Інтэрнэт-крама Triostar размясціла на старонцы з таварамі для асуджаных маркетынгавы тэкст. Аўтар заўважае, што рэчы з гэтага раздзела павінны ствараць «непрывабны выгляд», і адзначае, што цёмнае адзенне прызначаецца для людзей з «цёмным лёсам».

апісанне турэмнага адзення

Скрын сайта triostar.by

На думку ўладальнікаў крамы, такія рэчы распрацаваныя, каб ствараць мінімальны камфорт, аказваць псіхалагічны ўплыў і зніжаць ініцыятыву.

апісанне турэмнага адзення

Скрын сайта triostar.by

Мы папрасілі былога зняволенага падзяліцца сваім досведам выкарыстання такога адзення, а псіхолага — расказаць, як працяглае нашэнне формы ўплывае на псіхіку. 

«Я адчуў, што магу змерзнуць да смерці»

У 2018 годзе бізнэсмен Аляксандр Кныровіч, вядомы сваёй крытыкай улады, быў асуджаны за ўхіленне ад выплаты падаткаў ды хабар і прабыў у няволі 4,5 года. Больш за 22 месяца з гэтага тэрміну мужчына правёў у СІЗА, таму псіхалагічнага шоку ад прыбыцця на месца адбыцця пакарання ў яго не было: умовы ўтрымання тут здаваліся значна мякчэйшымі, чым у ізалятары.

ІК-3

ПК-3. Фота: «Белсат»

Апынуўшыся ў папраўчай калоніі №3 «Віцьба», Аляксандр атрымаў камплект так званага «палажняка» — адзення, якое выдаюць усім асуджаным. Звычайна ў такі набор уваходзяць гарнітур-двойка (роба), цёмная кашуля і феска — галаўны ўбор накшталт кепкі.

На дварэ стаяў халодны лістапад, тэмпература паветра вагалася каля нуля, і выдадзеная экіпіроўка ніяк не абараняла ад сцюжы:

«Сінтэтычнае адзенне магло падысці на плюс 20, але ў ім немагчыма было выжыць у мінус 1. У дадатак да ўсяго яно было не па памеры. Я адчуў, што ўсё — я магу змерзнуць да смерці».

Да сінтэтычнай двойкі дадалі целагрэйку і чаравікі-«казлы», якія калісьці былі зробленыя рукамі такіх жа зняволеных. Іх блогер называе «кандаламі» і адзначае, што насіць іх было немагчыма — яны дастаўлялі фізічныя пакуты.

Пастанова 8/9069 ад 2003 года «Аб забеспячэнні рэчавай маёмасцю асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах» рэгламентуе нормы выдачы адзення і тэрміны яго выкарыстання. Згодна з ім, акрамя іншага, зняволеным мужчынам павінны выдаваць тры пары шкарпэтак, адну майку і адны трусы на год. Ратуюць асуджаных рэчавыя пасылкі, якія яны могуць атрымліваць раз на шэсць месяцаў, «рынак» унутры калоніі і ўласная кемлівасць.

«Унутры калоніі асуджаныя мяняюцца адзеннем, а нейкія рэчы можна купіць за цыгарэты. Акрамя таго, у ПК-3 ёсць швейная вытворчасць, таму была магчымасць нешта перашыць. Напрыклад, ушыць дадатковы ўцяпляльнік у целагрэйку, каб у цябе быў не адзін пласт ваты, а тры, і ты не мёрз на зімовых праверках. Можна было зрабіць рукавіцы. Людзі неяк выходзілі з сітуацыі».

Тым, у каго няма сваякоў на волі, даводзіцца разлічваць на свае сілы. Паводле ўспамінаў блогера, пры належным спрыце чалавек «з рукамі» прыкладна за месяц мог зарабіць на дастатковую колькасць цыгарэт, каб потым абмяняць іх на цёплае адзенне.

У розных калоніях патрабаванні да экіпіроўкі могуць адрознівацца, але аснова правіл для ўсіх нязменная: рэчы павінны быць цёмнага колеру, не прыталеныя, без клапанаў на кішэнях, каб правяральшчыку ў любы момант было зручна іх праверыць.

ІК-2

Бабруйская папраўчая калонія № 2. Фота: Tut.by

І калі за выкананнем гэтых нормаў у стаўленні да новапрыбылых сачылі строга, то дасведчаныя сядзельцы ПК-3 маглі атрымаць паблажкі.

«Калі ты даўно сядзіш і зарэкамендаваў сабе як адэкватны чалавек, то ў цябе ёсць поле для манеўру: на нейкія лёгкія памылкі могуць закрыць вочы. Але ўсё ў пэўных рамках, канешне».

«Ты ходзіш ва ўбогіх штанах, ва ўбогай куртцы»

Нягледзячы на любоў да прыгожага і рознакаляровага адзення, Аляксандр без асаблівай цяжкасці прыняў неабходнасць насіць форму. Часу перажываць аб бедным гардэробе ў мужчыны не было: усе вольныя хвіліны ён займаў грамадскай працай — ставіў спектаклі, арганізоўваў «Што? Дзе? Калі?». Ды і цёмныя колеры, якія атачалі яго, неўзабаве сталі здавацца нормай.

«Чалавек да ўсяго прывыкае. Тое, што ўсе ў аднолькавым адзенні, шакуе толькі напачатку, а потым становіцца штодзённасцю».

