Дзяніс Швыркін. Фота: сацыяльныя сеткі

Дзяніс Швыркін. Фота: сацыяльныя сеткі

Студэнтам-першакурснікам прыйшоў у грамадскую дзейнасць

«Я Дзяніса ведаю, атрымліваецца, 25 гадоў, — прыгадвае Аляксандр Мілінкевіч, які з 1996 года быў кіраўніком гродзенскага цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў «Ратуша».

— З калегамі-аднадумцамі мы ўтварылі Беларускую асацыяцыю рэсурсных цэнтраў, якія падтрымлівалі грамадскія ініцыятывы па ўсёй Беларусі. «Ратуша» была цэнтрам дэмакратычнага жыцця горада і ў значнай ступені вобласці. Падчас паездак па краіне ў вялікіх і малых гарадах, нават вёсках, мы шукалі актыўных неабыякавых людзей, дапамагалі ім развівацца, сябраваць паміж сабой, абменьвацца вопытам, вучыцца, як дапамагаць беларусам вырашаць свае праблемы. Што называецца, спрыялі паўставанню грамадскага актывізму рэгіянальнага і лакальнага, стваралі сеткі супрацы і салідарнасці».

Неўзабаве пасля таго, як у другой палове 90-х Дзяніс Швыркін прыйшоў у «Ратушу», яны разам з Феліксам Гавіным і Наталляй Маліноўскай стварылі ў Гародні маладзёвую Школу правоў чалавека.

Яны прайшлі стажыроўкі і семінары ў вядомай на ўсю Еўропу польскай Хельсінскай фундацыі правоў чалавека, якой у той час кіраваў легендарны Марэк Навіцкі, адзін з заснавальнікаў праваабарончага руху на постсавецкай прасторы. Паводле спадара Мілінкевіча, школа, у якой дзейнічаў Дзяніс разам са сваімі аднадумцамі, была адной з найлепшых у Беларусі на той час. Яе стваральнікі ладзілі бясплатныя юрыдычныя кансультацыі у Прававой клініцы «Ратушы» і навучалі гарадзенцаў бараніць свае правы.

Цікаўнасць хлопца да правоў чалавека была невыпадковай — ён якраз вучыўся на юрыста ў гарадзенскім Беларускім інстытуце правазнаўства.

Яшчэ адна справа, якая захапіла яго ў «Ратушы», — гэта выдавецкая дзейнасць, кажа спадар Мілінкевіч:

«У нас працаваў сур'ёзны выдавецкі цэнтр на базе рызографаў, якія былі значна больш якасныя за вядомыя з часоў савецкага самвыдату рататары. Мы друкавалі на іх бюлетэні і газеткі, якія выходзілі практычна ва ўсіх раёнах вобласці, мастацкія творы мясцовых аўтараў, краязнаўчую літаратуру. І ўлёткі таксама друкавалі — і для выбараў, і для рэкламы грамадскага жыцця і культурніцкіх падзеяў. Цяжка ўявіць такое сёння, але так было. Рэжым яшчэ не набраў моц, хоць час ад часу ў нас і праходзілі ператрусы. Але людзі актыўна цікавіліся палітыкай, удзельнічалі ў грамадскім і культурніцкім жыцці».

Падчас працы ў «Ратушы» перайшоў на беларускую мову

Паміж грамадскім актывізмам і паважным стаўленнем да роднай мовы ёсць самая непасрэдная сувязь, разважае Мілінкевіч:

«Чалавек праз мову пачынаў адчуваць сябе годнай асобай, як роўны з роўнымі. Адначасова гэта быў час адкрыцця праўдзівай беларускай гісторыі, якую ў нас проста скрала імперыя. І тут раптам ты адкрываеш, што яна ў нас надзвычай прыгожая, гераічная і трагічная, а колькі герояў у ёй! Калі людзі пачыналі гэта разумець, у іх проста крылы вырасталі! І Дзяніс у гэтым жыў.

Моладзь аніяк не хацела ў савецкія казармы з іх русіфікацыяй і муштрой. Шчыры, неагрэсіўны нацыянальны дух — найлепшая зброя супраць імперыі, гэтага абсалютнага зла. І беларуская мова была ў Гародні таго часу як штандар, як сімвал новага жыцця. І Дзяніс падхапіў гэты штандар і годна яго нёс».

Яго заўсёды цікавіла ўсё, што было звязана з гісторыяй роднага горада, якую ён адкрыў для сябе разам з беларушчынай. «Ён быў закаханы ў Гародню», — кажа Аляксандр Мілінкевіч.

Любімы горад Дзяніс Швыркін згадвае і ў сваім допісе ў фэйсбуку, які ён зрабіў, ужо пераехаўшы ва Уроцлаў: «Бывай, любая мая Гародня, да пабачэння, мілая мая Радзіма. Я веру, што мы яшчэ ўбачымся. А пакуль цяжка. Вельмі-вельмі цяжка».

Гэты допіс ад 23 верасня стаў апошнім: уночы на 24 верасня 42-гадовы беларус раптоўна памёр. Паводле сяброў, не вытрымала сэрца.

Рашучым і самаадданым — такім выхоўвалі бацькі Дзяніса, якія паспелі глынуць паветра пераменаў, свабоды слова, паверылі ў свае магчымасці і перадалі наступнаму пакаленню прагу да волі, лічыць Аляксандр Мілінкевіч.

