Рустэм Умераў, Кіеў, 5 верасня 2023 г. Фота: Andrii Nesterenko / AFP / Getty Images

Рустэм Умераў, Кіеў, 5 верасня 2023 г. Фота: Andrii Nesterenko / AFP / Getty Images

Адукацыя

Рустэм Умераў нарадзіўся ў 1982 годзе ў дэпартацыі ва Узбекістане (у той час — ва Узбекскай ССР). Ва Украіну яго сямʼя вярнулася ў пачатку 1990-х. Умераў скончыў Крымскую гімназію-інтэрнат для адораных дзяцей у Бахчысарайскім раёне. Быў стыпендыятам амерыканскай «Праграмы абмену будучых лідараў» (FLEX). Вышэйшую адукацыю атрымаў у Нацыянальнай акадэміі кіравання — дыплом бакалаўра па спецыяльнасці «Эканоміка», і дыплом магістра — па спецыяльнасці «Фінансы». 

У студэнцкія гады ўдзельнічаў у Канадска-ўкраінскай парламенцкай праграме, Амерыкана-ўкраінскай праграме лідарства, далучаўся да працы Еўрапейскага моладзевага парламента, Еўрапейскага студэнцкага форуму AEGEE і Еўрапейскай асацыяцыі студэнтаў-юрыстаў.

Палітыка

У 2006-м Умераў стаў дарадцам Мустафы Джамілева — першага старшыні Меджліса крымскататарскага народа. Кансультаваў Джамілева ў эканамічных, палітычных пытаннях.

«У Рустэма была паважаная ў Крыме сямʼя. Пасля акупацыі паўвострава ён быў вымушаны вывесці іх, бо была прамая пагроза. Іх папярэджвалі, былі сігналы, што іх могуць узяць у закладнікі», — распавядае Джамілеў.

З 2014-га Умераў займаўся вяртаннем украінскіх палітвязняў з РФ. Так, у 2017 годзе пры яго ўдзеле вызвалілі двух палітвязняў — Ахтэма Чыйгоза і Ільму Умерава. Тады яны з Расіі самалётам дабраліся да Анкары, а далей да Украіны. Па такім жа маршруце, і з дапамогай у тым ліку і Умерава, 21 верасня 2022-га ва Украіну вярнулі палонных «Азоўсталі».

У 2019-м Умераў стаў дэпутатам ад партыі «Голас». У парламенце ініцыяваў некалькі законапраектаў, звязаных з правамі чалавека. У прыватнасці ўдзельнічаў у стварэнні дакумента аб сацыяльнай абароне палітвязняў і іх семʼяў. У 2020 годзе пачаў парламенцкія слуханні па дэакупацыі і рэінтэграцыі Крыма.

«99% парламенцкай працы Рустэма Умерава тычылася правоў нацменшасцяў, вяртання акупаваных тэрыторый і правядзення Крымскай платформы», — кажа Яраслаў Жалязняк, аднапартыец Умерава.

У верасні 2022 года Умераў стаў старшынёй Фонду дзяржмаёмасці. Гэтую пасаду ён займаў каля года. За гэты час, па даных Цэнтра процідзеяння карупцыі, даход ад арэнды дзяржмаёмасці вырас больш чым у 3,3 разу, а ад продажаў абʼектаў Фонд прынёс бюджэту каля 4 млрд грн, што зʼяўляецца рэкордным паказчыкам за 10 гадоў. Таксама сілы абароны атрымалі 600 тысяч квадратных метраў нерухомасці, а канфіскаваныя расійскія актывы пачалі рыхтаваць да продажу праз «Prozorro».

Кіраўнік Фонду дзяржаўнай маёмасці Украіны Рустэм Умераў, Кіеў, 14 жніўня 2023 г. Фота: Getty Images

Кіраўнік Фонду дзяржаўнай маёмасці Украіны Рустэм Умераў, Кіеў, 14 жніўня 2023 г. Фота: Getty Images

Перамовы

28 лютага 2022-га Рустэм Умераў разам з міністрам абароны Аляксеем Рэзнікавым, старшынёй фракцыі «Слуга народа» Давідам Арахаміяй і дарадцам офіса прэзідэнта Міхаілам Падаляком адправіўся ў Гомель на перамовы паміж Украінай і РФ.

Сярод асноўных перамоўшчыкаў Умераў быў адзіным, хто не займаў пасаду ў Кабінеце міністраў ці Офісе прэзідэнта (ОП). У інтэрвʼю «Украінскай праўдзе» ён растлумачыў, што кіраўнік ОП Андрэй Ярмак «параіў яго ў дэлегацыю як чалавека, які мае тыя навыкі, якія былі патрэбныя ў той час». 

«Гэтыя ўсе перамовы пачыналіся ў 2014-м годзе. Палітвязні, якія зʼявіліся, — гэта мая асноўная рэч. Я і быў тым чалавекам, які гэтым неафіцыйна кіраваў. Я ведаў колькі ў нас палітвязняў, колькі нам трэба адвакатаў, з якімі адвакатамі трэба працаваць», — распавядаў Умераў, чаму яго далучылі да дэлегацыі перагаворшчыкаў. 