Калі шмат гадоў хадзіць у адным і тым жа, вялікая рызыка забыцца, кім ты быў да моманту трапляння ў калонію. Ці ад жадання праявіць сваю індывідуальнасць, ці ад нуды асуджаныя пачыналі хітраваць, каб зрабіць сваё адзенне крыху лепшым: нашывалі ўнутраныя кішэні, прышпільвалі курткі, хітра падшывалі стойку каўняра. Але, безумоўна, нават такой «палепшанай» вопраткі было недастаткова.

«Не хапала ўсяго. Ты ходзіш ва ўбогіх штанах, ва ўбогай куртцы. Усё гэта хутка зношваецца. Шалікаў не хапала і нармальных туфляў».

Але найбольш за ўсё Аляксандр сумаваў па якасных мужчынскіх пінжаках, якія насіў да арышту.

«Я не пакутаваў ад таго, што ў мяне дрэннае адзенне, але і задавальнення ад яго таксама не атрымліваў. А калі я надзяваю пінжак, то мне робіцца прыемна — гэтага пачуцця не хапала».

Аляксандр Кныровіч

Фота: інстаграм Аляксандра Кныровіча

Нармальнае адзенне выклікала страх

Амаль за пяць гадоў, праведзеных у зняволенні, Аляксандр прывык да турэмнай робы, таму вяртанне да звычайнага адзення было спалучана са стрэсам.

«Нармальнае адзенне выклікала страх. Вяртанне да таго, ад чаго адвык, было спалучана са зломам унутранага бар'ера».

Першымі рэчамі, якія блогер купіў на волі, сталі блакітныя джынсы, ярка-жоўтая байка і каляровыя красоўкі. Так Аляксандр спрабаваў кампенсаваць шматгадовую адсутнасць колеру. Ён прызнаецца, што цяпер атрымлівае асалоду ад розных колераў і да гэтага часу аддае перавагу яркай вопратцы.

Гэта не асаблівае стаўленне да зняволеных. Гэта агульныя адносіны дзяржавы да чалавека

Такая сітуацыя з формай асуджаных — вынік стылю працы беларускіх чыноўнікаў і адсутнасці законаў, лічыць Аляксандр:

«Нават калі ў краіне існаваў бы закон і нормы права выконваліся б, форма ў калоніях усё роўна існавала б. Іншае пытанне, што гэта адзенне было б якасным. Ніхто не прапаноўваў бы замест абутку калодкі, якія калечаць ногі, ці рэчы, якія немагчыма насіць».

Разважаючы аб якасці рэчаў, блогер праводзіць паралель паміж робамі зняволеных і аднолькавымі шэрымі касцюмамі «слуг народа».

«Паглядзіце на нашых чыноўнікаў: на ўсіх пасяджэннях яны і самі сядзяць у гэтых цёмных убогіх строях. Унутры калоніі аднолькавая форма сцірае асобу, але ж і за яе межамі адбываецца тое самае».

Аляксандр адзначыў, што гісторыі пра адзенне ў кожнай калоніі будуць адрознівацца — усюды свае правілы і метады іх абыходу, але форма дрэнная ўсюды — таму, што да яе распрацоўкі падыходзяць абыякава.

«Не думаю, што турэмнае адзенне спецыяльна распрацавана так, каб мучыць людзей. Проста ў нашай краіне ўсё так робіцца: так сеюць жыта і ўбіраюць яго, так ствараюць МАЗы, якія потым гараць. І ўсім напляваць — птушачка пра выкананую працу стаіць».

Каментар псіхолага: «Аднолькавае цёмнае адзенне падкрэслівае, што «тут ты ніхто»

Псіхолаг, заснавальніца інстытута псіхатэрапіі ў Вільні Ганна Матуляк расказала, ці сапраўды нашэнне формы ўплывае на псіхалагічнае здароўе зняволеных.

Ганна Матуляк

Фота: інстаграм Ганны Матуляк

«Адзенне — гэта спосаб расказаць свету пра сябе: пра свае пачуцці, свой настрой, сваю ідэнтычнасць. У сваю чаргу, форма акцэнтуе ўвагу не на асобе, а на функцыі чалавека. Аднолькавае цёмнае адзенне беларускіх зняволеных падкрэслівае, што індывідуальнасць чалавека нічога не значыць, што «тут ты ніхто». Так рэалізоўваецца спроба сцерці асобу і прымусіць чалавека адчуваць сябе нікім, размазаць яго, знішчыць, — тлумачыць гештальт-тэрапеўт.

— Таму людзям, якія апынаюцца ў зняволенні, важна прыкладаць дадатковыя намаганні, каб не проста выжыць і захаваць здароўе, але яшчэ і не страціць сябе. Трэба згадваць, кім чалавек быў да арышту, спрабаваць захоўваць сувязь з сабой — як бы гэта складана ні было».

На жаль, пакуль у Беларусі не зменіцца стаўленне да асуджаных і чыноўнікі не пачнуць бачыць у іх грамадзян з пэўнымі правамі, гісторыі пра карнае адзенне застануцца.

Чытайце таксама:

«За мяне не перажывайце, я нікога не забіла і нічога не ўкрала». Пенсіянерку будуць судзіць паводле пяці крымінальных артыкулаў за каментары

Былы палітвязень зрабіў 3D-мадэль камеры на Валадарцы

«Рэцыдывіст параіў ні ў якім выпадку не прызнавацца». Прафесар Алег Латышонак — пра тое, як сядзеў у польскай турме за часамі «Салідарнасці»

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?