Яшчэ 21 ліпеня Наталля Барысавец працягвала распраўляцца з палітычнымі апанентамі ў Талачынскім раёне. Тады яна прысудзіла штраф памерам 1110 рублёў шматдзетнай маці, пакараўшы яе за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». А літаральна праз два тыдні яе ўжо прадстаўлялі на новай пасадзе новаму калектыву — яна стала старшынёй Сенненскага раённага суда. Былую старшыню гэтага суда Іну Досаву перавялі ў шараговыя суддзі.

На старым месцы працы ў Талачынскім райсудзе Наталлі Барысавец даручалі разбіраць палітычныя адміністрацыйныя справы. Так, штрафам памерам 30 базавых велічынь яна пакарала маці траіх дзяцей Вікторыю Казун за тое, што тая мела на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» паведамленні аднаго са СМІ, прызнанага «экстрэмісцкім».

Таксама Барысавец аштрафавала на 2590 рублёў Віталя Шалупіна, электраманцёра з пасёлка Коханава, за тое, што ў сацыяльнай сетцы Facebook ён размясціў выяву бел-чырвона-белых палос. Мужчыну прызналі вінаватым у несанкцыянаваным пікетаванні «з мэтай выказвання сваіх асабістых поглядаў на падзеі грамадска-палітычнага жыцця».

10 красавіка Наталля Барысавец асудзіла да арышту на 7 сутак жыхарку Талачына Кацярыну Васілеўскую за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у інтэрнэце. Акрамя таго, суддзя пастанавіла канфіскаваць «прадмет адміністрацыйнага правапарушэння» — мабільны тэлефон iPhone 6S. Пад арышт жанчына трапіла за падпіску на інтэрнэт-старонку з назвай NEXTA.

Судзілі людзей і за «абразу» самой Наталлі Барысавец. Суд Фрунзенскага раёна Мінска 15 верасня 2021 года вынес прысуд жыхарцы Талачынскага раёна Ганне Хадневіч у выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

У ходзе судовага разбіральніцтва тады прагучала, што, маючы намер на пасягальніцтва на аўтарытэт і гонар суддзі, 30 лістапада 2020 года ў Мінску на вуліцы Чайлыткі праз мабільны тэлефон у сетцы «Аднакласнікі» ў групе «Вусаты таракан» жанчына размясціла паведамленне, у якім дапусціла знявагу суддзі, чым падарвала прэстыж дзейнасці судовай сістэмы.

Суддзя Наталля Барысавец была прызнаная пацярпелай у гэтай справе. Яе дапытвалі праз скайп, і яна казала, што была ў шоку, калі даведалася пра каментары, якія ўбачылі суседзі, сваякі і знаёмыя. Таму адчула вялікія маральныя пакуты, якія ацаніла ў 3 000 рублёў, запатрабаваўшы кампенсацыю. Таксама яна патрабавала прызначыць самае строгае пакаранне для абвінавачванай.

У выніку суд пастанавіў, што Ганна Хадневіч мае выплаціць Наталлі Барысавец 1000 рублёў.

Чытайце таксама:

Суддзю, які асудзіў Ашурка і Аўтуховіча, прызначылі ў Вярхоўны суд 

«Менавіта яны нараджаюць як герояў-пакутнікаў, так і лютых пачвар»

«На ёй былі калготкі ў сетачку». Хто яна, суддзя Чарапанава, — ударніца палітычных прысудаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
5