяць «рыхтавацца, бо сілы ім хутка спатрэбяцца».

Аўтамабільны партал упершыню пацярпеў ад сілавікоў у чэрвені 2022 года. Тады былі затрыманыя галоўная рэдактарка Юлія Мудрэўская, рэдактар спецпраектаў Юрый Гладчук і выпускаючы рэдактар Вадзім Зянкевіч. Калі сілавікі дарваліся да інстаграм-акаўнта выдання, яны выклалі там допіс са з'едлівым тэкстам.

«Той выпадак, калі твая канторка тварыла дзіч і жорстка нагнятала сітуацыю ў краіне ў дні пратэстаў, пасля чаго спрабавала зачысціцца, але нешта пайшло не так. Усё толькі пачынаецца, АБВ, якія ж вы двудушныя…» — пісалі сілавікі.

Допіс у інстаграм, які выклалі сілавікі падчас затрыманняў летам 2022 года. Скрыншот «Нашай Нівы»

Допіс у інстаграм, які выклалі сілавікі падчас затрыманняў летам 2022 года. Скрыншот «Нашай Нівы»

Пад «нагнятаннем» яны мелі на ўвазе аб'ектыўнае асвятленне падзей, якія адбываліся ў той час. Паколькі ад дзеянняў сілавікоў цярпелі аўтамабілі, кіроўцы і матацыклісты, «Аўтабізнэс» пісаў пра гэта.

Зянкевічу далі 13 сутак. На Мудрэўскую і Гладчука завялі крымінальныя справы. Юліі прысудзілі паўтара года калоніі (абвінавацілі па артыкуле 342 КК, «арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх»), а Юрыю — два з паловай (той жа артыкул 342, а таксама 368 — абраза Лукашэнкі).

Апроч сайта, у аўтамабільнага партала былі развітыя акаўнты ў сацыяльных сетках і ютубе. Ютуб-канал «Аўтабізнэсу» мае больш за 30 тысяч падпісчыкаў, інстаграм-акаўнт — больш за 50 тысяч.

Адзначым, што партал abw.by заставаўся адным з нешматлікіх рэсурсаў у Беларусі, дзе да гэтага часу можна было пакідаць каментарыі пад артыкуламі. Нягледзячы на тое, што сайт быў вузкаспецыялізаваны, па каментарыях можна было зразумець, якія настроі пануюць у беларускім грамадстве. Праўда, пасля публікацыі развітальнага артыкула такая магчымасць знікла.

Клас
3
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
20
Абуральна
12