Дом, які ў народзе празвалі «Пентагон». Скрыншот відэа: CurrentTimeDoc / YouTube

Рэжысёр дакументальнага фільма Андрэй Лашак расказвае:

«Я чалавек, які, шчыра кажучы, не першы год у прафесіі і ўсякае бачыў, але нават я быў уражаны тым, у якіх умовах жывуць людзі. Я пабачыў, што там ёсць пэўны працэнт людзей, якія пʼюць, але гэта мінімальны працэнт. Большасць людзей там — проста звычайныя людзі, якія выжываюць, спрабуюць неяк выжыць у гэтых умовах. Дзеці, семʼі і гэтак далей».

Здымкі вяліся на працягу некалькіх месяцаў. Увесь зняты матэрыял (больш за 150 гадзін) быў змантаваны ў чатыры серыі.

З першых кадраў фільма аўтары паведамляюць, што яны адправіліся ў горад Нававузенск (Новоузенск) у Саратаўскай вобласці для таго, каб даведацца, як жывуць людзі без ацяплення і каналізацыі.

Будынак, які стаў галоўным героем фільма, у горадзе вядомы як «Пентагон».

Ён належыць гарадской адміністрацыі. Большасць жыхароў — людзі з малым дастаткам (героі фільму маюць ад 5 да 17 тысяч на месяц у выглядзе заробку, пенсій, дапамог па інваліднасці), якія атрымалі кватэры па дамове сацыяльнага найму.

Кадр з фільма «Пентагон». Скрыншот відэа: CurrentTimeDoc / YouTube

Чаму такая назва дома, у жыхароў няма адзінага меркавання. «Пентагон — гэта не проста жылы дом. Тут можна ўсё што хочаш рабіць», — расказвае адзін. Другі дадае, што назвалі дом так з-за гармідару, які ў ім робіцца. Трэці лічыць, што такая назва характарызуе жыхароў як адну вялікую сямʼю.

Жыхары «Пентагона». Скрыншот відэа: CurrentTimeDoc / YouTube

Ацяплення ў доме няма. Электрычны кабель працягнулі па паверхні сценаў. Асвятленне ў калідорах правялі з ініцыятывы чалавека, які «збіраўся ў дэпутаты».

«Ён зрабіў на пятым і чацвёртым паверхах. А потым выбары прайшлі, і ён усё кінуў».

Але цяпер нават на гэтых паверхах няма святла, бо праводка паплавілася з-за парушэнняў правіл бяспекі ў доме.

Як трапна заўважае адна з жыхарак, у доме «можна здымаць фільм жахаў». Шыбы ў адной яго частцы выбітыя — «пажар быў, вось і павыбівалі». Замест вадаправода — краны ў калідорах. Каналізацыя сцякае проста ў падвал, а не ў трубу.

«Труба вісіць на вышыні. Дзярмо льецца, льецца, а потым зімою замярзае. Замерзла да трубы, і каналізацыя забілася. Трэба залазіць і шышку ссякаць», — расказвае адзін з герояў.

Так выглядае вольны пакой у «Пентагоне». Скрыншот відэа: CurrentTimeDoc / YouTube

Жыхары маюць у сваім распараджэнні шмат вольных пакояў. Найбольш гаспадарлівыя ачышчаюць іх ад смецця і прыстасоўваюць пад свае патрэбы. Адна з гераінь, якая жыве ў доме з 1992 года, расказвае, што збіраецца ў такім пакоі абсталяваць сабе кухню.

Абсурднасці сітуацыі дадае сюжэт пра дворніка, які ў вольным памяшканні абсталяваў сабе ванну. Яна адна на ўвесь дом. Гаспадар напаўняе яе вадою, якую носіць з калідора ў вёдрах. А награвае кіпяцільнікам. Пасля памыўкі ваду таксама вычэрпвае вёдрамі.

