Як і большасць прадпрыемстваў беларускай лёгкай прамысловасці, вытворцы абутку не спяшаюцца гнацца за трэндамі. Шматлікія мадэлі распрацаваныя дзесяцігоддзі таму, а якасць пашыву пакідае жадаць лепшага. Але з соцень неактуальных пар, вырабленых на айчынных прадпрыемствах, мы знайшлі некалькі па-сапраўднаму модных варыянтаў.

Belwest: унісэкс і кеды

Рэчы «ўнісэкс», якія пасуюць для абодвух палоў, трывала ўвайшлі ў моду ў пачатку 1960-х. У той час пачалі пераглядацца стэрэатыпныя гендарныя ролі, у тым ліку пераасэнсоўвалася і становішча жанчыны ў грамадстве. У знак падтрымкі новай плыні дзяўчаты мянялі сукенкі на мужчынскія штаны, а абцасы — на зручныя боты. З часам да трэнду далучыліся мужчыны: так у сучасны мужчынскі гардэроб увайшлі лёгкія тканіны, далікатныя колеры і карункі. Апошнія для аднаго са сваіх вобразаў абраў нават музыка Лявон Вольскі.

У Belwest таксама ёсць некалькі гендарна-нейтральных мадэляў. Напрыклад, чаравікі ў стылі мілітары. Каштуюць такія пары каля 130 даляраў, а знайсці іх можна ў жаночым аддзеле.

Белвест

Фота: сайт брэнда Belwest

Аматаркам стылю Old Money можна прыгледзецца да белых класічных кедаў. Мадэль доўга будзе заставацца актуальнай і выдатна ўпішацца ў базавы гардэроб.

Белвест

Фота: сайт брэнда Belwest

Брэнд не абышоў увагай мужчын: ім прапануюць спартыўныя чаравікі з настроем «Алімпіяды-80». Такія вырабляюцца ў двух колерах — чорным і балотна-зялёным. Насіць пару можна як са спартовымі лукамі, так і дапаўняць імі класічныя камплекты.

Кроксы ад Marko

Віцебскі брэнд уразіў наяўнасцю гумавых тапак мадэлі «Крокс». Пара ад Marko мала чым адрозніваецца ад арыгінала: крыху змененыя памеры дзірак і сам лагатып. Зрэшты, розніца бачная толькі ў цане: арыгінал каштуе каля 50 даляраў, беларуская копія — 7.

Марко

Злева — Crocs, справа — «Марка». Фота: сайты брэндаў

У восеньскай калекцыі можна вылучыць жаночыя батыльёны на ўстойлівым абцасе. Такія будуць добра глядзецца ў спалучэнні з лёгкімі і карункавымі сукенкамі і паліто-аверсайз. Абыдзецца пара ў 93 даляры.

Марко

фота: сайт брэнда

У мужчынскай секцыі нашу ўвагу прыцягнулі чаравікі з нубуку. Яны не маюць яркага дызайну, затое могуць стаць нядрэннай класічнай базай на восень. Дарэчы, каштуюць такія танней за жаночыя — усяго 73 даляры ЗША.

Лідскі абутак: пары для крэатыўных

Прагулка па краме «Лідскі абутак» падобная да экскурсіі ў мінулае: столькі састарэлых мадэляў можна знайсці хіба што ў касцюмернай «Беларусьфільма». Напрыклад, гэтыя выдатныя туфлі за 11 даляраў нагадваюць пасляваенныя мадэлі — з грубай бавоўны і са слабым супінатарам.

Лідскі абутак

Фота: сайт «Лідскага абутку»

Дызайнеры прадпрыемства паспрабавалі ажывіць і мадэль пачатку 60-х, расфарбаваўшы яе ў змяіны прынт. Каштуюць крэатыўныя туфлі 22 даляры, а знайсці іх можна ў мужчынскім аддзеле.

Лідскі абутак

Фота: сайт «Лідскага абутку»

«Лідскі абутак» знакаміты сваімі кедамі. Такія мадэлі з'яўляюцца несмяротнай класікай, таму на іх не шкада выдаткаваць грошы. Варта адзначыць расфарбоўку кедаў: яны вырабляюцца ў трэндавых колерах і ні ў чым не саступаюць заходнім аналагам. Каштуе спартовая пара ўсяго 21 даляр.

«Прамень», ці Dr. Martens па-беларуску

Мінская марка парадавала разнастайнасцю стыльнага абутку. У жаночым аддзеле мы заўважылі цікавыя туфлі на нізкім ходзе. Эклектычны абутак спалучае брутальнасць і элементы «бэбі-дол», а форма іх наска — трэнд наступнага сезона.

Луч

Фота: сайт «Праменя»

Другая пара — замшавыя лоферы, яны выдатна падыдуць на сухую восень: іх можна спалучаць як з джынсамі і штанамі, так і з сукенкамі.

Луч

Фота: сайт «Праменя»

Аналаг знакамітых чаравікаў Dr. Martens таксама з'явіўся ў «Праменя». Мадэлі выкананыя са скуры і замшы і маюць шырокую каляровую палітру. На жаль, на сайце кампаніі не пазначаны цэны, але, мяркуем, яны будуць не вышэйшыя за цану арыгінала.

Чытайце таксама:

Аляксандр Глеб сабраў у школу дачку-першакласніцу. Ці хапіла рэкамендаванай чыноўнікамі сумы?

Жоўтыя шкарпэткі Аляксандра Азарава сталі аб'ектам увагі

Сціплы фітнэс-бранзалет Церцеля і раскошныя гадзіннікі Баскава. Колькі каштуюць любімыя аксесуары чыноўнікаў

Клас
12
Панылы сорам
13
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
9

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?