Скончыўшы інстытут, Дзяніс Швыркін каля дзесяці гадоў адпрацаваў у МТС, дарос там да пасады кіраўніка дылерскіх сетак па Гарадзеншчыне. Потым перайшоў у фірму «Сэрвіс М Лагістык», якая займаецца грузаперавозкамі па Еўропе і Беларусі. Спачатку займаў пасаду начальніка аддзела продажаў, а пазней — аддзела па працы з кліентамі. Нейкі час быў індывідуальным прадпрымальнікам, потым перайшоў на працу ў Wildberries. Але ў 2020-м ён быў гатовы рызыкаваць і кар'ерай, і дабрабытам.

«Дзянісу тады было 39 гадоў, перад выбарамі ён быў у штабе Бабарыкі, — згадвае Аляксандр Мілінкевіч. — Ён раіўся са мной, ці браць на сябе такую адказнасць. «Я вельмі хачу змяніць Беларусь да лепшага», — так ён тлумачыў свой выбар. Ён усё гэта ўсведамляў — што, магчыма, будзе вымушаны сысці з бізнэсу, што гэта будзе ўдар па сям'і і ўсё такое, але казаў: «Я хачу выканаць сваю місію».

Вось такі быў дух чалавека, які верыў у неабходнасць дэмакратычных пераменаў. Гэта людзі «першай незалежнасці, я іх называю прадстаўнікамі «пасляперабудовачнага» часу. Яны звычайна, калі прыходзілі ў грамадскую дзейнасць, то ў ёй і заставаліся.

Калі ў 2020 годзе ў Гародні адбываліся пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, Дзяніс быў адным з галоўных каардынатараў. У Гародні пратэсты былі вельмі масавыя — на акцыі выходзілі па 40 тысяч чалавек. Калі лічыць прапарцыянальна да колькасці насельніцтва, то яны былі таго маштабу, што і менскія.

У жніўні 2020-га менавіта Швыркіна абралі «кіраўніком каардынацыйнай рады грамадскасці Гародні». Гэта ён у Гародні агучыў патрабаванні народа падчас найбольш масавага пратэсту ў гісторыі Беларусі, 16 жніўня 2020 года, са сцэны мітынгу на цэнтральнай плошчы горада.

Праўладная прапаганда спрабавала дыскрэдытаваць Дзяніса Швыркіна яшчэ ў тыя пратэсныя дні: яго называлі няўдалым прадпрымальнікам, кпілі з таго, што ён скончыў не самую прэстыжную ВНУ, пісалі, што ён «марыць бачыць сябе ў вальяжным фатэлі як мінімум у гарадской адміністрацыі». Але ягоны аўтарытэт у дэмакратычным асяродку па-ранейшаму заставаўся высокім.

«Ён разумеў, што ўлады яму будуць помсціць»

Сёлета 30 жніўня Дзяніса Швыркіна нечакана затрымалі проста на працы — у пункце выдачы замоваў Wildberries на кірмашы «Карона». Відэаролік пра тое, як амапаўцы ў бронекамізэльках затрымліваюць мужчыну, скідаюць яго з крэсла на падлогу, а потым у кайданках вядуць на допыт, апублікаваў 3 верасня мясцовы тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў. Міліцыянты запісалі са Швыркіным відэа пад прымусам, дзе ён кажа, што з'яўляецца чальцом аргкамітэта па стварэнні партыі «Разам», якую арганізоўвалі аднадумцы Віктара Бабарыкі. І што ён затрыманы за «распаўсюд экстрэмізму».

Відэаролік з кадрамі затрымання выпусцілі ўжо пасля таго, як суддзя Кастрычніцкага райсуда Максім Галубовіч аштрафаваў актывіста на 25 базавых велічынь (925 рублёў). Ён прызнаў Дзяніса Швыркіна парушальнікам заканадаўства за тое, што на сваёй старонцы ў фэйсбуку ён «захоўваў з мэтай распаўсюду візуальны матэрыял» з трох інтэрнэт-рэсурсаў, якія «з'яўляюцца інфармацыйнай прадукцыяй, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Тую старонку ў фэйсбуку Дзяніс знішчыў. А на новай паспеў зрабіць толькі адзін запіс — пра развітанне з Радзімай. Але не прысуджаны штраф змусіў актывіста пакінуць Беларусь, перакананы Аляксандр Мілінкевіч: «Ён разумеў, што фінансавыя пакаранні — гэта толькі пачатак, далей ціск будзе ўзмацняцца.

Вымушаны ад'езд з любімага горада, ад родных людзей і мясцін стаў стрэсам. Гэта любому чалавеку цяжка перажыць, а тым болей чалавеку эмацыйнаму і глыбока свядомаму, якім быў Дзяніс. Мы пастаянна чуем, з якой пагардай Лукашэнка вымаўляе слова «свядомыя». Як абразу. Бо свядомыя людзі — адкрытыя ворагі дыктатуры, яны ніколі не захочуць у казарму, у новы СССР. Яны заўсёды будуць мкнуцца да волі.

І яны не прайгралі пасля падаўлення пратэстаў. Так, яны не дамагліся палітычных пераменаў, але яны адчулі сябе сапраўдным народам, прадэманстравалі неймаверную салідарнасць, яны не здрадзілі сваім перакананням, у іх проста пакуль з дапамогай тэрору забралі магчымасці адстойвацць сваю годнасць. Адсюль роспач і вось такія асабістыя трагедыі. Таму Дзяніс Швыркін — таксама трагічная ахвяра ў барацьбе за вольную незалежную Беларусь».

Клас
5
Панылы сорам
0
Ха-ха
5
Ого
0
Сумна
31
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?