Закон «Аб лічбавых паслугах» — гэта частка комплексу нарматыўных актаў, арыентаваных на тэхналогіі і распрацаваных блокам 27 краін.

DSA прызначаны для стварэння бяспекі карыстальнікаў у інтэрнэце і прадухілення распаўсюджвання шкоднага кантэнту, які альбо з'яўляецца незаконным, альбо парушае ўмовы абслугоўвання платформы (напрыклад, прапагандуе генацыд або анарэксію). Ён таксама закліканы абараніць фундаментальныя правы еўрапейцаў, такія як недатыкальнасць прыватнага жыцця і свабоду слова.

На якія платформы ён распаўсюджваецца?

На цяперашні момант іх 19. Гэта восем сацыяльных сетак: Facebook, Tik Tok, X (раней вядомая як Twitter), YouTube, Instagram, LinkedIn, Pinterest і Snapchat, пяць гандлёвых анлайн-пляцовак: Amazon, Booking.com, кітайскія Alibaba, AliExpress і нямецкая Zalando, дзве крамы мабільных праграм — Google Play і Apple App Store. Таксама ў спісе — Google Search, пошукавая сістэма Microsoft Bing, карты Google і Вікіпедыя.

Інсайдары з Бруселя прызналі за хібу, што ў спіс не ўключылі eBay, Airbnb, Netflix і нават PornHub. Аднак спіс не з'яўляецца канчатковым, і магчыма, пазней у яго дададуць іншыя платформы. Любы бізнэс, які прапануе лічбавыя паслугі еўрапейцам, урэшце павінен будзе выконваць DSA.

Што мяняецца?

Платформы ўкаранілі новыя спосабы пазначаць незаконны анлайн-кантэнт і сумнеўныя прадукты. Умоўна кажучы, скардзіцца на кантэнт стане прасцей.

Amazon адкрыў новы канал для паведамлення аб падазроных таварах. TikTok даў карыстальнікам дадатковую магчымасць пазначаць відэа, напрыклад, як тое, што распальвае нянавісць або можа быць створана махлярамі. Такія відэа дадаткова прагледзяць групы экспертаў.

Google прапануе больш «бачнасці» рашэнняў па мадэрацыі кантэнту і больш розных спосабаў сувязі карыстальнікаў з кампаніяй. У адпаведнасці з DSA, Google і іншыя платформы павінны даць дадатковую інфармацыю пра тое, чаму публікацыі выдаляюцца.

Facebook, Instagram, Twitter і Snapchat цяпер даюць людзям магчымасць адключыць аўтаматызаваныя сістэмы, якія рэкамендуюць відэа і публікацыі на аснове іх профіляў. Такія сістэмы абвінавацілі ў тым, што яны падштурхоўваюць карыстальнікаў сацыяльных сетак да ўсё больш экстрэмальных публікацый.

DSA таксама забараняе арыентаваць рэкламу на ўразлівыя катэгорыі людзей, у тым ліку на дзяцей. У прыватнасці, Snapchat і TikTok павінны перастаць дазваляць рэкламе нацэльвацца на падлеткаў на аснове іх актыўнасці ў інтэрнэце.

А што, калі кампаніі не будуць выконваць правілы?

Чыноўнікі папярэдзілі, што парушэнні могуць пацягнуць за сабой штрафы ў памеры да 6% ад іх глабальнага даходу, якія могуць вылічацца мільярдамі, ці нават забарону кампаніі ў ЕС.

Па сутнасці, тэхналагічным кампаніям прыйдзецца дазволіць Еўрапейскай камісіі і выканаўчаму органу ЕС «зазірнуць пад капот», каб убачыць, як працуюць іх алгарытмы.

Буйныя платформы павінны выявіць і ацаніць патэнцыйныя рызыкі і прааналізаваць, ці дастаткова яны робяць для зніжэння гэтых рызык. Ацэнкі павінны быць зроблены да канца жніўня, а потым кампаніі пройдуць незалежную праверку. Чакаецца, што аўдыты стануць асноўным інструментам праверкі выканання патрабаванняў, хоць план ЕС крытыкавалі з-за адсутнасці дэталяў: пакуль ніхто не ведае, як менавіта будуць адбывацца гэтыя аўдыты.

Гэта датычыць толькі ЕС?

Змены ў Еўропе пацягнуць за сабой «хвалевы эфект» ва ўсім свеце. Так, напрыклад, Вікіпедыя карэктуе ўмовы выкарыстання, каб даваць больш інфармацыі аб «праблемных карыстальніках і кантэнце». Гэтыя змены не абмяжуюцца Еўропай і «будуць рэалізаваныя ва ўсім свеце», заявілі ў некамерцыйнай арганізацыі Wikimedia Foundation.

Snapchat заявіў, што яго новы працэс справаздачнасці і апеляцый для пазначэння незаконнага кантэнту або акаўнтаў, якія парушаюць правілы службы паведамленняў, будзе разгорнуты ў наступныя месяцы спачатку ў ЕС, а затым — ва ўсім свеце.

 

Чытайце таксама:

ЕС ухваліў праект закона аб рэгуляванні прымянення штучнага інтэлекту

«Гэта новая норма». Як сацсеткі змяняюць мозг падлеткаў — навуковае даследаванне 

«Яна нармальная, паверце вы мне!» Жыхары правінцыі запісалі эмацыйнае відэа ў абарону тушонкі — і парвалі тыкток 

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1