Ён удзельнічаў і ў іншых перамовах з РФ — у Стамбуле, 29 сакавіка 2022-га. Там, у прыватнасці, разглядалі магчымасць дамовы аб гарантыях бяспекі Украіны. Уладзімір Зяленскі ўказам зацвердзіў склад перамоўнай групы, у якую ўвайшоў і Умераў. 

«Умераў — талерантны, не запальчывы, ён не бывае на эмоцыях, усіх выслухае. Аднак сваю пазіцыю адстойвае выразна. Я ж таксама быў датычны да гэтых перамоваў, асабліва да тых, што адбываліся ў Стамбуле. Ён добры перагаворшчык. Выдатна ведае англійскую, украінскую, крымскататарскую, турэцкую, расійскую», — кажа Мустафа Джамілеў.

Украінская і расійская дэлегацыі падчас перамоваў у першыя дні поўнамаштабнага ўварвання РФ. Прадстаўнікі абедзвюх дзяржаў сустрэліся ў Гомелі 28 лютага 2022 года. Фота: МЗС Беларусі / Агенцтва Anadolu / Getty Images

Украінская і расійская дэлегацыі падчас перамоваў у першыя дні поўнамаштабнага ўварвання РФ. Прадстаўнікі абедзвюх дзяржаў сустрэліся ў Гомелі 28 лютага 2022 года. Фота: МЗС Беларусі / Агенцтва Anadolu / Getty Images

Крыніцы з атачэння Умерава распавядаюць, што ён мае цесныя сувязі ў Турцыі і краінах Блізкага Усходу. У прыватнасці, яны дапамаглі адбыцца абмену палонных абаронцаў «Азоўсталі». 22 верасня прэзідэнт Зяленскі ў відэазвароце падзякаваў камандзе, якая вяла перамовы. Сярод іх быў і Умераў. 

Крытыка

Уладзімір Вятровіч — нардэп ад «Еўрапейскай салідарнасці», лічыць верагодным уплыў Офіса прэзідэнта на міністра абароны: «Яму (Умераву — рэд.) давядзецца працаваць у досыць складаных умовах, у абмежаванай незалежнасці ў сферы абароны. Бо ў нас склалася традыцыя, што выканаўчая ўлада вельмі залежная ад Офіса прэзідэнта».

Прадстаўнік «Голаса» Яраслаў Жалязняк кажа, што на ягоную думку, наадварот — улада больш зацікаўленая мець добрыя стасункі з новаабраным міністрам абароны:

«Рустэм — прадстаўнік крымскататарскага Меджліса. Гэта досыць магутная структура. Там наўрад ці можна мець камусьці свайго чалавека. Рустэм напрамую мае зносіны са многімі кіраўнікамі дзяржаў. Таму не думаю, што ён мае патрэбу ў патранажы ад улады».

Чаканне

Адна з функцый Міністэрства абароны — забеспячэнне войска, уключаючы і зброю ад заходніх партнёраў. Так, пры кадэнцыі Рэзнікава, у прыватнасці, стварылі танкавую і авіяцыйную кааліцыі. Крыніцы ў асяроддзі Умерава кажуць, нават без пасады міністра ён дамаўляўся з краінамі Блізкага Усходу пра пастаўкі зброі. Гэта пацвярджае, не канкрэтызуючы назвы краін, і Мустафа Джамілеў. 

Пра перамовы па пастаўках зброі як найважнейшую функцыю міністра абароны кажа і дэпутатка ад «Слуг народа» Яўгенія Краўчук: «Я ўпэўненая, ён зможа наладзіць сувязі з міжнароднымі партнёрамі».

Таксама ад Рустэма Умерава чакаюць, у прыватнасці, пераадолення карупцыі ў Мінабароны.

Бо ў часы Рэзнікава было некалькі гучных скандалаў з закупкамі для Сіл абароны. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб закупцы прадуктаў па завышаных цэнах — так званыя «яйкі па 17», і пра нібыта закупку зімовай формы для УСУ, якая падаражэла ўтрая падчас дастаўкі.

Цэнтр процідзеянняў карупцыі лічыць, што Умераў змог паказаць станоўчыя вынікі ў Фондзе дзяржмаёмасці — органе, «які заўсёды быў адной з самых карумпаваных клаак». Па словах старшыні ЦПК Віталя Шабуніна, Умерава «ненавідзіць частка дэпутатаў, карупцыйныя патокі якіх ён прыстукнуў».

Народны дэпутат ад еўрапейскай салідарнасці Мікалай Княжыцкі таксама чакае ад Умерава пераадолення карупцыі ўнутры міністэрства і празрыстасці закупак: «Але ці зможа ён выстаяць у сістэме ўлады і не пайсці ў іх на павадку — я не ведаю. У мяне вялікія сумневы з гэтай нагоды».

На думку былога амбасадара ЗША ў Расіі Майкла Макфола, прызначэнне Умерава мае і палітычны падтэкст: Умераў — першы міністр абароны Украіны крымскататарскага паходжання, таму пры ім «пра Крым ніколі не забудуць».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?