Average wages in Europe and US

Сярэднегадавыя заробкі ў Еўропе і ЗША. Амерыканцы стабільна багацеюць з 2008 года, а еўрапейцы — не. Крыніца выявы: Organisation for Economic Co-operation and Development

Французы ядуць менш фуа-гра і п'юць менш чырвонага віна. Фінаў заклікаюць наведваць саўны ў ветраныя дні, калі энергія таннейшая. У Германіі спажыванне мяса і малака за апошнія тры дзесяцігоддзі ўпала да самага нізкага ўзроўню. Жыццё на кантыненце, якому іншыя доўгі час зайздросцілі за яго art de vivre, хутка губляе свой бляск, бо еўрапейцы бачаць, як іх пакупная здольнасць змяншаецца.

Рэакцыя ўрадаў толькі пагоршыла праблему. Каб захаваць працоўныя месцы, яны накіравалі свае субсідыі найперш працадаўцам, пакінуўшы спажыўцоў без грашовай падушкі бяспекі. У той жа час амерыканцы, наадварот, здабылі выгаду з недарагой энергіі і дзяржаўнай дапамогі, накіраванай у першую чаргу простым людзям.

Эканоміка Еўропы і ЗША

Паводле звестак Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (у яе ўваходзяць 38 краін, у асноўным багатых), на Еўрапейскі саюз цяпер прыпадае каля 18% усіх сусветных спажывецкіх выдаткаў у параўнанні з 28% на Амерыку. З папраўкай на інфляцыю і пакупную здольнасць заробкі зменшыліся прыкладна на 3% з 2019 года ў Германіі, на 3,5% — у Італіі і Іспаніі і на 6% — у Грэцыі. За той жа перыяд рэальны заробак у ЗША вырас прыкладна на 6%.

Паводле звестак Міжнароднага валютнага фонду, эканоміка Еўразоны вырасла прыкладна на 6% за апошнія 15 гадоў у даляравым выражэнні ў параўнанні з 82% у ЗША. Прычым у еўразоне амаль увесь рост прыпаў на краіны Цэнтральнай Еўропы, якія нядаўна ўступілі ў ЕС, акурат яны імкліва даганяюць «старую Еўропу» па ўзроўні жыцця і даходаў.

Gross domestic product in Europe and US

Валавы ўнутраны прадукт. Эканоміка Амерыкі амаль у два разы перавышае эканоміку Еўразоны. У 2008 годзе яны былі падобныя. Крыніца выявы: International Monetary Fund

Калі цяперашняя тэндэнцыя захаваецца, у 2035 годзе разрыў паміж аб'ёмам вытворчасці на душу насельніцтва ў ЗША і ЕС будзе такім жа вялікім, як сёння паміж Японіяй і Эквадорам.

Улічваючы, што еўрапейскім урадам неабходна павялічыць выдаткі на абарону, эканамісты чакаюць, што ў Еўропе таксама вырастуць і падаткі, што павялічыць ціск на спажыўцоў. Між тым падаткі ў Еўропе ўжо высокія і складаюць каля 40—45% ВУП у параўнанні з 27% у ЗША.

Цэны на прадукты

Немцы летась спажывалі 52 кілаграмы мяса на чалавека, што прыкладна на 8% менш, чым у папярэднім годзе — і гэта самы нізкі ўзровень з моманту пачатку збору статыстыкі ў 1989 годзе. Хоць у нейкай ступені гэта стала вынікам росту папулярнасці вегетарыянства, здаровага харчавання і думкі пра дабрабыт жывёл, эксперты кажуць, што гэтая тэндэнцыя паскорылася і з-за росту цэн на мяса.

Consumption expenditure in Europe and US

Спажывецкія выдаткі. Амерыканцы трацяць усё болей, тады як расходы еўрапейцаў не павышаюцца. Крыніца выявы: World Bank

Паказальна, што менавіта ў Еўропе з'явілася шмат ініцыятыў па продажы пратэрмінаваных прадуктаў за паўцаны. Гэта спосаб скараціць колькасць харчовых адкідаў, а таксама ашчадзіць грошы.

TooGoodToGo — кампанія, заснаваная ў Даніі ў 2015 годзе, якая прадае рэшткі ежы з рознічных магазінаў і рэстаранаў — мае 76 мільёнаў зарэгістраваных карыстальнікаў па ўсёй Еўропе, што прыкладна ў тры разы больш, чым на канец 2020 года.

Еўрапейцы аддаюць перавагу вольнаму часу, а не высокім заробкам

Еўрапейцы цэняць свой вольны час, які аддаюць сям’і, хобі, гатаванню ежы і шпацырам. Многія не гатовыя перапрацоўваць для таго, каб атрымаць больш высокі заробак.

Еўрапейцы агулам працуюць менш, чым амерыканцы, гэта ўжо ўвайшло ў звычку.

Нямецкі прафсаюз IG Metall — адзін з найбуйнейшых прафсаюзаў свету, які налічвае больш за два мільёны чалавек і аб’ядноўвае работнікаў металургічнай, тэкстыльнай, дрэваапрацоўчай і пластмасавай прамысловасці — заклікае да чатырохдзённага працоўнага тыдня пры цяперашнім узроўні заработнай платы, а не да павышэння заработнай платы. Чыноўнікі кажуць, што больш кароткі тыдзень палепшыць здароўе і якасць жыцця работнікаў, а таксама зробіць галіну больш прывабнай для маладых работнікаў. Аднак апытанне, праведзенае інстытутам Forsa, паказала, што за чатырохдзённы працоўны дзень выказаліся 42 працэнты немцаў, а супраць — 55.

 

Чытайце яшчэ:

Буйныя гандлёвыя сеткі — фабрыка стварэння адкідаў. І яны ўпарцяцца

Якім стане свет, калі кожны атрымае базавы даход, а руцінную працу будзе выконваць штучны інтэлект? Адказы шукае фільм «Пасля працы»

Клас
14
Панылы сорам
6
Ха-ха
5
Ого
12
Сумна
4
Абуральна
6