ультрас

Фота: Getty Images

Як англійскія ультрас сталі моднымі трэндсэтарамі

Новы трэнд выйшаў з руху «Ультрас». Рух «Ультрас» — асаблівая катэгорыя спартыўных фанатаў. Гэта яны ствараюць атмасферу падчас матчаў: прыносяць барабаны і фаеры. Пры гэтым, акрамя любові да спорту, ультрас вядомыя сваёй ваяўнічасцю і хуліганствам.

Англійскія фанаты, якія належалі да руху і асабліва славіліся любоўю да боек, імкнуліся знайсці элементы адзення, якія па-за межамі стадыёнаў адрознівалі б іх ад прыхільнікаў супрацьлеглай групы. Пры гэтым адкрыта выкарыстоўваць фанацкую атрыбутыку было нельга, каб лішні раз не прыцягваць увагі паліцыі.

Так, у 1970-я гады ў маладзёжным паўсядзённым гардэробе сталі з'яўляцца рэчы, неймаверныя для прадстаўнікоў старэйшага пакалення таго часу: спартовыя гарнітуры, красоўкі і схаваныя пад вятроўкамі кашулі-пола з лагатыпамі клубаў. Ствараючы аўтфіты, адны фанаты спрабавалі прытрымлівацца фірмовых колераў улюблёнай каманды, іншыя — выбіралі асобныя брэнды.

Наратыў, што пэўная марка можа стаць «уніформай» удзельнікаў «Ультрас», замацавала кіно.

Кадр з фільма

Кадр са стужкі «Фірма»

Напрыклад, пасля выхаду на экраны фільма «Гэта — Англія» фірма Ben Sherman стала папулярнай у скінхэдаў. Падчас правядзення міжнародных матчаў па клятчастых кашулях можна было вызначыць аматара футбола з Вялікабрытаніі.

Sheffield: Arresto Hard Mod 1971

Фота: затрыманне футбольнага фаната ў кашулі ад Ben Sherman. Шэфілд, 1971 год

Другі фільм — «Хуліганы Зялёнай вуліцы» — зрабіў папулярным брэнд Stone Island. Асаблівай павагай сярод радыкальных фанатаў цяпер карыстаюцца іх курткі: яны выдатна абараняюць ад холаду, ветру і дажджу, а таксама досыць трывалыя, каб перажыць чарговую бойку.

Кадр з фільма «ХУЛІГАНЫ ЗЯЛЁНАЙ ВУЛІЦЫ»

Кадр з фільма «Хуліганы Зялёнай вуліцы», галоўны герой у плашчы ад брэнда Stone Island

У 1980—1990-я хуліганскай рамантыкай руху сталі натхняцца вядомыя брэнды: Burberry, Aquascutum, Prada, Armani, Ralph Lauren, Henri Lloyd, Paul & Shark пачалі вырабляць мадэлі, арыентаваныя на аматараў футбола. 

Кадр з фільма

Кадр з кіно «Фірма», галоўны герой у плашчы ад Burberry

Зрэшты не ўсе маркі былі радыя любові заўзятараў. У 1982 годзе вядомы вытворца спартовага абутку New Balance апынуўся ў цэнтры рэпутацыйнага скандалу. Радыкальныя фанаты і прыхільнікі нацыяналістычных поглядаў ацанілі якасць прадукцыі і пачалі хадзіць на разборкі ў гэтых красоўках. У выніку брэнду прыйшлося прыкласці шмат намаганняў, каб перастаць асацыявацца з уніформай агрэсіўных фанатаў і адэптаў ультраправых поглядаў.

У сярэдзіне дзевяностых — нулявых узмацненне жорсткасці ўлад да ультрас прывяло да змен унутры самой субкультуры. Фанаты сталі праяўляць менш агрэсіі за межамі стадыёнаў — гэта азначала, што адзявацца ў футбольны мерч цяпер было бяспечна для звычайных людзей.

Фота: Кевін Каммінс/Getty Images. Спявак Oasis Ліам Галахер (злева) і яго брат, гітарыст Ноэль Галахер (справа), абодва музыкі ў футболках «Манчэстэр Сіці», Портсмут, 9 мая 1994 года

Спявак Oasis Ліям Галахер (злева) і яго брат, гітарыст Ноэл Галахер (справа), у футболках «Манчэстэр Сіці», 1994 год. Фота: Кевін Камінс / Getty Images

А такія музычныя калектывы, як Oasis і Happy Mondays, якія выкарыстоўвалі элементы фанацкага адзення для стварэння сваіх лукаў, вывелі спартовыя рэчы ў масы, далёкія ад спорту.

Блоккор заваёўвае сацсеткі

Сёння любоў да футбольных цішотак перажывае другое нараджэнне, для іх нават прыдумалі асобную назву — «блоккор». Слова пайшло ад англійскага «bloke» — што на слэнгу брытанскіх футбольных ютубераў азначае «братка / бро», і ад «core» — абазначэння розных стылёвых напрамкаў.

блоккор

Фота: інстаграм

Аўтар тэрміна — амерыканскі тыкток-блогер Брэндан Хантлі. Яшчэ ў 2021 годзе хлопец апісаў гэтай назвай свой паўсядзённы лук, які складаўся з фанацкай майкі і джынсаў. «Самы гарачы трэнд 2022-га — блоккор», — напісаў ён у сваіх сацсетках. Пост завірусіўся, а сам трэнд пачаў набіраць абароты.

Сёння толькі ў тыктоку больш за 450 мільёнаў людзей шукаюць інфармацыю, як стылізаваць футбольныя майкі з паўсядзённым адзеннем, праз аднайменны хэштэг. Гарачы трэнд падтрымліваюць і сусветныя знакамітасці. Напрыклад, аўтфіт са спартыўнай цішоткай зрабіла спявачка Рыяна.

блоккор Ріана

Фота: сацсеткі спявачкі Рыяны

Адмысловым шыкам лічацца майкі мінулых сезонаў. Адну з такіх надзела амерыканская зорка армянскага паходжання Кім Кардаш'ян. Яна з'явілася на публіцы ў рэдкай чорнай футболцы ПСЖ сезона 2001/2002. Пазней, у лютым 2023-га, Кардаш'ян пераапранулася ў рэтраформу «Ромы» сезона 1997/1998. 

блоккор

Фота: sports.ru

Гэты лук пайшоў на карысць італьянскаму клубу: толькі за два дні колькасць інтэрнэт-запытаў з назвай каманды павялічылася ажно на 3000%.

Што прапануюць брэнды

Маркі адзення таксама спрабуюць угнацца за трэндам. Напрыклад, спартовы брэнд Аdidas выпусціў футбольныя майкі з бавоўны, камфортныя для паўсядзённай носкі. Адметная рыса новых цішотак — адсутнасць лагатыпаў спонсараў камандаў. 

адідас

Фота: інстаграм брэнда

У сваіх эксперыментах з блоккорам лонданскі брэнд Wales Bonner пайшоў яшчэ далей. На падмостках Тыдня моды ў Парыжы яго дызайнеры прэзентавалі новы погляд на кашулю Adidas Jamaica: яна стала больш прыталенай і паўсядзённай.

блоккор

Фота: інстаграм брэнда

Аднак найвышэйшым стылістычным пілатажам застаецца ўменне знаходзіць футбольныя цішоткі ў сэканд-хэндах. Так моднікі трапляюць адразу ў дзве актуальныя тэндэнцыі — блоккор і беражлівае стаўленне да прыроды і адзення.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?