Максім «Хокінг» Шабуцкі (злева) і прэс-сакратарка Палка Кастуся Каліноўскага Крысціна «Чабор» Станкевіч. Скрыншот з відэа ютуб-канала Шабуцкага

Максім «Хокінг» Шабуцкі (злева) і прэс-сакратарка Палка Кастуся Каліноўскага Крысціна «Чабор» Станкевіч. Скрыншот з відэа ютуб-канала Шабуцкага

Максім Шабуцкі — блогер і былы міліцыянт, пачаў весці свой канал увесну 2020 года. Ён расказваў, што жыў у падполлі да красавіка 2022-га, а пасля здолеў эвакуявацца з Беларусі ў Польшчу. Напрыканцы 2022-га Шабуцкі далучыўся да Палка Каліноўскага і ўзяў сабе пазыўны «Хокінг».

У відэа Шабуцкі распавядае, што ўжо напісаў рапарт на звальненне і чакае яго юрыдычнага афармлення. Цяпер ён, мяркуючы па ўсім, плануе паехаць у ЕС на лячэнне і для таго, каб зрабіць новыя дакументы.

Па ягоных словах, калі вайна працягнецца, то ён хацеў бы вярнуцца ва Украіну. Але, па словах Шабуцкага, для гэтага мусіць быць выкананая адна з дзвюх умоваў: або створыцца новае вялікае падраздзяленне, якое будзе мець «найперш беларускі парадак дня», або ў Палку Каліноўскага адбудуцца рэформы.

Блогер кажа, што сышоў з баявых пазіцыяў пасля трагедыі, якая адбылася з батальёнам «Ліцвін» у Чарнігаўскай вобласці і некалькі байцоў загінула. Пасля гэтага ён працаваў у штабе Палка.

Па ягоных словах, калі б не было штаба ПКК і людзей у ім, то структуры ПКК магло б увогуле не быць, бо ані ў каго, акрамя іх, не атрымалася стварыць вялікае беларускае падраздзяленне. Але паколькі беларускія структуры бяруць на сябе вялікую місію па вызваленні Беларусі ў будучыні, то і патрабаванні да іх вялікія, таму ён лічыць патрэбным запісаць крытычнае відэа.

Шабуцкі называе тры прычыны, па якіх ён сышоў з ПКК.

Першая — праблемы з лідарствам, як іх бачыць блогер. Па ягоным меркаванні, у ПКК няма лідараў, за якімі гатовыя пайсці людзі, няма і выбараў такіх лідараў. Гэта не дазваляе Палку расці.

Другая — нязгода з кадравай палітыкай палка. Шабуцкі распавядае пра нядаўняе звальненне кіраўніка прэс-службы ПКК (у медыя пра гэта не пісалі). «Ён чалавек быў добры і добра разбіраўся ў медыйцы. Я нязгодзен і з прычынай звальнення. Калі ты кіраўнік, то нават калі ёсць асабісты канфлікт, трэба сціснуць зубы і шукаць кампраміс, а не звальняць людзей», — кажа ён.

Трэцяя — нязгода з палітыкай штаба. Памылкай ён лічыць, да прыкладу, тое, што штаб ПКК не наладзіў працу з большасцю апазіцыйных сілаў. Па меркаванні Шабуцкага, Беларусь ніколі не вызваліць, калі беларусы не аб'яднаюцца.

Таксама ён нязгодны з тым, што штаб ПКК адмовіўся браць грошы ад фондаў і праводзіць марафон салідарнасці з беларускімі ваярамі. Пры гэтым, у ваяроў на перадавой не запыталіся, хоць ім шмат чаго не стае падчас баёў і байцы самі купляюць гэта з уласных грошай.

Максім Шабуцкі прапануе тры рэформы для Палка. Першы крок — гэта правядзенне выбараў камандзіра ПКК, які будзе ягоным тварам. Па меркаванні блогера, каб нікога не абразіць, другі кандыдат мусіць стаць намеснікам камандзіра.

Другая рэформа — гэта стаць больш адкрытымі і найперш даць разгорнутую фінансавую справаздачу па ўсіх ахвяраваннях ПКК і тым, як яны выдаткаваліся. Ён лічыць, што гэта вярнула б давер да кіраўніцтва ПКК.

Трэцяя рэформа — гэта аб'яднанне з кабінетам Ціханоўскай. Па меркаванні блогера, Ціханоўская на сёння лідар з найбольшай палітычнай суб'ектнасцю з усіх, што былі ў дэмакратычна настроеных беларусаў за ўвесь час існавання дэмакратычнага руху.

Такім чынам, моцны брэнд ПКК і моцная суб'ектнасць Ціханоўскай маглі б даць сінергію, якая пайшла б на карысць беларускаму руху ў свеце. 

У прэс-службе Палка Каліноўскага «Нашай Ніве» расказалі, што яны ўжо рыхтуюць відэа з адказамі на вострыя пытанні да кіраўніцтва. Яно з'явіцца на афіцыйных старонках Палка.

Чытайце таксама:

Блогер Максім Шабуцкі стаў рэкрутам палка Каліноўскага

Блогер Максім Шабуцкі пакінуў Беларусь

«Гэта смех проста». Урбановіч скептычна ацаніў заявы штаба Палка Каліноўскага аб вызваленні Беларусі

Клас
125
Панылы сорам
22
Ха-ха
13
Ого
12
Сумна
10
Абуральна
9