Адносіны з уладамі

Здаецца, што да жыцця ў жахлівых умовах людзі прызвычаіліся. Яны страцілі надзею на перамены. З аднаго боку яны заяўляюць: «Жывём як адкіды ад грамадства. Мы ёсць, але нас няма». Але ў той жа час кажуць:

«Толькі ў адміністрацыю не ідзём. Ніхто не хоча ні выйсці, ні меркавання выказаць, ні расказаць. Мы тут як пастаяльцы, як бабкі на базары, што семкі прадаюць. Пагутарылі, і ўсё на гэтым».

На заўвагі аператара аб тым, што, магчыма, фільм дапаможа змяніць сітуацыю, у адказ чуваць:

«Як бы нам горш потым не было ад гэтага твайго фільма. Скажуць: «Ні..я сабе яны абарзелі, яшчэ нешта просяць, скардзяцца. Дык мы іх расселім адсюль».

Суразмоўца згадвае, што аднойчы, «калі святло тут гарэла», прыехаў «адзін з адміністрацыі» і прапанаваў рассяліць жыхароў у кінутыя дамы ў суседнім пасёлку. Але пытанне ў тым, што няма там працы. І дадае, што ў доме ўсе жывуць да той пары, «пакуль не да…м адміністрацыю». Шмат хто просіць іх не здымаць і адмаўляецца ад размоваў.

Вайна

Жыхароў дома не абмінула вайна. Ёй прысвечана асобная серыя фільма. Адзін з мабілізаваных герояў распавядае, што напярэдадні ажаніўся і ў яго «неўзабаве будзе заробак 205 тысяч… Адтуль я збіраюся прыйсці і купіць сабе кватэру… Калі выжыву».

Ёсць і першыя ахвяры. Аднаго маладога хлопца, які «добраахвотна выбраў шлях стаць на абарону нашай Айчыны» (па словах кіраўніка мясцовай адміністрацыі), прывезлі ў цынкавай труне. Аўтары паказваюць кадры з яго пахавання.

Пахаванне жыхара, які загінуў на вайне. Скрыншот відэа: CurrentTimeDoc / YouTube

Стаўленне да вайны ў жыхароў дома супярэчлівае. З аднаго боку, кажуць, што вайна ім не патрэбна і няма чаго захопліваць сумежныя тэрыторыі, калі вакол цябе бязмежная недагледжаная пустка. З іншага боку, сцвярджаюць, быццам суседзі і сваякі, якія адправіліся на вайну, пайшлі абараняць Радзіму, а ва Украіне «пасадзілі фашыстаў» і «яўрэі хочуць знішчыць рускі народ».

Сітуацыя з «Пентагонам» не ўнікальная для Расіі. Аўтары прыводзяць лічбы: 34% расіян жывуць у кватэрах плошчай меншай за 6 кв. м. на чалавека. 25% не маюць доступу на цэнтралізаванага водазабеспячэння, а 23% — да цэнтральнай каналізацыі.

«Прыязджайце ў Якуцк. Тут цэлы квартал патанае ў дзярме», — пішуць у каментарах. «Хроніка паміраючай краіны», «Рускі свет ва ўсёй красе», «Расія траціць столькі грошай на подласць, вайну, а людзі жывуць у быдлячых умовах» — дадаюць іншыя.

Фільм не застаўся без увагі ўладаў. Як паведамляюць «Свободные новости», Следчы камітэт па Саратаўскай вобласці пачаў праверку аварыйнага будынка. На супрацоўнікаў адміністрацыі Нававузенскага раёна завялі крымінальную справу аб нядбайнасці (ч. 1 арт. 293 КК РФ). Глава Следчага камітэта Расіі Аляксандр Бастрыкін запатрабаваў ад рэгіянальнага ўпраўлення даць яму справаздачу аб праверцы.

Чытайце яшчэ:

«Гэта будзе «Поле цудаў». Напярэдадні выбараў Крэмль правядзе ў Расіі маштабны розыгрыш кватэр і вандровак

Расія займае трэцяе месца ў свеце па расслаенні паміж багатымі і беднымі — UBS Global Wealth Report

Клас
18
Панылы сорам
30
Ха-ха
54
Ого
7
Сумна
9
Абуральна
17

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?