Паколькі я шмат гадоў займаюся моладзевымі грамадскімі арганізацыямі менавіта ў Оршы, мяне гэтае пытанне здзівіла. Палез шукаць на старонках сайта «СБ» адказ на яго.

І зразумеў, наколькі цяжка быць дзяржаўным прапагандыстам. Наколькі даводзіцца пісаць адкрытую лухту і дзіч, каб падняць настрой і стварыць уражанне прагрэсу.

Мы дзесяцігоддзямі крычалі: таленавітая моладзь з рэгіёна з'язджае, а каб не з'язджала, трэба як мінімум свой універсітэт. Як максімум — універсітэт і развітая інфраструктура баўлення вольнага часу. Якую ідэолагі мэтанакіравана знішчалі з году ў год.

Дык вось, каб паказаць, што Орша ператвараецца ў маладзёжны горад, яны апісалі адну (!!!) маладую работніцу льнокамбіната. Капец! Моладзь працвітае!!!

Дадам, што льнокамбінат, які вельмі прыгожа апісала газета — гэта стратнае прадпрыемства, стратнае дзесяцігоддзямі. За 10 апошніх год ён атрымаў і беспаспяхова патраціў 200 мільёнаў даляраў!

І хаця ў мяне няма даных за 2022-2023 год (іх стала шукаць складана пасля 2020), відавочна, што льнокамбінат так і застаўся стратным. І гэтаму яны прапануюць радавацца і на прыкладзе гэтага прадпрыемства яны хочуць паказаць, што Орша ператвараецца ў моладзевы горад.

Яшчэ больш здзівіў пачатак іншай часткі артыкула: «Оршанский район не зря называют житницей Витебской области». А я з дзяцінства чуў: «Маленькі Чыкага», «Беларускі Чыкага», «Орша — дзве турмы, ніводнага тэатра».

Дзе? У якіх субкультурах, у якіх тусоўках, у якой літаратуры хоць адзін раз назвалі Аршанскі раён жытніцай? Дзе яны гэта прыснілі?

І гэта пры тым, што даход ад раслінаводства ў Аршанскім раёне складае 1,5% (даныя, па-мойму, за 2017 год, і наўрад ці яны змяніліся). То-бок селянін пасеяў вясной зерня на 100 рублёў, а восенню прадаў ураджай і атрымаў 101 рубель 50 капеек. За час ад вясны да восені гэтыя грошы з'ядае інфляцыя і з'ядае нават больш. То-бок «жытніца Віцебскай вобласці» працуе на страты.

Ну, і апошняе. Калі ў рэгіёне сапраўды ёсць моладзь, то яна нараджае, размнажаецца. Змяншаецца колькасць насельніцтва там, дзе насельніцтва старэе.

Давайце паглядзім статыстыку па Оршы паводле афіцыйных даных: 2006 год — 120 566 аршанцаў, 2016 год — 116 552, 2018 год — 115 052, 2020 год — 108 100, 2023 год — 103 658. Такімі тэмпамі яшчэ праз пару год Орша перастане быць стотысячным горадам.

Дык «что способствует превращению Орши в молодежный город»? Здаецца, прапагандыстам трэба яшчэ раз падумаць над гэтым пытаннем. Бо агромністы артыкул у самай масавай газеце краіны выглядае не пераканаўчым.

Чытайце таксама:

У прапагандыста Мукавозчыка спыталі, чаму ягоная дачка працуе ў ЗША

Лукашысты спрачаюцца, як быць з «пераабутымі» блогерамі — меркаванні падзяліліся

«Чаму Какабай усё яшчэ існуе?» Рачылоўскі напісаў публічны данос на папулярнага блогера Какабая

Клас
41
Панылы сорам
5
Ха-ха
17
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
4