Фота: Liza Summer / pexels.com

Фота: Liza Summer / pexels.com

У 1948 годзе сацыёлагі Паўль Лазарсфельд і Роберт Мертан выпусцілі артыкул пра тое, як медыя могуць усыпляць грамадства. Яны выдзялілі тэорыю наркатызуючай дысфункцыі СМІ — паводле яе, медыя спрыяюць страце адчувальнасці да неспрыяльных сацыяльных праблем грамадства. Калі прасцей: чым больш негатыву ў навінах, тым цяжэй чытачу ці гледачу прымаць яго блізка да сэрца.

Пазней, падчас даследаванняў выгарання, навукоўцы адзначылі аслабленне спачування ў дактароў, паліцэйскіх, пажарнікаў і іншых спецыялістаў дапамагаючых прафесій у кірунку да пацыентаў ці кліентаў у цяжкім становішчы. А ў 90-я амерыканскія сацыёлагі выявілі, што стомленасць спачуваць праяўляецца і ў медыя: нагнятанне інфармацыйнага поля дрэннымі навінамі аддаляе аўдыторыю і зніжае тое, наколькі грамадства цікавіцца сацыяльнымі праблемамі. Таксама гэты феномен можа напаткаць вас, калі вы назіраеце за трагічнымі падзеямі ў асяроддзі, з якім вы звязаныя.

Стомленасць спачуваць часта блытаюць з выгараннем. Насамрэч пад ім разумеюць агульнае адчуванне змучанасці або незадавальнення, у той час як стомленасць спачуваць звязаная менавіта з цяжкасцямі ўключыць у сябе эмпатыю.

Як высветліць, што вас гэта закранула? Чалавек, які стаміўся спачуваць, можа быць менш сфакусаваным на эмоцыях і больш — на задачы, ён можа імкнуцца да сацыяльнай ізаляцыі, а таксама адчуваць фізічную і эмацыйную стомленасць. Такая знямога можа ўплываць на тое, як вы думаеце, адчуваеце сябе і паводзіце сябе, то-бок перашкаджаць штодзённаму жыццю. 

Стомленасць спачуваць можа выклікаць у чалавека багата негатыўных адчуванняў: гнеў, раздражненне, нецярпімасць, цынічнасць і крыўду. Яны, у сваю чаргу, спрыяюць міжасабовым праблемам, у тым ліку цяжкасцям у камунікацыі з іншымі і з блізкасцю. Такі чалавек можа страціць здольнасць ясна мысліць і выносіць суджэнні, прымаць добрыя рашэнні і канцэнтравацца на задачах, у яго нават могуць з’явіцца думкі пра самагубства.

Людзі прафесій, якія дапамагаюць іншым, часам развіваюць у сабе псіхічнае аняменне, і гэта дапамагае ім працаваць больш эфектыўна. Гэта здольнасць зніжаць узровень эмпатыі падчас працы, што вызваляе кагнітыўныя рэсурсы, каб вырашаць бягучыя праблемы, а не быць паралізаваным іх маштабамі. 

Калі вас напаткала стомленасць спачуваць, можна звярнуцца па падтрымку да спецыяліста — да псіхолага ці да псіхіятра, калі выпадак больш складаны. А можна прааналізаваць, наколькі якасна вы клапоціцеся пра сябе: нават калі не абысціся без псіхатэрапіі ці лекаў, належнае стаўленне да сябе дапаможа палепшыць стан.

Вось некалькі простых ідэй па тым, як можна паклапаціцца пра сябе ў цяжкую хвіліну:

  • знайсці час на тое, каб харчавацца належным чынам
  • піць дастаткова вады ці іншай вадкасці
  • высыпацца
  • мець фізічную актыўнасць
  • медытыраваць (ёга таксама будзе карыснай)
  • схадзіць на масаж

Таксама ў такіх сітуацыях раяць ствараць эмацыйныя межы. Трэба высветліць, што вы не можаце кантраляваць, і прыняць гэта, а потым сфакусаваць сваю ўвагу на тым, што вам падуладна. Калі спачуванне звязанае з вашай прафесіяй, можна, напрыклад, адмовіцца ад працы і звязанай з ёй інфармацыі ў непрацоўныя часы, калі ж вы трапілі пад уплыў негатыўных навін у медыя, абмяжуйце час чытання такой інфармацыі. Ведайце свае межы і, калі вас перапаўняюць эмоцыі, вазьміце паўзу дзеля свайго ментальнага здароўя.

Калі вы стаміліся спачуваць іншым, звярніце ўвагу на тое, ці можаце вы спачуваць сабе. Самаспачуванне — гэта проста здольнасць ставіцца да сябе як да сябра, калі вы сутыкаецеся з праблемай ці выклікам. Ёсць даныя, што ў людзей, якія практыкуюць самаспачуванне, больш высокі ўзровень устойлівасці і эмацыйнага інтэлекту, ім лягчэй захоўваць спакой пад ціскам, яны адчуваюць менш стрэсу.

Самаспачуванне і спачуванне для іншых звязаныя: калі вы практыкуецеся ў тым, каб быць дабрэйшым да сябе, вы паляпшаеце сваю здольнасць спачуваць іншым.

Ёсць рэчы, якія наадварот не раяць рабіць, калі вы стаміліся спачуваць.

Не трэба вінаваціць у чымсьці іншых і дазваляць сабе звычку скардзіцца тым, хто навокал, на жыццё, таксама няправільна ў адказ на свой стан надаваць дапамозе іншым яшчэ больш часу і энергіі. Не спрабуйце палегчыць свой стан з дапамогай любых хімічных сродкаў, у тым ліку не варта прызначаць самому сабе лекі без кансультацыі з доктарам. І не забывайце звяртаць як мага больш увагі на вашы ўласныя цікавасці і патрэбы.

Нарэшце, існуе задавальненне спачуваць. Гэта прыемнае адчуванне завершанасці, калі вы камусьці дапамаглі, разуменне, што ваша справа мае сэнс, і яно можа стаць крыніцай надзеі, моцы і ўстойлівасці. У выпадку з людзьмі дапамагаючых прафесій такое задавальненне працай дазваляе сустракаць новы дзень і новыя трагедыі, абараняць ад негатыўных наступстваў знаходжання на мяжы з траўмай. 

Блогер Блішч: «Найвялікшая дурасць, якую прыдумалі міленіялы, — выгаранне». Яму адказалі

Жыхарка Варшавы ўратавала 26-гадовага беларуса, які апынуўся на вуліцы пад праліўным дажджом і нічога не памятаў

«Людзі з псіхалагічнымі праблемамі не слабыя. Яны проста вельмі шмат змагаліся». Што беларусы даведаліся пра сябе дзякуючы псіхатэрапеўтам

Клас
6
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?